Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Дубавец: “Янка Брыль быў эталёнам літаратурнага густу”


Радыё Свабода Пра Янку Брыля гаворыць Сяргей Дубавец – літаратурны крытык і публіцыст.

(Дубавец: ) “У 80-я гады мінулага стагодзьдзя Янка Брыль быў эталёнам літаратурнага густу і эўрапейскага выбару. У той ізаляванай ад сьвету краіне для пачаткоўцаў ён часьцяком станавіўся і першым польскім, і першым францускім мэтрам. Увогуле пры слове мэтр першым прыходзіў на розум Брыль. Гэта пасьля, калі нам адкрываліся і палякі, і французы, з Брылём цягнула пазадзірацца. Нехта, дражнячыся, перамалпоўваў лірычныя мініятуры пісьменьніка: “Дзень пачаў са Львом Мікалаевічам...”, – альбо мудрагелістыя зачыны Брылёвых прамоваў на ўсялякіх літаратурных сходах, дзе мэтр мог задумліва прамовіць: “Нешта ўлетку...” І павісала кароткая паўза. Задзіраць Брыля цягнула, бо ён быў вялікі ўва ўсіх сэнсах і пры тым не таіў у сабе ніякае партыйнае ці кагэбэшнае пагрозы. У нейкім сваім апавяданьні я выпісаў мажнога двухмэтровага мужчыну, які згадваў свайго “харошага друга” – Брыль часьцяком ужываў такое азначэньне, што надта нэрвавала маладых пурыстаў, якія былі рашуча супраць таго, каб замест “добры сябра” гаварылася “харошы друг”. Аднак сам Брыль ставіўся да гэтых кепікаў з гумарам, бо ўвогуле быў чалавекам самаіранічным. Мэтру не належала апускацца да крыўды.

У тыя часы, а мабыць і пасьля, першым, што чыталі нэафіты беларушчыны, былі аповесьці “Ніжнія Байдуны”, “Золак, убачаны здалёк”, мініятуры і ўрэшце ўсё, што выходзіла з-пад Брылёвага пяра. Яно ўсё было завершанае да дасканаласьці. Раман “Птушкі і гнёзды” так і застаўся недапісаным, бо аўтар не пачуваўся раманістам, а выдаваць сырое за гатовае ня мог. Таму чытаньне Брыля ніколі не было марнаваньнем часу. Усе разумелі, што Брыль – гэта нацыянальны здабытак Беларусі – народу і краіны. Гэта разумелі і тагачасныя кіраўнікі, і таму пік свае прыжыцьцёвае славы Брыль перажыў яшчэ ў савецкія часы. Ён даўно стаў хрэстаматыйным аўтарам і клясыкам, але ягоная слава працягвалася толькі ў кнігах і падручніках, а сам Брыль-чалавек пры новай уладзе быў забыты. Гэтак у нягеглага гаспадара на паддашку можа пыліцца каштоўны дыямэнт, але што толку, калі ты ня ведаеш яму цаны, а сам дыямэнт па прыродзе сваёй ня мусіць бараніць свае кошты...

Сёньня ў літаратуру прыходзіць новае пакаленьне, якое не параўнаць з пачаткоўцамі тых 1980-х. Сярод іх не відаць яўных графаманаў, а ў іх творах – яўнага саўка. Я заўважаю ў іх прысутнасьць літаратурнага густу і натуральны эўрапейскі выбар і разумею, што літаратурнаму мэтру Брылю, ягонай творчасьці сярод іх – самае месца. Падобна, што надыходзіць ягоны час”.
XS
SM
MD
LG