Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка ў Берасьці: лекары й міліцыянты патрабуюць спыненьня акцыі


Вячаслаў Кулік, Берасьце Сёньня – дваццаты дзень галадоўкі берасьцейскіх уладальнікаў і кіроўцаў маршрутных таксовак. Удзельнікі акцыі сустракаюцца на кватэры Любові Разановіч. Са слоў гаспадыні, самастойна пакідаць дом яна ўжо ня здольная.

Пратэст 13-ці берасьцейцаў падтрымалі сябры грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”. Сёньня актывісты пачалі збор подпісаў на рынках гораду. І, як паведаміла Радыё Свабода Любоў Разановіч, ужо іншыя людзі далучаюцца да акцыі:

(Разановіч: ) “Яшчэ два прадпрымальнікі з рэчавага рынку “Стары горад” далучыліся. Так што мы не адны”.

(Карэспандэнт: ) “Да вас прыяжджала брыгада “хуткай дапамогі”, галоўны доктар лякарні”.

(Разановіч: ) “Яна ўжо кожны дзень наведваецца. Ад шпіталізацыі я адмаўляюся. Яны на што спадзяюцца? Забяруць мяне ў лякарню, наколюць – і маўчы? Яшчэ прыслалі двух міліцыянтаў. Я ім кажу: “Чаго вы сюды езьдзіце? Ідзіце ў аблвыканкам, даводзьце губэрнатару – няхай там думаюць”. Не, няхай уся краіна, сьвет бачаць, што робіцца! Гэта – крык душы: я нічога дзяржаве не завінавацілася!”

Чыноўнікі Берасьцейскага аблвыканкаму адмаўляюцца камэнтаваць галадоўку ў горадзе. Тэлефаную ў прымальню кіраўніка “вэртыкалі” Канстанціна Сумара:

(Карэспандэнт: ) “Ці на працоўным месцы сёньня Канстанцін Андрэевіч?”

(Загадчыца канцылярыі: ) “Няма, у камандзіроўцы. Патэлефануйце кіраўніку апарату, Валер’ю Мікалаевічу Філімонаву, пагаварыце зь ім”.

(Філімонаў: ) “Ня вельмі разумею, чаму вы да мяне зьвяртаецеся. Я нават ня ў курсе гэтага пытаньня”.

(Карэспандэнт: ) “Пра тое, што ў Берасьці адбываецца галадоўка, вы хоць ведаеце?”

(Філімонаў: ) “Нешта ў прэсе чытаў”.

Між тым, як паведаміла ўдзельніца галадоўкі Людміла Лаўруковіч, інспэкцыя Міністэрства па падатках і зборах у Берасьці працягвае ціск на ўладальнікаў маршрутных таксі, якія ўдзельнічаюць у галадоўцы:

(Лаўруковіч: ) “Яны наклалі арышт на ўсю маёмасьць, якую цяпер мы ня маем права прадаць. Санкцыя дзейная да таго часу, пакуль ня будзе прынятае рашэньне па нашым пытаньні. Нібы ў заклад узялі”.

Галадоўнікі настойваюць на адмене рашэньня падатковых органаў, паводле якога ўладальнікі маршрутак мусяць плаціць так званы рэспубліканскі збор за выкарыстаньне аўтамабіляў у камэрцыйных мэтах. Гэты збор быў вызначаны ўказам прэзыдэнта ў 2004 годзе, а прадпрымальнікі выкарыстоўваюць машыны, завезеныя ў Беларусь раней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG