Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом: туалетная папера


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Аж да самага пачатку сямідзясятых бальшыня беларусаў выкарыстоўвала ў якасьці туалетнай паперы абрыўкі газэт ды старонкі старых падручнікаў. І ў прыбіральнях звычайна віселі навалачкі з нарэзанай паперай.

Усеўшыся па пільнай патрэбе і ўтаропіўшы вочы ў газэтны абрывак, савецкі чалавек міжволі займаўся палітадукацыяй. “Камуністычная партыя і Савецкі ўрад надаюць вялікую ролю пашырэньню тавараў народнага спажываньня...” – паведамлялася ў абрыўку, і, прачытаўшы такое, наведнік прыбіральні ўздыхаў, прычым з пачуцьцём глыбокага задавальненьня.

Пра туалетную паперу, як і пра сабачыя кансэрвы, людзі нешта такое чулі, але жыўцом ня бачылі. Я асабіста ўпершыню ўбачыў згаданую паперу ў 1966 годзе. Бацька аднаго майго знаёмага езьдзіў на стажыроўку ў Ангельшчыну – ён быў інжынэрам на будоўлі хімкамбінату, – і прывёз адтуль запаветны рулён. Мы ўважліва яго разглядалі, нават бралі на язык.

Сябрукоў бацька распавядаў, што ў ангельскіх прыбіральнях вісіць рулён туалетнай паперы і яе адтуль ніхто ня крадзе. Ніхто з нас такім балачкам не даваў веры.

Дзесьці праз год туалетная папера зьявілася ў продажы, у аддзеле канцылярскіх тавараў наваполацкай кнігарні. Гэта быў пачак белых сурвэтак. Яе, вядома ж, ніхто ня браў. А жанчыны, выхапіўшы позіркам надпіс “туалетная папера”, сарамліва адводзілі вочы.

За савецкім часам выкарыстоўвалі ў пэўных мэтах ня толькі газэты, але і расьліннае багацьце нашай краіны. Распавядалі, як студэнты на бульбе падцерліся лістамі нейкай расьліны. Аказалася, што гэта быў страшэнна ядучы баршчэўнік. Небаракам так запякло, што яны ня ведалі куды бегчы. Урэшце пабеглі да вясковай фэльчаркі, і тая дала ім нейкую мазь.

Першую туалетную паперу ў рулёнах прывозілі з Масквы. Была яна летувіскай вытворчасьці. І калі да полацкага вакзалу прыбываў маскоўскі цягнік, на пэрон выходзілі пасажыры з валізамі ў руках і зь вяроўчынай на шыі, на якую былі налыганыя дэфіцытныя рулёны.

Пэўны час падцірачную паперу прадавалі толькі льготным катэгорыям грамадзянаў – інвалідам, вэтэранам. Потым яна зьявілася ў вольным продажы. Напачатку яе ня надта і бралі. І толькі калі пайшла чутка, што газэтная фарба можа выклікаць рак кезаўкі, амаль у кожнай хатняй прыбіральні зьявіўся рулён туалетнай паперы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG