Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 89 годзе пайшоў з жыцьця Янка Брыль


Валянціна Аксак, Менск Памёр народны пісьменьнік Беларусі, клясык айчыннай літаратуры Янка Брыль. Разьвітацца зь пісьменьнікам можна з 13:00 да 18:00 26 ліпеня і з 10:00 да 14:00 27 ліпеня ў ягонай менскай кватэры па адрасе: праспэкт Машэрава (былая вуліца Дразда), дом 78, кватэра 40. Пахаваюць Янку Брыля ў чацьвер, 27 ліпеня, на могілках у Калодзішчах.

Яго ня стала сёньня аб адзінаццатай гадзіне раніцы. Тыдзень таму, пасьля хірургічнае апэрацыі й двухмесячнага лекаваньня, здароўе Янкі Брыля палепшылася, і ён захацеў паехаць на лецішча, да любімага Нёману. Аднак у суботу пачуўся горай – і родныя прывезьлі яго ў Менск, у шпіталь, званы лечкамісіяй, у якім здавён лекуюцца знаныя людзі краіны. Дачка Натальля Семашкевіч кажа: нішто не паказвала на горшае.

(Семашкевіч: ) “Гэта было настолькі імгненна… Мы пазванілі ў шпіталь а дзясятай раніцы. Я сама пазваніла. І сказалі, што небясьпекі ніякай няма. А праз гадзіну перазванілі й паведамілі: здарылася гэта імгненна...”

Ніякіх прадчуваньняў хуткага зыходу не знаходзіць дачка Натальля і ў новай кнізе Янкі Брыля “Парастак”, якую ўласнаручна перадрукавала для выданьня й якая зусім нядаўна выйшла ў выдавецтве “Про Хрысто”.

(Семашкевіч: ) “У яго не было такога. Ён – аптыміст...”

Але запавет Янка Брыль напісаў. У ім, апроч іншага, ёсьць дарада родным, як і дзе зладзіць пахаваньне. Гаворыць спадарыня Натальля:

(Семашкевіч: ) “Ён піша якраз пра гэта: “У апошні шлях правядзіце мяне па-сямейнаму, з дому. Пахавайце побач з мамай”. Гэта ягоная просьба, і парушаць яе мы ня маем права”.

Пахаваньне народнага пісьменьніка адбудзецца 27 ліпеня. Згодна з запаветам, апошні зямны прыстанак Янкі Брыля будзе на могілках у менскім прыгарадзе Калодзішчы, побач з жонкай Нінай Міхайлаўнай. Такі маральны выбар самога нябожчыка. Бо, адпаведна са статусам народнага пісьменьніка, Янка Брыль мог быць пахаваны на Ўсходніх могілках. Калі тры гады назад памерла была Ніна Міхайлаўна, ён прасіў у дзяржаўных органаў дазволіць пахаваць яе на памянёных ці якіх іншых менскіх могілках – каб “легчы” потым зь ёю побач. Улады, аднак, такога не дазволілі. А разлучацца з каханай, зь якой пражыў амаль шэсьцьдзясят гадоў, дзядзька Янка не захацеў.

Янка Брыль пакінуў на зямлі дзьвюх дачок, сына, чацьвярых унукаў і праўнучку. Колькасьць напісанага знакамітым празаікам налічвае многія дзясяткі тамоў, дакладны лік якіх яшчэ назавуць літаратуразнаўцы. А пачэснае месца на беларускім Парнасе яму будзе належаць столькі, колькі будзе жыць Беларусь.

* * * Будучы клясык беларускае літаратуры нарадзіўся 4 жніўня 1917 году далёка ад Беларусі – у Адэсе, у сям’і чыгуначніка. Аднак з галоднае пасьлярэвалюцыйнае Расеі сям’я вярнулася на радзіму, у Заходнюю Беларусь. Тут і праходзіў ён усе свае ўнівэрсытэты – польскую сямігодку й здабываньне мноства тагачасных сялянскіх прафэсіяў. І вышэйшую асьвету тут набыў – праз самаадукацыю, не заканчваючы ніякіх ВНУ.

Тут адчуў сябе беларусам. Тут жа, у 1938 годзе, у віленскім беларускім часопісе “Шлях моладзі” ўпершыню ўбачыў сваё імя пад літаратурным творам. І гэта стала вызначальнаю датай на ўсё доўгае, плённае й шчасьлівае творчае жыцьцё.

Жаўнерам польскае марское пяхоты Брыль у 1939 годзе трапіў у нямецкі палон. Злаўчыўся ўцячы. І пайшоў у партызаны, дзе рэдагаваў антыфашысцкія падпольныя выданьні. За гэта й атрымаў ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені. Другі ордэн – Працоўнага Чырвонага Сьцяга – уручылі ўжо за пісьменьніцкія заслугі.

З часу вызваленьня Беларусі ад фашыстаў і да апошніх дзён жыў у Менску. Працаваў у літаратурных часопісах і ў дзяржаўным выдавецтве. У 1966 – 71 гадох быў сакратаром праўленьня Саюзу пісьменьнікаў, ад 1989 году – сябра Беларускага ПЭН-цэнтру. Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР і доўга ўзначальваў Беларускае аддзяленьне таварыства “СССР–Канада”.

Народны пісьменьнік Беларусі з 1981 году.

Першую кнігу – “Апавяданьні” – выдаў у 1946 годзе. Роўна праз шэсьцьдзясят гадоў выйшла апошняя –“Парастак”. Між імі – дзясяткі кніг апавяданьняў, аповесьцяў, мініятур, дакумэнтальных хронік.

Ляўрэат многіх літаратурных прэміяў СССР і БССР. Ад уладаў цяперашняе Беларусі ня меў нічога.
XS
SM
MD
LG