Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Скобла: “Янка Брыль – Гулівэр айчыннай літаратуры”


Радыё Свабода Пра Янку Брыля гаворыць паэт Міхась Скобла:

(Скобла: ) “Усяго тыдзень таму Янка Брыль перадаў мне сваю новую кнігу “Парастак”, што пабачыла сьвет у каталіцкім выдавецтве “Про Хрысто”. Едучы на Зэльвеншчыну да мамы, я захапіў яе з сабою, мяркуючы дадаткова ўсьвяточніць сваю пабыўку дома чытаньнем Брыля. Ад сьветлай кнігі на душы было сьветла і радасна, і думалася, як, вярнуўшыся ў Менск, удзячна затэлефаную аўтару... Не пасьпеў... Чамусьці мы заўсёды спазьняемся са словамі ўдзячнасьці, любові, павагі. Чамусьці ніколі не пасьпяваем выявіць свае пачуцьці своечасова. Сам Іван Антонавіч Брыль заўжды пасьпяваў усё прачытваць і падзяліцца сваімі чытацкімі ўражаньнямі і з масьцітым, і з пачаткоўцам. Ён і ў гэтым быў для ўсіх прыкладам пісьменьніцкай увагі, разуменьня і талеранцыі.

На яго творах расьлі, сталелі, мудрэлі і прасьвятляліся душою людзі любога веку. Са школьнай лаўкі быў з намі смак ягонага “Сірочага хлеба” – аповесьці, якая паводле свайго псыхалягізму, пранікненьня ў сьвет заходнебеларускага падлетка Даніка Мальца хіба ня мае сабе роўні ў айчыннай літаратуры. А якім адметным нацыянальным гумарам прасякнуты Брылёвыя “Ніжнія Байдуны”!.. У сумную часіну паспрабуйце перачытаць – і увесь ваш сум як рукой здыме. А ягоныя кнігі лірычных запісаў “Пішу як жыву”, “Дзе скарб ваш”, “Блакітны зьніч”... У кожнай пісьменьнік здолеў сказаць сваё адметнае слова і пра сучаснасьць, і “трохі пра вечнае”, у кожнай – шчодрыя “жмені сонечных промняў” – брылёўскіх вобразаў, здагадак, мастацкіх адкрыцьцяў.

Апошнія гады Янка Брыль летаваў у Крынічным на Нёмане. І там, у падсуседзях вялікай ракі, сярод магутных наднёманскіх дубоў ён адчуваў сябе вольна і натуральна, як роўны сярод роўных. У тлумным і мітусьлівым Менску ён жыў, як Гулівэр у краіне ліліпутаў, людзей, зьмізарнелых і целам, і душой.

У адным са сваіх абразкоў Янка Брыль згадваў, як напярэдадні чарговага сьвята вызваленьня яму патэлефанавалі з Адміністрацыі прэзыдэнта і запрасілі атрымаць мэдаль. Прычым з рук галоўнакамандуючага. І пісьменьнік-франтавік, які ўдзельнічаў у ІІ усясьветнай не з 1941-га, а з 1939-га без ваганьняў адмовіўся. Застаўся без мэдаля, але зь незаплямленым сумленьнем.

Янка Брыль так і не надрукаваў ні радка ў захопленых дзяржавай літаратурных выданьнях. Ахвотна аддаваў свае творы ў наваствораны “Дзеяслоў”, неаднаразова гучаў голас народнага пісьменьніка на Радыё Свабода. У гэтым таксама праявілася яго пазыцыя як творцы і грамадзяніна.

Не па-людзку, не па-хрысьціянску аднесьліся ўлады да Янкі Брыля ў 2003 годзе, калі не дазволілі пахаваць на Кальварыі ягоную жонку. Іван Антонавіч тады моцна перажываў. У няблізкія Калодзішчы да сваёй сяброўкі і паплечніцы Ніны Міхайлаўны праляжа і ягоны апошні зямны шлях.

У журбе і смутку радасна ўсьведамляць, што нас чакае яшчэ невядомы Янка Брыль. З варштатам Скарыны яшчэ сустрэнуцца ягоныя дзёньнікі, якія пісьменьнік не хацеў публікаваць пры жыцьці. Пяць тысячаў старонак. Думаю, што дзёньнік Брыля ня будзе дадаткам да астатняй творчасьці, як гэта зазвычай бывае. Падобнае здарылася ў свой час зь дзёньнікам Прышвіна, што ператварыў яго зь пісьменьніка-фэноляга, прыродаапісальніка ў філёзафа ўсясьветнага маштабу.

У чэскай Празе над брамай, што вядзе на Вышаградзкія могілкі, дзе знаходзіцца Пантэон вялікіх чэхаў, напісана: “Хоць памерлі – яшчэ прамаўляюць”. Слухайма ж, што прамаўляе да нас з-за брамы вечнасьці Янка Брыль, прах якога калісьці абавязкова будзе перапахаваны ў Пантэоне вялікіх беларусаў”.
XS
SM
MD
LG