Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лукашэнка і Чавэс –- два лідэры рэзэрвацый"


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за 25 ліпеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні па нумары 391-22-24.

(Спадар: ) "Паважаная “Свабода”! Адказваю на ваша пытаньне наконт 12-гадовага праўленьня Лукашэнкі. Бяздарна і недарэчна прайшлі гэтыя 12 гадоў. У беларускі “істэблішмэнт” прабілася нязграбная пасрэднасьць, зь першага разу і слова “інаўгурацыя” вымавіць не змагла. Краіна згубіла ўнікальны шанец стаць дэмакратычнай эўрапейскай краінай. Жыцьцё інтэлігентных, думаючых людзей, што не здрадзілі сваім дэмакратычным ідэалам, значна пагоршылася. Палепшылася жыцьцё людзей беспрынцыповых, падхалімаў, нікчэмных кар’ерыстаў, людзей з рабскай псыхалёгіяй, якіх, на жаль, шмат".

(Спадар: ) "Наконт візыту вэнэсуэльскага прэзыдэнта. Вядома, што падобнае цягнецца да падобнага. Прырода беларускага і вэнэсуэльскага рэжыму аднолькавая. Акрамя таго, асабістыя партрэты Чавэса і Лукашэнкі падобныя. Шалёная прага ўлады, пагарда дэмакратычнымі каштоўнасьцямі, нізкі ўзровень агульнай культуры, люты антыамэрыканізм. Зусім ня дзіўна, калі наступны візыт у Беларусь зробіць які-небудзь правадыр тубыльцаў Мумба-Юмба з экзатычных астравоў Карыбскага мора. Народу гэта будзе прадстаўлена як канчатковы прарыў у міжнародную цывілізацыю".

(Вольга з Баранавічаў: ) "12 год таму затрымлівалі выплаты заробкаў ды пэнсій, з-за чаго можна было застацца без сьвяточнага стала на Вялікдзень ці на Новы год. Тады на заводзе адмянілі другую зьмену і працавалі тры-чатыры дні на тыдзень. Цяпер працуем поўны месяц, але другая зьмена не адноўлена. Аб’ёмы вытворчасьці, як і колькасьць працаўнікоў, не растуць. Затое намінальна расьце заробак. Галоўны ірыгатар краіны зь пераменным посьпехам пашырае для нас малочныя рэкі ды ўмацоўвае кісельныя берагі. І многія задаволены, а я ў палоне трывогі: адкуль грошы на раскошу? Прадпрыемствы ж ператварыліся ў карлікаў, гандаль не назавеш бойкім, а паслугі мы аказваем сабе самі.

(Спадар: ) Калі гаварыць з гумарам, то сёньня вялікі дзень для Беларусі і ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва. Сустрэліся і замацавалі братэрства два вялікія чалавекі: Чавэс і Лукашэнка, сапраўдныя лідэры Сусьвету. Але, калі гаварыць па праўдзе, асабліва маючы на ўвазе тое, што ў бліжэйшы час, прыкладна да 2010 году адбудзецца новая тэхналягічная і гуманітарная эвалюцыя чалавецтва, тады я мушу сказаць наступнае. Сустрэліся два індзейцы, два лідэры сучасных дзяржаў-ізгояў і правадыроў эўрапейскай і амэрыканскай рэзэрвацыі ў прышласьці, рэзэрвацый, створаных па жаданьні большасьці насельніцтва і моцных рук іх правадыроў, хворых на масавую шызафрэнію і гістарычны дэбілізм. Бо па-іншаму ўжо ня будзе".

(Спадар: ) "На ваша пытаньне, як зьмянілася жыцьцё на Беларусі за гады прэзыдэнства Лукашэнкі, можна адказаць коратка: ніяк не зьмянілася. У лепшым выпадку, мы топчамся на адным і тым жа месцы. Адзіная “заслуга” Аляксандра Рыгоравіча ў тым, што за свае гады прэзыдэнцтва ён стварыў жорсткі аўтарытарны рэжым, што ня церпіць ніякай апазыцыі, ніякага іншадумства. Прысуд Аляксандру Казуліну яшчэ адзін таму доказ. Ня кожнаму сапраўднаму бандыту даюць такі тэрмін. Калі 12 год таму Аляксандр Рыгоравіч ірваўся да ўлады, ён шмат чаго абяцаў, але нічога не зрабіў. Ён абяцаў падняць прамысловасьць, а на самой справе ён яе паціху апускае; ён абяцаў народу вярнуць згубленыя ўклады, не вярнуў; а пра сельскую гаспадарку наогул казаць ня трэба. Заглянем у любы калгас, і што мы там пабачым? Паўсюль, за рэдкім выключэньнем, поўны развал. А тое, што там па тэлевізіі паказваюць, нейкія там аграгарадкі, якія можна па пальцах пералічыць, дык гэта толькі паказуха. І відаць не ад лепшага жыцьця, ён чапляе калгасы да прадпрыемстваў, якія яшчэ на плаву. І на найбліжэйшыя пяць год нам, як кажуць, нічога лепшага ня трэба чакаць. Да і наступных выбараў можа ня быць, бо Аляксандр Рыгоравіч ужо вычарпаў усе законныя спосабы застацца на чале краіны. Ён можа проста абвясьціць сябе пажыцьцёвым прэзыдэнтам, як Ніязаў у Туркмэніі. Магчымы і другі варыянт. Ён можа перадаць уладу аднаму са сваіх сыноў, як Аліеў у Азэрбайджане. Тым самым ён пазьбегне адказнасьці…"

(Спадар: ) "Прывітаньне, “Свабода”! Збываюцца словы Мураўёва-вешальніка: “Што не дарабіў расейскі штых даробіць расейская школа.” Вынікі гэтага добра бачныя ў паўсядзённым жыцьці. На гэты конт прачытаю верш знакамітага паэта-барда:

Зямлі, густа пасыпанай Чарнобыльскім попелам. Ад хросных пакутаў, ад зьдзеку і гвалту, Як Нёман спрадвечны, зьмялеў радавод. Максім, не вяртайся з далёкае Ялты, Цябе не прызнае тутэйшы народ. Бо й сёньня сляпы ён, з нікчэмнай душою, Як Колас калісьці пра гэта казаў, Яму не патрэбна ні слава Пагоні, Ні бел-чырвон белы крывіцкі штандар. Цяпер зразумела Чарнобыля кара, Хоць вый ваўкалакам, хоць каней крычы, Валошку тваю, Беларусь, нашу мару, Вось-вось янычарскія скосяць мячы.

(Спадарыня: ) "Ці палепшылася маё жыцьцё за гэтыя гады? Адказ адназначны: не. Раней вясковым настаўнікам плацілі “камунальныя”, гэта значыць дзьве тоны торфу і 7 рублёў за асьвятленьне на год. Гэта была вялікая дапамога. З прыходам да ўлады Аляксандра Рыгоравіча, гэта ўсё адмянілі. Раней, калі ты працуеш у будаўніцтве, то меў права атрымаць бясплатную кватэру, а цяпер гэтага няма. Бясплатнае жыльлё і цяпер атрымліваюць толькі чыноўнікі. Гэта дакладны факт. А працаўнік, будаўнік павінен браць крэдыт на жыльлё і ўсё сваё жыцьцё выплачваць гэты крэдыт. Пэнсія нашая мізэрная, а заробкі на вёсцы яшчэ меншыя. Дык якое ж тут паляпшэньне жыцьця можа быць?!"

(Спадар: ) "За 12 год кіраваньня Лукашэнкі Беларусь адстала ў сваім разьвіцьці ад заходнеэўрапейскіх дзяржаў на 30 год. Чысьцей стала ў Менску, але душы людзей сталі бруднейшыя. Дзяўчаты ідуць з хлопцамі, жанчыны з мужчынамі -- ад іх мат ідзе, як дым з кратэру вулкана. Такой зьявы да Луашэнкі не было. Хамства стала вельмі многа. Калі зьвяртаесься па розных сацыяльных пытаньнях у міністэрствы, ЖКГ, аддзелы сацыяльнай абароны, райвыканкамы, пытаньні не вырашаюца. Усё-ткі раней было трохі лепш. Палітзьняволеных стала вельмі многа. Кідаюць у турмы людзей ні за што, б''юць на вуліцах амапаўцы дубінкамі і нагамі, і рукамі. Апошні прыклад гэта вось Казулін. Матэрыяльна стала ня значна лепш, бо цэны на прадукты і тавары ўвесь час павялічваюцца. Ну, трохі лепш таму, хто на прадпрыемствах крадзе бэнзін ды іншыя рэчы…"

(Сяргей зь Менску: ) "У дыскусіі наконт 12 гадоў Лукашэнкі пры ўладзе, у якой прынялі ўдзел спадары Дынько, Фядута ды іншыя, засталіся незаўважанымі вельмі істотныя фактары. Па-першае, нязначнае паляпшэньне эканамічнага становішча Беларусі абумоўлена прыходам новых тэхналёгій, новых будаўнічых матэрыялаў, кампутараў, мабільнай сувязі і іншага, а таксама прыватнай ініцыятывай людзей, у першую чаргу прадпрымальнікаў. Гэта ўсё прыдумана цывілізаванымі краінамі, ворагам якіх ёсьць Лукашэнка. І да гэтага паляпшэньня ён ня мае ніякага дачыненьня, хутчэй наадварот, гэтыя паляпшэньні адбыліся насуперак яго бязглуздай палітыцы. Без яго мы б жылі на ўзроўні Польшчы. Таксама дапамагла Масква таннымі энэрганосьбітамі. Па-другое, за Лукашэнкам стаяла і стаіць моцная каманда са спэцслужбаў, КДБ. Пасьля распаду СССР КДБ як узброены атрад КПСС фактычна стаў кіруючай і накіроўваючай сілай постсавецкага грамадства. Спэцслужбы арганізавалі крадзяжы галасоў выбарцаў падчас так званых выбараў і рэфэрэндумаў.

(Спадар: ) Нарэшце Лукашэнка знайшоў месца, куды ён можа бегчы ад суда беларускага народа, гэта Вэнэсуэла".

(Спадар: ) Прэзыдэнт Вэнэсуэлы ўзначальвае кааліцыю ўсіх Лацінаамэрыканскіх краінаў, іх там вельмі шмат і ўсе яны, па яго словах, прыхільнікі таго, што адбываецца ў нас. І калі ваш карэспандэнт падае яго біяграфію, ён расказвае, што ў нейкім там годзе натоўп зьняў яго з пасады. Гэта тыя ж квакеры, як было на Ўкраіне, як было ў Грузіі. Усё гэта зразумелая справа! Гэта ўсё падстроіла фашыстоўская Амэрыка. Усё правільна, яны супраць палітыкі дзікай амэрыканскай. І яны там розныя інтрыгі праводзяць. А нашыя дурні, якія нічога не разумеюць у палітыцы, зьдзекуюцца, што трэба да нас і Ўсаму бін Ладэна запрасіць. Слушна, і Усаму Бін Ладэна трэба запрасіць. Гэта сусьветны герой, якога выхоўвалі амэрыканцы, сябравалі зь ім, рыхтавалі да розных паскудстваў. Колькі ён шкоды зрабіў Расеі?! А потым зразумеў, што Амэрыка вораг усяго сьвету і стаў супраць Амэрыкі. А гэта добра, што да нас прыехаў нармальны прэзыдэнт, які супраць фашыстоўскай Амэрыкі.

(Хлопчык: ) "Віншую Мілінкевіча з народзінамі. Жадаю шчасьця, здароўя, посьпехаў у барацьбе за свабодную Беларусь".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG