Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка: “Янка Брыль – волат беларускага духу”


Любоў Лунёва, Менск Палітыкі адзначаюць, што беларускае грамадзтва страціла ня толькі выдатнага літаратара, але й актыўнага сумленнага грамадзяніна. Менавіта актыўная пазыцыя Янкі Брыля была прыкладам мужнасьці для беларускай інтэлігенцыі.

Беларускія палітыкі прыгадваюць, што Янка Брыль, нягледзячы на сталы ўзрост, знаходзіўся ў авангардзе барацьбы за незалежнасьць і дэмакратычныя пераўтварэньні ў краіне. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка працаваў зь вядомым літаратарам.

(Вячорка: ) “Волат беларускага духу. Ён і вонкава быў волатам і меў няпросты лёс. Заўсёды стаяў на беларускіх пазыцыях. Брыль стаяў на “фронтаўскіх” пазыцыях тады, калі пачалася барацьба за вызваленьне Беларусі ад таталітарызму й савецкай імпэрыі. Ён удзельнічаў, дакуль дазваляла здароўе, у дэмакратычных акцыях. Ён працаваў на Кангрэсах дэмакратычных сілаў, не цураўся падрыхтаваць публіцыстычны артыкул. Гэта постаць, гэта народны пісьменьнік”.

Валянцін Голубеў, дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня, быў сябрам аргкамітэту першага Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які ўзначальвалі Генадзь Карпенка й Юры Захаранка. Валянцін Голубеў спамінае прамову Янкі Брыля перад дэлегатамі:

(Голубеў: ) “На мяне вельмі вялікае ўражаньне зрабіў ягоны ўчынак у 1996 годзе. Тады склалася крызісная сытуацыя: Лукашэнка абвясьціў рэфэрэндум па зьмене Канстытуцыі, і дэмакратычныя сілы склікалі Кангрэс “За Канстытуцыю супраць дыктатуры”. Спадар Брыль пагадзіўся адкрыць Кангрэс. Я ўпершыню слухаў яго з палітычнай прамовай, у якой ён дасканала разабраў сытуацыю ў краіне й заклікаў змагацца за свабоду, за дэмакратыю, за незалежнасьць”.

Аляксандар Мілінкевіч – зямляк Янкі Брыля:

(Мілінкевіч: ) “Па-першае, гэта мой зямляк, якога я добра ведаю. Чалавек ня толькі таленавіты, ня толькі клясык, творы якога ўвайшлі ў падручнікі. Ён – што вельмі важна для сёньняшняй Беларусі – быў сапраўдным грамадзянінам, неабыякавым чалавекам, які заўсёды адстойваў праўду, хацеў, каб Беларусь была незалежнай. Я добра памятаю гэтага чалавека, ягоную магутную энэргію – і гэта незалежна ад узросту. Ён выпраменьваў столькі сілы! Нам усім будзе не хапаць яго. Адыходзяць выдатныя людзі… Брыль жа – легенда беларускай літаратуры й змаганьня за Радзіму”.

Сусед Янкі Брыля Пётра Садоўскі час ад часу заходзіў да літаратара. Ён расказаў, што іхныя сустрэчы пачасьціліся пасьля сьмерці жонкі пісьменьніка:

(Садоўскі: ) “Ён дастае “Народную волю”, бывала, з паштовай скрынкі, сустракаемся, нешта гаворым. Там, дзе ў мяне спачывальня, у яго кабінэт рабочы... Такая канапа вялікая, старое крэсла й вялізны стол... І вось так сядзім – гадзіну-другую... Шкада, што гэта... Гэта цэлая эпоха. Брыль гэта і Айчынная вайна, і тая Заходняя Беларусь, і вось гэты палон, партызаншчына... Калі ня стала Быкава – як вялізны камень вываліўся з падмурку... І вось Брыль... Чалавек іншага кшталту, але чалавек сумленьня”.
XS
SM
MD
LG