Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі працягваецца рост эканамічнай злачыннасьці


Радыё Свабода У Беларусі каля 45 тысяч зьняволеных. Паводле паказчыка колькасьці асуджаных на тысячу жыхароў, краіна застаецца ў пяцёрцы ўсясьветных лідэраў. Сярод тэндэнцыяў 2006 году ў галіне злачыннасьці – трывалае пабольшаньне эканамічных злачынстваў.

Рост злачыннасьці ў Беларусі назіраецца з пачатку 1990-х гадоў і, паводле адмыслоўцаў, гэтая тэндэнцыя не пераадолена. Штогод у краіне заводзяць каля 260 тысяч крымінальных спраў, і ў выніку цяпер за кратамі знаходзіцца за 45 тысяч грамадзянаў. Яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч адбываюць умоўнае пакараньне, ці засуджаны на частковае абмежаваньне волі.

Шэсьць месяцаў 2006 году, з папярэдняй міліцэйскай статыстыкі, пацьвярджаюць пэсымістычныя прагнозы: за паўгода колькасьць зафіксаваных злачынстваў перавышае аналягічны паказьнік сярэдзіны мінулага году. Адмыслоўцы зазначаюць, што не мяняецца й структура злачыннасьці: пераважным відам застаюцца крадзяжы маёмасьці – болей за 65 %, пабольшала эканамічных злачынстваў, узрасла карупцыя.

Да эканамічных прычын, якія спараджаюць злачыннасьць, акрамя беднасьці, варта дадаць і прыклад, пасьлядоўна дэманстраваны беларускай дзяржавай, – мяркуе вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук.

(Раманчук: ) “Раней дзяржава выкрадала грошы ў выглядзе інфляцыі, потым – у выглядзе розных курсавых значэньняў. І да гэтага часу дзяржава стымулюе схемы, згодна зь якімі буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы бяруць зь бюджэту грошы, а потым нічога не вяртаюць. Пры гэтым, малыя фірмы, прадпрымальнікаў караюць вельмі жорстка.

Так, мы кажам, што беднасьць зьяўляецца асноўнай прычынай злачыннасьці. Але за апошнія пяць гадоў Беларусь стала больш заможнай краінай, а злачыннасьці меней не стала. Менавіта адрыў дэкляраванай маралі ад сапраўдных паводзін я лічу галоўнай прычынай таго, што ў нас квітнее злачыннасьць”.

Днямі ў Вярхоўным судзе пачаўся працэс над Канстанцінам Часнавіцкім, былым генэральным дырэктарам аб’яднаньня “Палімір” – лідэрам нафтаперапрацоўчай прамысловасьці краіны. Паводле сьледзтва, спадар Часнавіцкі нібыта накраў болей за мільён даляраў. Два гады таму ў Беларусі судзілі былую кіраўніцу спраў прэзыдэнта Жураўкову, якая выкрала больш за 3 мільёны.

Адмыслоўцы адзначаюць, што падобныя гучныя працэсы сталі прыкметай краіны, але яны не спынілі росквіту карупцыі сярод вышэйшых кіраўнікоў. На думку вядомага праваабаронцы Гары Паганяйлы, сапраўдная барацьба з карупцыяй у Беларусі ў палітычных мэтах падмененая імітацыяй:

(Паганяйла: ) “Сродкі крымінальнага перасьледу выкарыстоўваюць толькі дзеля таго, каб запалохаць чыноўніцтва й дырэктарскі корпус. Каб кожны ведаў, што на кожнага зьбіраюць кампрамат, і ў любы час любога можна прыхлопнуць, як муху на шкле”.

Паводле міжнароднай арганізацыі “Transparency International”, якая вызначае ўзровень карупцыйнасьці дзяржаў сьвету, Беларусь за апошнія два гады апусьцілася паводле карупцыйнасьці з 53 на 69 радок.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG