Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 26 ліпеня


Дзьмітры Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва.

Прывітаньне! Падзеі, думкі, выказваньні, розная інфармацыя зь беларускага Інтэрнэту дня сёньняшняга, 26 ліпеня.

У ЖЖ суполцы minsk_by (http://community.livejournal.com/minsk_by) нехта sexecutor выклаў такое паведамленьне: “Кватэру маці актывісткі БУНТ Тацьцяны Елавой пагражаюць узламаць невядомыя. Каля пад’езду стаіць машына з супрацоўнікамі міліцыі. Вялікая просьба да журналістаў і неабыякавых людзей! Тацьцяне Елавой патрэбна дапамога і падтрымка, яе адрас: Менск, вул.Варанянскага, д. 4/1-89”.

Трывожнае паведамленьне на сайце www.bulletinonline.org: у Сьветлагорску затрымалі сьмяротна небясьпечны наркотык. Трыметылфэнтаніл у сотні разоў мацнейшы за гераін. Як мяркуюць спэцыялісты, ён выклікае хуткае прывыканьне і цяжкія наступствы для здароўя чалавека. Новы сынтэтычны наркотык выклікае значны рост артэрыяльнага ціску, які потым падае практычна да нуля… Як паведамляе прэсавая група міліцыі, падобны наркотык упершыню выяўлены на тэрыторыі Гомельскай вобласьці.

У жывым журнале суполкі by_mob (community.livejournal.com/by_mob ) карыстальнік solaris_by прапануе заўтра, 27 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Беларусі, упрыгожыць горад бел-чырвона-белымі стужкамі. “Давайце пакажам, што мы не забыліся пра сапраўдны Дзень Незалежнасці!” — піша ён.

Калі вам хочацца пабачыць дэпутата Мікалая Чаргінца на фону будынку штаб-кватэры НАТО, раю вам зайсьці на пэрсанальны сайт палітыка й пісьменьніка www.cherginets.by Там жа шмат іншых фотадакумэнтаў з тых краінаў, якія не ўхваляюць цяперашні дзяржаўны лад у Беларусі. Ды й ня пусьцяць зараз туды дэпутата…

Форум парталу tut.by (forums.tut.by ), тэма “Падарожжы і турызм”. allabochum раіць, што можна паказаць гасьцям Менску: “Для пачатку трэба самім пазнаёміцца з гісторыяй гораду. Набудзьце квіткі на экскурсію па горадзе. Звазіце абавязкова ў Вязынку: замежнікам падабаецца назіраць нашае жыцьцё без прыўкрас. Прадэклямуйце вершык Купалы, няхай госьці адчуюць энэргетыку нашай мовы”.

У ЖЖ суполцы minsk_by нехта mr_st (mr-st.livejournal.com ), спасылаючыся на супрацоўніка ДАІ, піша: “Нарады ДАІ будуць адсочваць факты незаконнай перавозкі сельскагаспадарчай прадукцыі. Таму нават калі аўтамабіліст вязе бульбу са свайго лецішча, ён павінен мець дакумэнт, выдадзены органамі мясцовай улады, які б пацьвярджаў, што гэты ураджай вырашчаны на асабістым падворку”. “Цікава, — дзівіцца mr_st, — у гэтай краіне хто-небудзь чуў пра такую завумную штуку, як прэзумпцыя невінаватасьці?”

Надзвычай нечакана было знайсьці ў форуме на сайце парталу для бацькоў-беларусаў “Нашыя дзеткі” (dzietki.staronki.com ) тэму аб сёлетнім “Басовішчы”. Што да іншага, дык тут вы можаце абвесьціць у календары на ўвесь сьвет аб нейкай значнай падзеі ў вашым бацькоўскім жыцьці ці, напрыклад, сьпісаць тэксты калыханак.

Дасылайце нам свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітры Падбярэскі, шчэ сустрэнемся…
XS
SM
MD
LG