Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Салігорскія шахтары ня ведаюць умоваў кантракту з Кітаем


Міхал Стэльмак, Менск Беларусь аднаўляе экспарт калійных угнаеньняў. Кантракт на пастаўку прадукцыі “Беларуськалію” падпісаны з Кітаем. Ці зьяўляецца гэтая зьдзелка выгаднай? Што чакаюць ад яе ў Салігорску?

У 2006 годзе Беларусь паставіць Кітаю 1 мільён 100 тысяч тон калійных угнаеньняў. Як паведаміў 25 ліпеня першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, гэта стала вынікам дамоўленасьцяў з Кітаем “Беларускай калійнай кампаніі”. Ці выгадны кантракт для беларускага боку? Па якой цане будуць рэалізоўвацца беларускія ўгнаеньні кітайскім спажыўцам? З такімі пытаньнямі карэспандэнт “Свабоды” зьвярнуўся ў менскі офіс кампаніі:

(Супрацоўніца: ) “Не, мы не даём інфармацыі, і ніякіх камэнтароў таксама”.

Дарэчы, інфармуючы пра зьдзелку з кітайцамі, спадар Сямашка паведаміў, што яна нібыта заключана на “прыймальных” для беларускага боку ўмовах. Аднак назваць кошт продажу адной тоны беларускай прадукцыі ён таксама адмовіўся.

Між тым, нагадаю, якраз гэты кошт і стаўся галоўным прадметам рознагалосьсяў на двухбаковых перамовах. Першапачаткова “Беларуская калійная кампанія” вырашыла ў 2006 годзе збываць Кітаю калійныя ўгнаеньні па 205 даляраў за тону, што на 40 даляраў вышэй за цану мінулага году.

Каля 9 месяцаў бакі не знаходзілі паразуменьня. Гэта дэстабілізавала дзейнасьць “Беларуськалію”. Прадпрыемства пачало працаваць на склад. У такіх варунках ягонае кіраўніцтва мусіла часткова спыніць працу руднікоў, якіх тут чатыры. Паводле зьвестак кіраўніка салігорскай філіі Беларускага Хэльсынскага камітэту Леаніда Мархоткі, у шахтараў упалі заробкі:

(Мархотка: ) “Яны там плацяць ім сярэдні заробак, але людзі губляюць “начныя”, потым, раз няма адгрузкі, – “экспартныя”.

Доўгая адсутнасьць кантракту з Кітаем спарадзіла нэгатыўныя наступствы, паводле цьверджаньня экспэртаў, і для ўсяе краіны. Паводле статыстыкі, у першым паўгодзьдзі агульны экспарт Беларусьсю калійных угнаеньняў упаў на чвэрць. З прычыны зьніжэньня падатковых паступленьняў дзяржаўная казна панесла значныя валютныя страты. Каб прадухіліць іх у далейшым, беларускае кіраўніцтва, на думку экспэртаў, і мусіла заключыць кантракт з Кітаем на ўмовах, найперш, чужой краіны. Дарэчы, пра новую цану паставак калійных угнаеньняў Кітаю ня быў паінфармаваны, як вынікае з тлумачэньня прафсаюзнага кіраўніка Сьцяпана Івашкевіча, нават працоўны калектыў “Беларуськалію”:

(Івашкевіч: ) “Гэта зьяўляецца прэрагатывай ураду. Лічбы не называюцца. Адно толькі сказана, што цана павялічылася ў кантракце – у параўнаньні з той цаной, якая была летась. Натуральна, зьменіцца й рэжым працы нашых рудаўпраўленьняў – давядзецца працаваць на поўную нагрузку”.
XS
SM
MD
LG