Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адзін дзень у сям’і палітвязьня Цімафея Дранчука (фота)


Іна Студзінская, Менск Цімафея Дранчука арыштавалі 21 лютага, калі ён выйшаў з кватэры купіць кветкі жонцы Вользе, у якой быў дзень нараджэньня. Да кветкавай крамы малады муж не дайшоў… А на 44-ы дзень пасьля арышту ў Цімафея нарадзіўся сын Платон, якога бацька яшчэ й дасюль не трымаў на руках. 5 жніўня Цімафею Дранчуку споўніцца 25 гадоў, і ягоная сям’я спадзяецца адсьвяткаваць гэты дзень разам зь ім на свабодзе.

Актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Цімафея Дранчука абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі й замаху на правы грамадзян. Ад 21 лютага ён знаходзіцца за кратамі ў сьледчым ізалятары КДБ. Суд над актывістамі “Партнэрства” будзе закрытым і пачнецца 28 ліпеня.

Адзін дзень у сям’і палітвязьня правяла Іна Студзінская.

Жонка Цімафея Дранчука Вольга Анцыповіч – карэспандэнтка “Комсомольской правды” в Белоруссии” пазнаёмілася са сваім будучым мужам, дзякуючы працы.

(Вольга: ) “Мы знаёмы зь Цімафеем з 1997 году (гэта адбылося яшчэ ў “Маладым фронце”). Але за пачатак нашых адносін мы лічым 10 сьнежня 2002 году – час акцыі за абарону правоў чалавека. Цімафей у той акцыі ўдзельнічаў, а я пра яе пісала. І вось як у жыцьці выходзіць: цяпер Цімафея судзяць за дачыненьне да незарэгістраванай арганізацыі, якая, нібыта, рабіла замах на гэтыя самыя правы чалавека...”

(Карэспандэнтка: ) “Ведалі ж Вы, пэўна, з моманту знаёмства, што спакойна зь Цімафеем ня будзе...”

(Вольга: ) “Так, але раз гэтак у нас усё складалася, – значыць, мне й ня трэба, каб спакойна было з чалавекам. Значыць, мне патрэбен такі чалавек. А па-другое, я разумела, чым Цімафей займаецца, чым гэта можа пагражаць у нашай краіне. Але заўсёды здаецца, што такое здарыцца не з табой. Я ніколі не магла ўявіць, што буду цяжарная на апошнім месяцы, а прыйдуць людзі, забяруць Цімафея, і я ня буду бачыць яго ўжо вось 5 месяцаў…”

Цімафея Дранчука арыштавалі 21 лютага, калі ён раніцай выйшаў з кватэры купіць кветкі жонцы Вользе, у якой быў дзень нараджэньня. Да крамы з кветкамі малады муж не дайшоў…

(Вольга: ) “Гэта быў апошні месяц маёй цяжарнасьці, і ў такім стане жанчына павінна думаць толькі пра будучае дзіця, пра тое, што набыць, дзе што паставіць... Я ж змушана была думаць, як перадаць перадачу, як пісаць туды лісты, чаму лісты ад Цімафея не даходзяць. І замест таго, каб у інтэрнэце чытаць сайты для маладых бацькоў і замаўляць на будучыню пампэрсы, я чытала, хто што сказаў пра "Партнэрства", у чым іх чарговым разам абвінавацілі. І было вельмі страшна… Мы зь Цімафеем вельмі шмат марылі: сын народзіцца, мы разам будзем дома, як гэта будзе адбывацца. А калі яго забралі, я зразумела, што нічога гэтага ня будзе”.

На 44-ы дзень пасьля арышту ў Цімафея нарадзіўся сын Платон, якога бацька яшчэ ні разу не трымаў на руках. Толькі на 20-ы дзень пасьля зьяўленьня нашчадка бацька ўбачыў яго на фатаздымках.

(Вольга: ) “Зразумела, што стала лягчэй і мне, і Цімафею. Нават у лістах, якія ён пісаў да нараджэньня сына, у кожным радку было шалёнае хваляваньне за тое, як Платон народзіцца. Як бы я ні старалася трымаць сябе ў руках, стрэс быў папросту жудасны. І Цімафей увесь час спадзяваўся, што яго выпусьцяць да таго, як Платон павінен нарадзіцца, і ён мяне падтрымае – і ўсё будзе добра. Пакуль Платон не нарадзіўся, я пісала Цімафею лісты кожны дзень, а то й двойчы на дзень. Зразумела, такога я сабе дазволіць цяпер ужо не магу. І Ціма нават пажартаваў, што Платон адабраў у мяне ўвесь, належны некалі яму, час”.

Пасьля нараджэньня сына Вольга Анцыповіч зь немаўляткам пераехала да сваіх бацькоў, якія, вядома ж, дапамагаюць. Дапамагаюць і сапраўдныя сябры.

(Вольга: ) “Банальна так казаць, але я насамрэч даведалася, хто ёсьць кім. Было некалькі людзей, у якіх я была ўпэўнена на ўсе 100%, што менавіта яны прыйдуць у першы дзень. Іх няма дагэтуль. А так, канечне, дапамога адчуваецца вельмі вялікая. У першую чаргу, гэта мае бацькі. І сябры Цімафея, якія дапамагаюць не толькі тэлефанаваньнямі, а вельмі канкрэтнымі рэчамі: падвезьці, адвесьці, куды трэба”.

