Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка вымушаны быў жорстка пакараць Казуліна...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 23 ліпеня 2006 году.

Адна з асноўных тэмаў нашай пошты апошняга тыдня – прысуд былому кандыдату на прэзыдэнта Аляксандру Казуліну. 13 ліпеня апазыцыйны палітык, прафэсар, былы рэктар Белдзяржунівэрсытэта быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Як гэтае пакараньне ацэньваюць слухачы Свабоды? Ці лічаць яго справядлівым?

Пачну сёньняшнюю размову з двух лістоў на гэту тэму, у аўтараў якіх – супрацьлеглыя меркаваньні наконт асобы Аляксандра Казуліна і ягоных палітычных пэрспэктываў.

“Гэта – жорсткая бязьлітасная помста адукаванаму і сумленнаму чалавеку",– лічыць Яўген Бажко зь Менску.—"У нас нават самыя адпетыя зладзюгі і хуліганы атрымліваюць умоўныя пакараньні альбо “хімію”. А тут вядомы палітык, навуковец, былы міністар і рэктар галоўнага ўнівэрсытэта асуджаны на пяць з паловай гадоў турмы за тое, што разьбіў партрэт Лукашэнкі. Усім зразумела, чаму так адбылося.

Аляксандар Казулін – мужны чалавек. Ён, вядома, здагадваўся, чым усё можа для яго скончыцца. І ўсё ж пайшоў да канца. Яго не зламалі, не прымусілі адступіць. Усе сумленныя людзі, якія хочуць зьменаў, павінны цяпер аб’яднацца і дамагчыся вызваленьня Казуліна. Гэтае імя можа аб’яднаць нас. Казулін нават у турме можа застацца кіраўніком апазыцыі, калі толькі людзі захочуць гэтага”,

– напісаў у сваім лісьце на Свабоду Яўген Бажко зь Менску.

Апошняя Ваша, спадар Бажко, заўвага – наконт таго, ці гатова грамадзтва падтрымаць Казуліна – у гэтай сытуацыі выглядае прынцыпова важнай і для палітычнай будучыні самога зьняволенага палітыка, і для дэмакратычнай пэрспэктывы Беларусі ў цэлым. Аднак значных масавых грамадзкіх пратэстаў ні з прычыны арышту палітыка, ні з нагоды цяперашняга жорсткага прысуду ў Беларусі не было. Чаму? Магчыма, адзін з адказаў на гэтае пытаньне ўтрымліваецца ў лісьце іншага нашага слухача – Юрыя Калечыца з Маладэчанскага раёну.

“А на што яшчэ апазыцыя спадзявалася?",— з такога рытарычнага пытаньня пачынае свой ліст на Свабоду Юрый Калечыц.—"Лукашэнка ж усіх іх даўно папярэдзіў: пачынаеце змагацца за ўладу, спрабуеце выбіць з-пад яго крэсла – рыхтуйцеся да самых жорсткіх удараў у адказ. А Казулін хіба заўсёды быў палымяным дэмакратам і прынцыповым змагаром за незалежнасьць? Тыповы намэнклятурны начальнік, рабіў пасьпяховую камсамольскую кар’еру за камуністамі. І прыход Лукашэнкі да ўлады яму не перашкодзіў. Гэта ж Лукашэнка зрабіў яго міністрам, прызначыў на цёплую пасаду. І дзесяць год Казуліна такая сыстэма цалкам задавальняла. А потым яму гэтага падалося мала?

Лукашэнка вымушаны быў жорстка пакараць Казуліна. Гэта неабходна, каб захоўваць дысцыпліну і парадак у шэрагах намэнклятуры. Калі Казуліна цяпер адпусьціць ці пакараць якой-небудзь лагоднай “хіміяй” – дык неўзабаве абавязкова зьявіцца які-небудзь новы здраднік і перабежчык. У асяродзьдзі чыноўнікаў пачнуцца хістаньні, ваганьні.А гэтага ў нашай сыстэме быць не павінна. Вось таму ўсе былыя міністры-здраднікі і атрымліваюць тэрміны на поўную катушку – што Лявонаў, што Чыгір, што Марыніч, што цяпер Казулін. Дараваць – азначала б паказаць сваю слабасьць. А Казулін ведаў на што ішоў. Ня скончыцца для яго турмой усё гэта проста не магло. Калі ён разьлічваў на нешта іншае – значыць, ён альбо ня ведае свайго народа, альбо ня ведае Лукашэнку. І тое, і другое для сур’ёзнага палітыка недаравальнае. За гэтае сваё няведаньне Казулін цяпер і разьлічваецца”, –

гэтак лічыць Юры Калечыц з Маладэчанскага раёну.

Зусім магчыма, спадар Калечыц, што ўлада ў сваіх дзеяньнях кіруецца менавіта такой лёгікай. Прынамсі, лёс вельмі многіх палітыкаў, якія ў мінулым займалі высокія адміністратыўныя пасады ў атачэньні Лукашэнкі, сьведчыць якраз пра гэта. Іншая справа, наколькі такая завядзёнка адпавядае дэмакратычным прынцыпам, у прыватнасьці, праву на свабоду поглядаў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне. А гэта права, між іншым, замацавана нават у дзейнай беларускай Канстытуцыі.

Яшчэ адна праблема – незалежнасьць судовай сыстэмы. Хто ў такім разе выносіць у Беларусі прысуды – судзьдзя ці чыноўнік, ад якога гэты судзьдзя залежны? І калі ў дзяржаве дэ-факта не існуе незалежнага суду, то ці ня варта ў самога беларускага грамадзтва спытаць, ці задавальняе яго такі парадак?

Ліст ад Міхаіла Лекаха з Рыгі – пасьлядоўнага крытыка дэмакратычнай рынкавай сыстэмы і апалягета сыстэмы аўтарытарнай, якая склалася цяпер у Беларусі. Спадар Леках, у прыватнасьці, піша:

“Так, у Беларусі ёсьць праблемы: далёка ня ўсё так, як хацелася б. Але сёньня я ведаю дакладна: калі б Беларусь пайшла шляхам Латвіі альбо Расеі, то сацыяльна-эканамічнае становішча яе было б калі не катастрафічным, дык значна горшым, чым цяпер. У Беларусі ж няма незьлічоных расейскіх багацьцяў, дзе ўсё крадуць і вывозяць за мяжу, а рэсурсы не заканчваюцца.

І калі Вы, спадар Жданко, будзеце сумленным, дык павінны прызнаць, што прэзыдэнт Лукашэнка не дазволіў раскрасьці краіну, забясьпечыў захаванасьць і разьвіцьцё прамысловасьці. Сёньня аб’ектыўна сацыяльна-эканамічнае становішча ў Беларусі лепшае, чым у суседніх краінах.

Зірнем на Латвію. Паводле апублікаванага сьпісу, у Латвіі 600 легальных мільянэраў. На маю просьбу калегі, грунтуючыся на канкрэтных імёнах са сьпісу, прааналізавалі, якім чынам зьявіліся гэтыя багатыя людзі ў самай беднай краіне Эўрапейскага зьвязу. І што ж? 90 працэнтаў наваяўленых латвійскіх мільянэраў такімі ня сталі б, калі б пры абагачэньні не парушалі заканадаўства і ня ўдзельнічалі ў “прыхватызацыі” пад выглядам сумленнай прыватызацыі. Аб’ектыўнасьць патрабуе, каб Беларуская Свабода расказвала аб рэальных працэсах і сацыяльна-эканамічным становішчы ў суседніх краінах”,

– напісаў у сваім лісьце на Свабоду Міхаіл Леках з Рыгі, з Латвіі.

Так, спадар Леках, цяжка ўявіць, каб у сёньняшняй Беларусі ў адкрытым друку быў зьмешчаны пайменны сьпіс беларускіх мільянэраў і каб экспэрты маглі свабодна аналізаваць, якім чынам здабытыя іхныя багацьці. Але калі Вы лічыце, што мільянэраў у Беларусі няма, то глыбока памыляецеся. Думаю нават, што такіх асобаў у Беларусі значна больш, чым у Латвіі. І для саміх беларускіх грамадзянаў гэта – не сакрэт. Назіраючы, як зялёныя зоны ў ваколіцах Менску забудоўваюцца асабнякамі коштам па паўмільёна даляраў кожны, няцяжка здагадацца, якімі прыблізнымі капіталамі валодаюць іхныя гаспадары. Так што стэрэатыпнае ўяўленьне пра Беларусь як краіну, дзе забясьпечана сацыяльная роўнасьць і не адбылося маёмаснае расслаеньне – гэта міт, выкліканы адсутнасьцю інфармацыі.

Ці апярэджвае Беларусь у сацыяльна-эканамічным разьвіцьці сваіх суседзяў? За выключэньнем Украіны – нікога яна не апярэджвае. У Польшчы, Літве і Латвіі ўзровень жыцьця вышэйшы, чым у Беларусі. Пра гэта сьведчаць і зьвесткі міжнародных арганізацыяў, якія вядуць адпаведны маніторынг, і статыстыка саміх гэтых краінаў пра сярэднія заробкі і пэнсіі, ды і звычайныя назіраньні людзей, якія перасякаюць межы і бачаць, як жывецца суседзям. Пра тое, які рэальны стан эканомікі і сацыяльнай сфэры ў той ці іншай краіне, ускосна сьведчыць і такі паказьнік, як патокі міграцыі. Дык вось, ахвотных перасяліцца на сталае жыхарства ў Беларусь з Польшчы ці краінаў Балтыі – адзінкі. А вось рух на Захад зь Беларусі – заўважны і пастаянны.

І апошняе – пра тое, што Лукашэнка ня даў “раскрасьці краіну”. Пагаджуся з Вамі, спадар Леках: не дазволіўшы татальнай прыватызацыі, беларускія ўлады пазьбеглі многіх з тых памылак і сацыяльных узрушэньняў, празь якія прайшлі суседнія краіны, у тым ліку і Расея. Аднак ці пайшло гэта на карысьць беларускай эканоміцы, і ці выйграе ад гэтага беларускае грамадзтва ў пэрспэктыве – пытаньне спрэчнае. Сотні дзяржаўных прадпрыемстваў у Беларусі – стратныя, і вялікім цяжарам вісяць на шыі бюджэту. Немінуча настане момант, калі давядзецца іх альбо прадаваць у прыватныя рукі, альбо зачыняць. Іншымі словамі, рабіць тое ж, што значна раней зрабілі ў суседніх краінах.

На заканчэньне – кароткі ліст ад Мікалая Куксо зь Івянца Валожынскага раёну. Ён піша:

“Я – ня толькі сталы, але і актыўны слухач Радыё Свабода. Галоўныя тэмы, пачутыя па Свабодзе, я пераказваю жыхарам нашага пасёлка нават у лазьні па суботах. Акрамя таго, удзельнічаю ў перадачы “Званкі на Свабоду”. Аднаго разу прагучаў у перадачы “Падарожжы Свабоды”. А ў сьнежні 2001-га году па радыё быў агучаны мой верш. Усё гэта я паведамляю не дзеля пахвальбы, а для таго, каб Вы спагадліва паставіліся да маёй просьбы.

Я пачуў пра кнігу “Плошча”, і вельмі хачу мець яе. Мне 76 год, выяжджаць з хаты прычыны хваробаў цяжка. Вельмі прашу выслаць мне гэту кнігу. Тым больш, што ў тыя дні, калі моладзь пратэставала на Кастрычніцкай плошчы, я вельмі перажываў і ня раз тэлефанаваў Вам на Свабоду”,

– паведаміў у сваім лісьце настаўнік-пэнсіянэр Мікалай Куксо зь Івянца Валожынскага раёну.

На жаль, спадар Куксо, кніга “Плошча” існуе пакуль выключна ў электронным варыянце, і пазнаёміцца зь ёй могуць толькі карыстальнікі інтэрнэту на нашай інтэрнэт-старонцы. Але як толькі кніга “Плошча” будзе надрукавана, мы абавязкова вышлем яе Вам, як аднаму з самых актыўных удзельнікаў нашага клюбу сяброў Свабоды. Бескарысьлівая і самаахвярная праца нашых добраахвотных памочнікаў вельмі дапамагае Свабодзе быць бліжэй да сваіх слухачоў, рэагаваць на іх запыты і пажаданьні.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG