Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Арганізатары акцыі, плянаванай на 27 ліпеня, пададуць новую заяўку


Радыё Свабода Арганізатары мітынгу й рок-канцэрту ў гонар 16-й гадавіны абвяшчэньня дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі зьвярнуліся ў суд з пазовам да Менгарвыканкаму. Яны просяць прызнаць неабгрунтаванай прычыну, зь якой гарадзкія ўлады адмовілі заяўнікам у правядзеньні сьвяточнай імпрэзы. Адначасна ў адміністрацыю гораду будзе пададзеная новая заяўка на правядзеньне акцыі з нагоды 27 ліпеня.

Мітынг і рок-канцэрт плянавалі правесьці 27 ліпеня на плошчы Бангалор. Менгарвыканкам забараніў акцыю на той падставе, што там цяпер праходзяць пікеты ў падтрымку Аляксандра Казуліна. Вось як гэтую забарону пракамэнтаваў адзін з арганізатараў сьвяткаваньня, юрыст Юры Чавусаў:

(Чавусаў: ) “Яна неабгрунтаваная. Бо Менгарвыканкам валодае правам карэктаваць час і месца правядзеньня мітынгу. Яны маглі б нам прапанаваць іншае месца. Гэта было б спрэчна, але, прынамсі, зразумела”.

Як паведамілі арганізатары, напярэдадні некаторым актывістам тэлефанавалі чыноўнікі Менгарвыканкаму й папярджвалі, што на іх будзе ўскладзеная адказнасьць за падзеі, якія могуць адбыцца 27 ліпеня на плошчы Бангалор. Адну з заяўніц, Валянціну Сьвяцкую, сёньня выклікалі ў міліцыю й запатрабавалі замацаваць за ёй такую адказнасьць пісьмова.

(Сьвяцкая: ) “Я адмовілася. Я згодная несьці адказнасьць, каб імпрэза была дазволеная. Але ж, на жаль, такога дазволу мы не атрымалі. Дык за што я буду браць адказнасьць?”

Арганізатары плянаванай акцыі спадзяюцца абскардзіць дзеяньні гарадзкіх уладаў, а таксама намагаюцца атрымаць дазвол на правядзеньне аналягічнага мітынгу й канцэрту 25 жніўня. Гаворыць адна з грамадзкіх актывістак Тацяна:

(Тацяна: ) “Беларускія гісторыкі называюць 25 жніўня Днём адраджэньня. Бо менавіта ў гэты дзень Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь набыла сілу канстытуцыйнага акту. Таму мы вырашылі, што менавіта ў гэты дзень трэба правесьці сьвяточную імпрэзу”.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі адбылася таксама прэзэнтацыя кампакт-дыску “Песьні Свабоды-2”, прысьвечанага Дню абвяшчэньня дзяржаўнага сувэрэнітэту.
XS
SM
MD
LG