Дапамагаюць сваякі Цімафея. Бацька, вядомы эколяг Валер Дранчук, зьвяртаецца ў міжнародныя арганізацыі, апублікаваў у “Народнай Волі” лісты Цімафея зь няволі. Сястра Юлія ўзяла на сябе кантакты з адвакатамі.

(Юля: ) “Спачатку было папросту цяжка. Потым было страшна. Потым было прыкра. Потым пачалася такая стадыя невядомасьці, якая цяжка перажываецца наагул... Натуральна, калі нарадзіўся Платон, бацькам стала і цяжэй, і лягчэй. Бацька проста памаладзеў на 10 год. Мама, калі яна з унукам, значна лягчэй усё пераносіць. Ён сьмяецца, пазнае бабулю, яны там размаўляюць пра сваё. У гэтым пляне ўнук дапамог бацькам перажываць расстанне. Але, з іншага боку, калі мы ўсе прыяжджалі ў радзільню, было вельмі цяжка. Я ведаю, наколькі гэта важна для Цімафея, каб усё было правільна. Бацька праз адваката запытаўся ў Цімы, якія кветкі менавіта ад яго купіць Вользе, і мы паспрабавалі хоць нейкім чынам ягоную прысутнасьць абазначыць”.

Безумоўна, вельмі крыўдна, што бацька ня бачыць, як ягоны першынец пачаў усьміхацца, вымаўляць першыя склады, – кажа Вольга Анцыповіч.

(Анцыповіч: ) “Нават калі Цімафей прыйдзе, і пачуцьцяў мы дабярэм, але вось гэтых пачуцьцяў нам ужо ніхто ня верне, і гэтых эмоцый таксама. Таго пазбавілі, што па праве належыць Платону. Ну, а наконт таго, каб адпомсьціць… Помсьціць ня хочацца. Зямля круглая, і ўсё да ўсіх вяртаецца. Тут ёсьць і нешта невыпадковае: калі затрымалі і Астрэйку, і Шалайку, і Цімафея, у іх ува ўсіх аказаліся цяжарнымі жонкі. Я спадзяюся, што людзям, якія іх затрымлівалі, якія іх будуць судзіць, – ім недзе ў глыбіні душы няёмка за тое, што яны робяць. Бо ў народзе заўжды казалі: цяжарную жанчыну нельга крыўдзіць.

Я думаю, нашы дзеці вырастуць вельмі добрымі людзі. Наш сын увесь час, колькі ён будзе жыць, будзе ведаць і памятаць: калі ён нарадзіўся, ягоны бацька ня мог падарыць мне кветкі, ён ня мог напісаць мне цыдулку ў радзільны дом. І я думаю, што нават калі гэты рэжым ня зьменіцца й гэтак будзе трываць яшчэ й тады, як Платон будзе дарослым, то ён, гэты рэжым, нажыў сабе апанэнта 100-адсоткавага папросту ад нараджэньня”.

Некалькі дзён таму Вольга Анцыповіч мела апошняе перад судом спатканьне зь Цімафеем.

(Анцыповіч: ) “Вельмі добра выглядае. Гэта мяне нават уразіла. А трымаецца... Ведаеце, казаць, што ў турме чалавек трымаецца добра… Нармальны чалавек ня можа добра сябе адчуваць у такіх умовах. Але ні разу я ад яго ня чула: “Як мне дрэнна!”. Ён вельмі аптымістычна на ўсё глядзіць. Адзінае: кажа, што вельмі цяжка чакаць вось гэтыя апошнія дні, якія сталі цягнуцца ўдвая даўжэй”.

(Карэспандэнтка: ) “А ўяўляецца сам момант сустрэчы?”

(Вольга: ) “Усе кажуць, што трэба ісьці пасьля абвяшчэньня прысуду й чакаць. Бо калі будзе яшчэ падоўжана пакараньне, дык нам па законе абавязаны дазволіць спатканьне. Ну, а калі выпусьцяць, то хацелася б пайсьці з Платонам – каб Цімафей адразу ж убачыў. у першыя хвіліны, сына. Я вельмі веру й спадзяюся, што ўсё гэта скончыцца ў судзе, і Цімафея выпусьцяць…”


"Пераможам!" - гэтак перакладаюць жэст Платона сваякi. Яму - 18 дзён.


Адзiн зь першых фотаздымкаў сына, перададзеных Цiмафею за краты.


Вольга Анцыповіч з сынам Платонам


Сястра Цімафея Юля з пляменьнікам

Гл.таксама: Адзін дзень у сям’і палітвязьня Андрэя Клімава (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Анатоля Лябедзькі (фота) Адзін дзень у сям’і палітзьняволенай Эніры Браніцкай (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Аляксандра Шалайкі (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Міколы Статкевіча (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Паўла Севярынца (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Аляксандра Казуліна (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Сяргея Скрабца (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Міколы Астрэйкі (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Сяргея Ляшкевіча (фота)
XS
SM
MD
LG