Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Міхал Вітушка (5.11.1907 — 27.4.2006)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

За савецкім часам цэнзура забараняла згадваць антыкамуністычнае збройнае змаганьне ў Беларусі пасьля 2-й усясьветнай вайны. Мы глядзелі фільмы й чыталі кнігі, дзе выкрываліся “бандэраўцы” або прыбалтыйскія “лясныя браты”, якія скрозь былі нелюдзямі ці, у найлепшым разе, падманутымі маладзёнамі. У БССР жа ў тыя гады нібыта панавалі спакой і натхнёнае будаўніцтва сьветлае будучыні.

Насамрэч было іначай: Беларусь таксама змагалася й мела сваіх герояў, імёны якіх вяртаюцца ў нашую памяць. Найлегендарнейшы зь іх — генэрал Міхал Вітушка.

Выхаванец Віленскай беларускай гімназіі, Праскага ўнівэрсытэту і Варшаўскай палітэхнікі, у гады вайны ён ствараў Беларускую самаахову на Магілёўшчыне, Смаленшчыне й Браншчыне. Сябра ЦК Беларускай незалежніцкай партыі (БНП) і ўдзельнік ІІ Усебеларускага кангрэсу, Вітушка быў сярод арганізатараў плянаванага антынямецкага паўстаньня з мэтаю абвяшчэньня незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Да канца 1950-х гадоў Міхал Вітушка, якога афіцыйна абвясьцілі забітым яшчэ ў 1945-м, узначальваў беларускі Супраціў. У 1948-м ён рэарганізаваў гэты рух у Беларускую вызвольную армію, вядомую таксама як арганізацыя “Чорны кот”. Дасьледнік тых падзеяў Сяргей Ёрш называе Вітушку адзіным з кіраўнікоў нацыянальных антысавецкіх рухаў Супраціву ў СССР, які выжыў у партызанцы і здолеў захавацца ад савецкіх агентаў на Захадзе. Больш за тое: ёсьць зьвесткі, што пад чужым прозьвішчам ён у 1970-я гады наведваў Менск і Вільню.

Сёлета ўвесну легендарны генэрал памёр у адным з альпійскіх санаторыяў. Яму ішоў 99-ы год. Мара ўбачыць вольную Беларусь перайшла ў спадчыну да ягонага сына.
XS
SM
MD
LG