Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Замежныя мэдыі – пра наступствы рэкорднай сьпёкі ў Эўропе


Тацяна Поклад, Прага Сьпёка, якая апанавала Эўропу – у ліку галоўных тэмаў на старонках замежнай прэсы. У Парыжы, Лёндане і Бэрліне тэмпэратура дасягае рэкорднай вышыні, небясьпечнай для здароўя людзей. Спэцыялісты прагназуюць страты ураджаю і магчымыя праблемы з электраэнэргіяй.

Тым часам у Беларусі не адчуваецца занадта вялікай гарачыні – надвор’е цёплае, але тэмпэратура не перавышае 30 градусаў па Цэльсію. У Заходняй, Цэнтральнай і Паўдзённай Эўропе два гады таму лета таксама было вельмі сьпякотнае, а сёлета ізноў ідзе гаворка пра рэкордна высокія тэмпэратуры.

На гэтым тыдні рэкорд 1911 году на самую высокую тэмпэратуру ў ліпені быў пабіты ў вялікай Брытаніі: 36,5 градусаў па Цэльсію было зафіксавана ў вёсцы Ўізьлі (Wisley) у графстве Сурэй (Surrey). Ёсьць фотаздымкі шоўмэна Марка Вэнса (Mark Vance), – які носіць поўны камплект рыцарскіх латаў і якога "The Daily Express" назвала “чалавекам з самай гарачай працай”, – калі ён смажыў яешню проста на нагрудніку ад сваіх латаў, гэтак іх распаліла сонца.

Наш лёнданскі карэспандэнт Джэн Джун распавядае пра іншыя дзівосы, да якіх спрычынілася сьпёка:

(Джун:) “На Корнуэльскім узьбярэжжы зьявіліся вялікія стаі трапічных рыбаў, акулы ў незвычайнай колькасьці песьцяцца на сонцы. Цікава, што людзі ў Брыстолі паскардзіліся на нейкую вадкасьць, якая пачала цячы са столяў – высьветлілася, што гэта пчаліны мёд, які ад гарачыні пацёк з гнёздаў”.

У Галяндыі, падобна, гэты ліпень будзе самы сьпякотны за апошнія 300 гадоў – акурат ад таго часу, калі тут пачалі фіксаваць тэмпэратуру. Падобная сытуацыя і ў Нямеччыне – ў многіх месцах краіны тэмпэратура дасягае рэкорднае вышыні.

Больш за ўсё выпадкаў сьмерці ад гарачыні ў Эўропе цягам апошніх двух тыдняў было ў Францыі, так што прыгадваецца сьпёка 2003 году, якая тут забрала 15 000 жыцьцяў.

Сёлета маецца яшчэ адна асаблівасьць – ня проста занадта высокая тэмпэратура, але і рэкордная працягласьць сьпякотнага пэрыяду. Гэтак ў Францыі сёлета не такая высокая тэмпэратура, як ў першыя тыдні жніўня 2003 году, але сёлета небясьпечная гарачыня трывае даўжэй. Цягам апошніх шасьці тыдняў у Францыі быў самы працяглы пэрыяд тэмпэратуры, якая перавышае норму, за ўвесь той час, ад якога пачаліся запісы надвор’я.

І сьпякотны пэрыяд будзе працягвацца – да прыкладу, на захадзе Францыі, згодна з прагнозамі, тэмпэратура будзе павышацца. Газэта "Le Parisien" прысьвяціла пяць старонак гарачыні, у тым ліку парадам мэдыкаў – да прыкладу, раіцца як мага часьцей змочваць вадой ногі і рукі, калі трэба хадзіць па горадзе у сьпёку.

Апрача небясьпекі для здароўя, гарачыня пагражае ураджаю і запасам энэргарэсурсаў. Улады многіх эўрапейскіх краінаў ужо папярэдзілі пра неабходнасьць эканоміць электраэнэргію, таму што на кандыцыянэры яе спажываецца, бадай, больш, чым на ацяпленьне халоднай зімой.

АЭС ў Францыі і Гішпаніі зьнізілі вытворчасьць электраэнэргіі, таму што вада, якая патрэбная для ахалоджваньня рэактараў, занадта цёплая. Паніжэньне ўзроўню вады на рацэ По выклікала праблемы на ГЭС, і ў выніку нястачы электрычнасьці ў Рыме не маглі працаваць кандыцыянэры, нечакана спыніліся ліфты, зь якіх давялося вызваляць людзей.

Апрача таго, сьпёка пагражае лясам і ўраджаю. Сёлета ўжо былі пажары ў лясах, прычым ня толькі на поўдні, але і ў балтыйскіх краінах. Пацярпелі лясы і на Корсіцы ў Міжземнамор’і, і ў Чэхіі, і ў Фінляндыі і Швэцыі, – ад поўдня да Скандынавіі і Балтыйскага рэгіёна. У Польшчы прагназуюцца страты 20% ураджаю збожжа, у Нямеччыне – да 50%.
XS
SM
MD
LG