Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае мастацтва можа стаць прыдаткам ідэалёгіі


Радыё Свабода Агляд некаторых публікацыяў у недзяржаўным друку

Газэта “Жодинские вести” паведамляе пра здарэньне на чыгунцы, якое адбылося на мінулым тыдні. Машына для рамонту рэек ня здолела спыніцца на сыгнал забароны, бо ў яе не спрацавалі тармазы, у выніку адбылося сутыкненьне зь цягніком, які ішоў па тых самых рэйках. Адзін чалавек загінуў, яшчэ некаторыя атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці.

“Белгазета” піша пра тое, што дзяржава выдаткавала паўмільярда рублёў на разьвіцьцё айчыннага мастацтва. Так, шэсьць тэатраў атрымалі гранты на пастаноўку новых спэктакляў, эстрадна-сымфанічны аркестр Гарадзенскай абласной фільгармоніі атрымаў сродкі на стварэньне канцэртнай праграмы “Беларусь вітае сяброў”. Частка сродкаў пойдзе таксама на выданьне некаторых кніг – напрыклад, пра жыцьцё й творчастць Міхаіла Фінберга й Расьціслава Янкоўскага. Але пра падтрымку сучасных плыняў мастацтва гаворка ня ідзе, што, на думку аглядальніка “Белгазеты” Віктара Марціновіча, можа прывесьці да таго, што мастацтва стане прыдаткам ідэалёгіі.

Чаму алімпійская чэмпіёнка 2004 Юлія Несьцярэнка на турніры па лёгкай атлетыцы ў Менску заняла толькі чацьвёртае месца? Гэтую тэму дасьледуе сёньняшняя “Камсамолка”. Паводле мужа беларускай бягуньні, Дзьмітрыя Несьцярэнкі, Юлія мела праблемы са здароўем, яна паўгоду лекавала сьпіну. Цяпер яна паціху вяртаецца ў форму й рыхтуецца да чэмпіянату Эўропы.

А інтэрнэт-выданьне “Салідарнасць” высьвятляе, чаму беларускія прыгажуні ня ўдзельнічаюць у конкурсе “Міс Усясьвету”. Сёлета на гэтым прэстыжным конкурсе перамагла дзяўчына з Пуэрта-Рыка. Як цьвердзяць праўстаўнікі Нацыянальнай школы прыгажосьці, шансы славянак перамагчы невысокія – там апошнім часам аддаюць перавагу лятынаамэрыканкам, бо яны яркія, экзатычныя. Але асноўная праблема – гэта грошы. За ўдзел у конкурсе трэба заплаціць 20 тысячаў даляраў. Для Нацыянальнай школы прыгажосьці гэта значная сума. Таму пакуль беларускія красуні рыхтуюцца да выступу на “Міс Сьвету” (памер унёску там 10 тысячаў даляраў), а таксама да конкурсу “Міс Эўропа” – там трэба заплаціць усяго 500 эўра.
XS
SM
MD
LG