Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Калі ў космас рвуцца ўсе, чым Беларусь горшая?"


Радыё Свабода “Ці трэба Беларусі станавіцца касьмічнай дзяржавай?” – апытаньне на вуліцах Менску

(Спадарыня: ) “Вось гэтыя 10 мільёнаў, якія пайшлі на спадарожнік, няхай бы лепш пэнсіянэрам па дзясятцы якой дадалі. Таму што пэнсіі вельмі малыя. І нам бачыце даводзіцца, мне за 70, а я з гэтым мяшком цягаюся на гэты агарод на лецішчы, каб там нейкі агурок вырасьціць, бо я яго на рынку не магу купіць”.

(Юнак: ) “Я думаю, што так. Калі ўсе рвуцца ў космас, то чым Беларусь горшая за іншыя краіны? Канечне, грошы вялікія, але наш патэнцыял каштуе даражэй плюс прэстыж”.

(Спадар: ) “Ну, усе разьвітыя краіны павінны быць касьмічнай дзяржавай і мець доступ у космас. Расейскае – гэта расейскае, а наша – гэта наша”.

(Спадарыня: ) “Чаму трэба? Ахоўваць межы. Усё каштуе грошай”.

(Спадар: ) “Я да гэтага стаўлюся, у прынцыпе, станоўча. У Расеі добра справы ідуць, адпаведна ў Беларусі. Можна было будаваць менш іншых збудаваньняў – спартыўнага характару, займацца іншымі паказушнымі момантамі”.

(Дзяўчына: ) “Лічу, што трэба. Чаму б не? Расея пасьпявае, Амэрыка пасьпявае, чаму мы павінны быць апошнімі?Для мяне гэта нічога ня зьменіць”.

(Дзяўчына: ) “Трэба рухацца наперад, разьвіваць тэхналёгіі”.

(Спадарыня: ) “Гэта толькі выдаткі лішнія. Што гэта нам дасьць, нашай рэспубліцы? Ну прэстыж для прэзыдэнта – гэта вядома. А для простых, – я нічога не атрымаю ад гэтага спадарожніка, ні паляпшэньня свайго жыцьця…”

(Дзяўчына: ) “Я ня ведаю. Я над гэтым ня думала”.

(Юнак: ) “ Я думаю, не. Ня варта”.

(Спадар: ) “Ня трэба. Трэба спачатку духоўныя пытаньні вырашыць, таму што сем’і разбураюцца, моладзь гіне. Трэба ўсе па парадку рабіць. Трэба найперш адносіны з Богам вырашыць і культурныя моманты прывесьці ў парадак. І тады мы зможам запускаць спадарожнікі і гэтак далей”.

(Спадарыня: ) “Божа, свае б праблемы вырашыць, а куды там ужо касьмічныя”.

(Спадар: ) “Касьмічнай дзяржавай можна стаць толькі маючы на гэта вялікія матэрыяльныя сродкі. А ў Беларусі на сёньняшні дзень такіх сродкаў няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG