Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янку Брылю ў “Кнігарні пісьменьніка” заўсёды пакідалі каляндар “Родны край”


Радыё Свабода Сёньня наш карэспандэнт наведаў менскую “Кнігарню пісьменьніка” й пагутарыў з пакупнікамі й супрацоўнікамі крамы пра творчасьць і асобу народнага пісьменьніка Беларусі Янкі Брыля. Падаём ягоны рэпартаж.

У разьдзеле “Беларуская літаратура” менскай “Кнігарні пісьменьніка” я знайшоў тры кнігі аўтарства Янкі Брыля. Гэта нядаўна перавыдадзены раман “Птушкі і гнёзды”, а таксама “Сьцежкі, дарогі, прастор” і “Зь людзьмі сам насам”. Для супрацоўніцаў кнігарні вестка пра сьмерць клясыка беларускай літаратуры стала нечаканай. Гаворыць прадавачка Сьвятлана Цішкевіч:

(Цішкевіч: ) “Нашая дырэктарка Ірына Пятроўна й Янка Брыль сябравалі. Ён тэлефанаваў апошнім часам, пытаўся адрыўны каляндар “Родны край” (мы заўсёды яму пакідалі). Ягоныя кнігі карыстаюцца попытам, бо гэта ж клясыка. І ў школе праходзяць, і так людзі цікавяцца. Сама я блізка зь Іванам Антонавічам не была знаёмая. Я думаю, што ён як пісьменьнік-клясык і як чалавек вельмі добры”.

(Карэспандэнт: ) “ А хто пераважна чытачы ягоных кнігаў? Гэта школьнікі, студэнты?”

(Цішкевіч: ) “Ведаеце, тут няма абмежаваньняў. Гэта і школьнікі, і студэнты, і людзі ва ўзросьце. Тыя, хто цікавіцца беларускай літаратурай”.

З кнігарні выходзіў спадар сярэдняга веку. Як высьветлілася, вялікі аматар беларускай літаратуры. Я запытаўся ў яго:

(Карэспандэнт: ) “Памёр народны пісьменьнік Беларусі Янка Брыль.Ці знаёмы вы зь ягонай творчасьцю й наколькі важкая гэта асоба ў беларускай літаратуры?”

(Спадар: ) “Янка Брыль… “Птушкі і гнёзды”. Я гэта чытаў у даўнія часы, яшчэ гадоў 30 таму. Гэта невядомая гісторыя пра Заходнюю Беларусь, пра ягоную службу ў Войску польскім, пра палон і г.д. Ён вядомы беларускі пісьменьнік і вялікая страта для ўсёй беларускай літаратуры”.

(Карэспандэнт: ) “Цяперашнія ўлады належным чынам ацанілі ягоную творчую спадчыну?”

(Спадар: ) “Вы ж самі ведаеце адносіны ўладаў да творчасьці беларускіх пісьменьнікаў. Не, я так ня думаю”.

А вось меркаваньне яшчэ адной чытачкі пэнсійнага веку пра творы Янкі Брыля.

(Спадарыня: ) “Ён беларус, ён любіць беларускі народ. Паглядзіце ягоныя творы – усе менавіта народныя. Усе дыхаюць беларускім духам. Таму, калі паміраюць такія людзі… Але я нічога пра гэта пакуль ня чула”.
XS
SM
MD
LG