Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Бураўкін: “Янка Брыль – гэта назаўсёды!” (фота)


Валянціна Аксак, Менск Сёньня пачалося разьвітаньне з народным пісьменьнікам Беларусі Янкам Брылём. Згодна з запаветам памерлага, разьвітаньне адбываецца ў ягонай менскай кватэры па вуліцы Дразда, 8.

Для магутнай постаці Янкі Брыля выдаюць замалымі і ягоная апошняя менская двухпакаёўка, і стандартная дамавіна. Ягоная веліч не ўштукоўваецца ў звыклыя парамэтры нават на Божай пасьцелі. Да якое сёньня ад паўдня ідуць й ідуць людзі.

Віцебская студэнтка Тацяна, дачуўшыся пра страту любімага пісьменьніка, адмыслова прыехала ў Менск.

(Тацяна: ) “Я прыйшла разьвітацца зь Янкам Брылём таму, што гэта пісьменьнік, які заўсёды змагаўся за свабоду, наш нацыянальны пісьменьнік-змагар”.

А знанаму літаратуразнаўцу прафэсару Белдзяржунівэрсытэту Зьмітру Бугаёву на апошняе спатканьне са сваім кумірам трэба было толькі сысьці з чацьвёртага на другі паверх. Ён шчасьлівы, што ня толькі чытаў і дасьледаваў творы Янкі Брыля, але й быў ягоным суседам.

(Бугаёў: ) “Яго як сустрэнеш, дык настрой адразу ўздымаецца: адчуваеш чалавека, выдатнага ва ўсіх адносінах. І яшчэ было такое ўражаньне: калі Брыль ёсьць – значыць ёсьць нейкая маральная абарона. Ёсьць маральная абарона, і – ты, нібы за сьпінай гэтага выдатнага чалавека, выдатнага пісьменьніка”.

Студэнтка БДУ Алена прыйшла зь сяброўкаю. Яна хавае сьлёзы ў бел-чырвона-белым букеце й ад хваляваньня ня можа гаварыць.

(Алена: ) “Вельмі паважаю гэтага пісьменьніка, таму мы зайшлі разьвітацца зь ім…”

Ля труны клясыка беларускай літаратуры й сапраўднага грамадзяніна сваёй краіны схілены ў жалобе паэты Анатоль Вярцінскі й Сяргей Законьнікаў, празаікі Анатоль Кудравец і Ўладзімер Арлоў, мовазнаўца й дыплямат Пятро Садоўскі й публіцыст Валянцін Блакіт…

Людзкая плынь у маленькую кватэру гушчэла сёньня з кожнаю хвілінай. Знаёмыя й незнаёмыя прыхільнікі творчасьці, студэнты й палітыкі, суседзі й калегі-пісьменьнікі.

Пра сваю асабістую й агульнанародную страту гаворыць паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін:

(Бураўкін: ) “Я проста ня мог не зьдзіўляцца, як ён усё чытае, за ўсім сочыць, як ягонае сэрца адкрыта да ўсяго, што тычыцца беларускай справы, і як ягоны розум вельмі дакладна й вельмі мудра высьвечвае і добрае, і дрэннае. Івана Антонавіча нам будзе не хапаць. Але як быў ён прыкметнаю асобай у нашым беларускім жыцьці, так ён і застанецца такой асобай, на якую мы доўга будзем азірацца, якой будзем ганарыцца, з кім будзем раіцца. Гэта ўжо цяпер – назаўсёды!”

Пахаваньне Янкі Брыля адбудзецца заўтра, 27 ліпеня, на могілках прыменскай вёскі Калодзішчы. Вынас цела нябожчыка з кватэры а 14-й гадзіне.









XS
SM
MD
LG