Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалая Статкевіча прымусова праверылі на ўтрыманьне ў крыві алькаголю


Алег Грузьдзіловіч, Менск Лідэра сацыял-дэмакратаў Мікалая Статкевіча ў Баранавічах прымусілі праверыцца на ўжываньне алькаголю. Палітык не выключае, што гэтую экспэртызу яго змусілі прайсьці, шукаючы зачэпкі для адхіленьня мажлівасьці ўмоўна-датэрміновага вызваленьня.

Мікалая Статкевіча пад прымусам праверылі на ўжываньне алькаголю. Гэта ўчынілі пасьля таго, як апазыцыйны палітык вярнуўся з пахаваньня маці знаёмца. На трызну Статкевіч не пайшоў – не дазволіў сабе парушыць забароны на ўжываньне алькаголю. Але ў спэцкамэндатуры Баранавічаў палітыку не паверылі.

(Статкевіч: ) “Прыехалі па мяне на мікрааўтобусе, павезьлі да нарколяга, узялі аналізы. Аналіз паказаў, як і чакалася, нуль цэлых нуль дзясятых алькаголю ў крыві”.

Лідэр беларускіх сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч ужо год адбывае ў Баранавічах пакараньне абмежаваньнем волі. Суд палічыў яго вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу пратэсту супраць афіцыйных вынікаў рэфэрэндуму 2004 году. Статкевіч разумее сытуацыю так, што надзвычайную ўвагу яму ўдзяляюць ня толькі мясцовыя міліцыянты, але й супрацоўнікі спэцслужбаў: палітыка на час значных грамадзкіх падзеяў ізалююць у спэцкамэндатуры, сочаць за кожным ягоным крокам. На думку Мікалая Статкевіча, у Баранавічах дарэмна марнуюць грошы, выдаткаваныя зь бюджэту на барацьбу са злачыннасьцю.

У Баранавіцкай камэндатуры лічаць, што экспэртыза Мікалая Статкевіча праводзілася законна. Паводле дзяжурнага міліцыянта, ён мае права прызначыць такую экспэртызу, зыходзячы нават з падазрэньняў. На пытаньне, чаму вырашылі праверыць менавіта Мікалая Статкевіча, дзяжурны адказаў гэтак:

(Дзяжурны: ) “Рэч у тым , што тут фактычна ўсе ўжываюць алькаголь. Гэта як хвароба. А што да Статкевіча, такі дзяжурны трапіў”.

Мікалай Статкевіч не выключае, што экспэртызу на ўтрыманьне алькаголю яго змусілі прайсьці, шукаючы зачэпкі для адхіленьня мажлівасьці ўмоўна-датэрміновага вызваленьня. Бо ў выпадку нейкіх парушэньняў Статкевічу давядзецца адбываць “хімію” яшчэ цягам году.
XS
SM
MD
LG