Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Застаецца толькі бін Ладэна запрасіць, і будзе поўны шэраг"


Радыё Свабода, Менск У Беларусь з афіцыйным візытам прыехаў прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс. Ці лічаць беларусы цяперашнія міжнародныя кантакты пэрспэктыўнымі для краіны? Гэта пытаньне задавала мінакам на вуліцах сталіцы наша карэспандэнтка.

(Cпадар: ) “Я ўчора толькі прыехаў з адпачынку, таму ўсімі гэтымі нюансамі не валодаю: хто куды прыехаў… Але ў цэлым мы сябруем з тымі краінамі, зь якімі ніхто асабліва не сябруе. Гэтыя краіны таксама шукаюць падтрымку з боку нашага лідэра і з боку іншых дзяржаваў, якія не ўваходзяць ў “вялікую васьмёрку”.

(Спадарыня: ) “Чулі, што нехта прыехаў. Чулі, што ў Аргентыны…(ой, што я кажу!) крыху больш чым на чатыры з паловай тысячы даляраў прадукцыі закупілі за ўвесь год”.

(Карэспандэнтка: ) “ Як вы наагул ацэньваеце міжнародныя сувязі беларусаў зь іншымі краінамі?”

(Спадарыня: ) “Нармальна. Бацька наш мне падабаецца, няхай сябруе з усімі”.

(Спадар: ) “Безумоўна, што Уга Чавэс ёсьць нашым замежным сябрам, ганьба для нашай дзяржавы і для нашага народу. Ён ва ўсім сьвеце лічыцца ізгоем, мае вельмі адназначны імідж. Разумныя людзі, вядома, сьмяюцца, але гэта насамрэч ня сьмешна, гэта сумна. Застаецца толькі Бін Ладэна запрасіць, і будзе поўны шэраг.

(Спадар: ) “Гэты прыезд сьведчыць, якія нашы міжнародныя стасункі. Гэта значыць, што іх няма ніякіх. Адрэзаная краіна ад сьвету цалкам!”

(Дзяўчына: ) “Мне здаецца, можна б было супрацоўнічаць зь іншымі краінамі. Адпаведна, і да нас стаўленьне было лепей – з боку той самай Чэхіі, Польшчы”.

(Хлопец: ) “Было б сьмешна, калі б не было так сумна. Вось ужо 12 гадоў, здаецца, як мы сьмяемся. А насамрэч мы столькі магчымасьцяў страцілі з-за таго, што “лукоўская” замежная палітыка не накіраваная, як гэта прынята ва ўсім цывілізаваным сьвеце. Да прыезду Чавэса адмоўна я стаўлюся, як і да сяброўства з такімі сумніўнымі асобамі”.

(Спадар: ) “Сябраваць трэба, але не ўваходзіць у склад Расеі ці іншых краінаў”.

(Карэспандэнтка: ) “А зь кім сябраваць?”

(Спадар: ) “З Расеяй эканамічна. А таксама з Амэрыкай і з усімі эўрапейскімі краінамі”.

(Дзяўчына: ) “Я хачу, каб Беларусь сябравала з краінамі Эўразьвязу, Расеяй, Амэрыкай. Але тое, што мы сябруем з Ліванам, Іракам – сумнеўна. Трэба сябраваць з такімі краінамі, як Польшча, Літва, Гішпанія, Італія, Вялікая Брытанія”.

(Спадар: ) “Калі здаровыя, нармальныя стасункі з любой краінай сьвету – гэта добра”.

(Дзяўчына: ) “Мне здаецца, Беларусі трэба сябраваць з усімі краінамі, ня мець ніякіх ворагаў, але ж гэта трэба рабіць разумна”.
XS
SM
MD
LG