Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратары, палітыкі, мастакі – на спамін пра Янку Брыля


Галіна Абакунчык, Менск Гэтымі днямі Беларусь разьвітваецца зь Янкам Брылём. Народны пісьменьнік, клясык беларускай літаратуры памёр 25 ліпеня на 89-м годзе жыцьця. На спамін пра Янку Брыля гавораць вядомыя ў краіне літаратары, палітыкі й мастакі. Многія вядомыя палітыкі й творцы былі асабіста знаёмыя зь пісьменьнікам і нават сябравалі зь ім.

Вось як згадвае Янку Брыля мастак Гаўрыла Вашчанка:

(Вашчанка: ) “Я зь дзяцінства памятаю яго як пісьменьніка, калі я быў яшчэ вучнем палескай школы. А калі прыехаў у Менск, то асабіста пазнаёміўся зь Янкам Брылём. Гэта было на ягоным лецішчы на Нёмане, дзе ён калісьці партызаніў. І цяпер я вельмі шкадую, што са сьвету сышоў такі магутны пісьменьнік і грамадзянін, які ўсім сэрцам любіў жыцьцё й радзіму”.

Пра свае сустрэчы са знакамітым празаікам гаворыць навуковец Адам Мальдзіс:

(Мальдзіс: ) “Зь Янкам Брылём лёс пазнаёміў мяне, калі я быў студэнтам трэцяга курса аддзяленьня журналістыкі БДУ. Мы, студэнты, ладзілі чытацкую канфэрэнцыю паводле твораў Брыля. Відаць, мой выступ яму спадабаўся, і Брыль ахвотна падпісаў мне сваю кнігу. Безумоўна, Іван Антонавіч быў нашым сумленьнем, безумоўна, мы ўсе раўняліся на яго ў грамадзянскай пазыцыі, у літаратурнай творчасьці, у праўдзівасьці. Бо гэта цэлая эпоха ў беларускай літаратуры”.

Палітык Станіслаў Шушкевіч называе Янку Брыля ўвасабленьнем беларускасьці, разумным дарадцам і добрым суседам.

(Шушкевіч: ) “Я больш за дзесяць гадоў жыву ў адным доме зь Янкам Брылём, і мы даволі часта сустракаліся: ён па газэты, бывала, спускаўся, гаварыў, як паедзе ў сваю вёску й будзе там лета праводзіць. Ён для мяне быў узорам беларускага спакою й беларушчыны наагул. Ён ніколі не гаварыў так, каб на яго нехта зьвярнуў увагу. І прыемна было бываць у яго дома. Бо заўсёды ты адчуваў, што гаворыш з добрым чалавекам, які альбо нічога не параіць, альбо дасьць добрую параду”.

Мастак Васіль Шаранговіч падрыхтаваў да друку сваю кнігу ўспамінаў, у якой асобнае месца адведзена згадкам пра сяброўства зь Янкам Брылём.

(Шаранговіч: ) “Мне вельмі пашчасьціла ў жыцьці, бо любая сустрэча й гутарка зь Іванам Антонавічам давала надзею, натхняла на творчасьць. Гэта сапраўдны беларус, які любіў сваю радзіму й уславіў яе. Для любога народу такія асобы зьяўляюцца пуцяводнай зоркай. Жыцьцё Янкі Брыля – яркая старонка беларускай літаратуры – гэта магутная фігура на яе небасхіле”.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў прыгадвае, што менавіта Янка Брыль быў рэцэнзэнтам ягоных першых твораў, а затым літаратурным дарадцам і настаўнікам.

(Арлоў: ) “Янка Брыль быў бясспрэчным ня толькі літаратурным, але й маральным аўтарытэтам. Маё пакаленьне вельмі высока цэніць грамадзянскую пазыцыю Брыля. Адрозна ад многіх маладых калегаў, ён не баяўся ставіць свайго подпісу пад лістамі ў абарону палітвязьняў. Ён лічыў ніжэй за сваю годнасьць друкавацца ў сэрвільных выданьнях. У 80 гадоў Брыль бліскуча выступіў на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Янка Брыль быў з тых людзей, якія ўвасаблялі ў сабе цэлую эпоху, цэлае стагодзьдзе. І гэтае стагодзьдзе паўстане перад намі са старонак не друкаванага пры жыцьці дзёньніка незабыўнага Івана Антонавіча”.
XS
SM
MD
LG