Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добры сон – найлепшы спосаб на запамінаньне


Кастусь Бандарук, Прага Згодна з высновамі амэрыканскіх навукоўцаў, найлепшы спосаб, каб запомніць тое, што мы вывучылі, – выспацца.

Навукоўцы склалі сьпіс 20 пар выпадковых слоў без аніякай лягічнай сувязі і прапанавалі іх запамятаць сарака васьмі мужчынам і жанчынам. Удзельнікі дасьледаваньня былі падзеленыя на 4 групы, кожная зь якіх атрымала сваё заданьне. Адна група знаёмілася з гэтымі словамі ўвечары і павінна была згадаць іх раніцаю, другая вывучала словы раніцаю і здавала экзамэн увечары, трэцяя вучылася ўвечары, але раніцаю неспадзявана атрымлівала дадатковыя пытаньні, і, нарэшце, чацьвертая група вывучала словы раніцаю, але ўвечары таксама была зьнянацку нагружаная іншай інфармацыяй. Аказалася, што раніцаю словы, вывучаныя ўвечары, згадалі 94 % тых, хто добра выспаўся, і 82 % тых, хто ня спаў. Калі, аднак, удзельнікам дасьледаваньня за 12 хвілін перад экзамэнам было даручанае новае заданьне, дык вынік быў яшчэ болей відавочны. Ранейшае заданьне згадалі 72 % тых, хто добра адпачыў, і толькі 32 % тых, хто ня спаў.

“Сон – гэта не пасіўны стан, але дынамічны, нэўрабіялягічны працэс. Запамінаньне працягваецца падчас сну”, – кажа нэўроляг з Гарвардзкага ўнівэрсытэту Джэфры Эленбоген. Іншы вучоны Фрэнсіс Крык, які вывучаў структуру ДНК, лічыў, што ў часе сну адбываецца сэлекцыя інфармацыі, набытай цягам дня. Мозг упарадкоўвае склад памяці, каб не ператварыць яго ў сьметніцу. Інакш наш мозг прымаў бы ўсё і не захоўваў бы нічога.

Шмат каму прыходзіцца працаваць уначы і спаць днём. Вучоныя пацьвярджаюць, што ад пары сутак залежыць працэс запамінаньня. Мы значна горш запамінаем тое, што вывучылі ўначы. Уначы супакойваюцца розныя гарманальныя працэсы (напрыклад, вытворчасьць картызолу – гармону стрэсу), але актывізуецца гармон росту. Раніцаю ўзровень картызолу, а таксама тэмпэратура цела падвышаюцца, і менавіта тады мы найболей актыўныя і прадуктыўныя. Гэта таксама зьвязана з узьдзеяньнем сьвятла на наш арганізм. Проста лепш за ўсё рыхтавацца да нейкага экзамэну, працы або выступленьня на працягу дня, пасьля добра выспацца ў звычайную, начную пару і тады зранку будзем найлепей памятаць тое, што вывучылі напярэдадні, і найлепей выканаем тое, што павінны выканаць.

Дадам яшчэ, што нармальны здаровы сон павінен доўжыцца ў сярэднім 7 гадзін. Паводле навукоўцаў з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту, калі мы сьпім на гадзіну карацей або на гадзіну даўжэй, дык рызыка сьмерці павялічваецца адпаведна на 8 % і 12 %.
XS
SM
MD
LG