Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму краіны Эўразьвязу пашыраюць гандаль зь Беларусьсю


Радыё Свабода Дзяржаўная афіцыйная статыстыка называе цікавыя лічбы: за першыя пяць месяцаў сёлетняга году экспарт Беларусі ў краіны Эўразьвязу склаў больш за палову ад усяго аб''ёму продажу на зьнешні рынак. Гэта азначае, што Эўразьвяз, які жорстка крытыкуе кіраўніцтва Беларусі ды забараняе ўезд на свае тэрыторыі 33 чыноўнікам, ня толькі не памяншае свайго імпарту зь Беларусі, а наадварот закупляе тут усё больш і больш.

Прапорцыя паміж продажам беларускіх тавараў на рынак Расеі і рынак Эўразьвязу апошнім часам няўхільна зьмяняецца: на Захад прадаюць больш і больш, а сябрам па так званай Саюзнай дзяржаве - усё менш і менш. Апошнія лічбы выглядаюць так - у Эўразьвяз ужо 50,4% усяго экспарту, у Расею - 40,9%.

У гэтай справе выразна бачныя два аспэкты - палітычны і эканамічны. Датычна першага палітоляг Андрэй Фёдараў падкрэсьлівае, што лідэры беларускай апазыцыі ніколі не раілі Захаду ўводзіць эканамічныя санкцыі супраць сваёй краіны, паколькі такія захады могуць нэгатыўна адбіцца на дабрабыце насельніцтва Беларусі:

(Фёдараў: ) "Калі б заходняе кіраўніцтва вырашыла радыкальным чынам узьдзейнічаць на Беларусь, можна было б весьці гаворку пра эканамічныя санкцыі. Але супраць іх выступае і беларуская апазыцыя. Той жа Аляксандар Мілінкевіч, знаходзячыся ў Эўразьвязе, неаднаразова падкрэсьліваў, што апазыцыя не падтрымлівае такіх санкцыяў, бо яны могуць не прывесьці да такой сытуацыі, калі насельніцтва пачне абурацца. Наадварот, з улікам той прапаганды, якая існуе ў Беларусі, афіцыйныя ўлады зробяць усё, каб кансалідаваць электарат вакол сябе і настроіць яго супраць Эўразьвязу. Таму, калі няма заклікаў адсюль, чаму Эўропа мусіць бегчы наперадзе цягніка?"

І ўсё ж узьнікае пытаньне: у чым сакрэт росту імпарту зь Беларусі? Няўжо беларускія тавары сталі настолькі якаснымі? Эканаміст Леанід Злотнікаў тлумачыць, што хаваецца за "прыгожымі" лічбамі:

(Злотнікаў: ) "Больш паловы беларускага экспарту ў Эўразьвяз - гэта нафта і нафтапрадукты. Гэта кан''юнктурная й часовая зьява, якая тлумачыцца тым, што імпартнае мыта на нафту ў Беларусь амаль на 100 даляраў за адну тону меншае, чым у Расеі. І атрымліваецца, што прадаваць нафту ды вырабы зь яе цяпер выгадней і беларускім уладам, і прыватным уладальнікам расейскіх нафтавых кампаніяў. Таму ў Беларусь і паступае нафты прыкладна ўтрая болей, чым спажывае Беларусь на свае ўласныя патрэбы".

Леанід Злотнікаў дадае, што яшчэ 30% беларускага экспарту ў Эўропу складаюць лесаматэрыялы, калійныя ўгнаеньні ды мэталапракат:

(Злотнікаў: ) "Мы ператвараемся ў такі сыравінны прыдатак разьвітых краінаў, Беларусь пачынае вось такое займаць месца ў міжнародным гандлі".

Думка, выказаная вядомым эканамістам, мае пацьверджаньне і афіцыйнай статыстыкай. Згодна зь ёю, найбуйнейшым гандлёвым партнэрам Беларусі з краінаў Эўразьвязу сёлета сталі Нідэрлянды, якія абыходзяць і Нямеччыну, і Вялікую Брытанію, і Польшчу, і Літву... Менавіта Нідэрлянды і закупляюць цяпер у Беларусі шмат сырой нафты, мазуту, бэнзіну...
XS
SM
MD
LG