Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці рэальнае вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Вэнэсуэлы?


Радыё Свабода, Менск Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс завяршае свой афіцыйны візыт у Беларусь. Учора разам з Аляксандрам Лукашэнкам ён падпісаў палітычны мэмарандум наконт стратэгічнага супрацоўніцтва дзьвюх дзяржаў і абвесьціў пляны двухбаковай палітычнай і эканамічнай каапэрацыі.

Сёньня спадар Чавэс наведае Вайсковую акадэмію Рэспублікі Беларусь, пасьля чаго адляціць у Маскву, дзе мае быць падпісаным буйны кантракт на пастаўку ў Вэнэсуэлу расейскай зброі. Чаму ў Менску не было абвешчана ніякіх плянаў адносна закупкі беларускай зброі і абарончых сыстэм?

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс, які ў нядзелю выказаў захапленьне рэалізацыяй у Беларусі запаветаў Уладзімера Леніна наконт выкараненьня эксплюатацыі, учора ўвечары ў якасьці VIP-турыста наведаў мэмарыяльны комплекс “Лінія Сталіна”.

Там ён паглядзеў ваенізаванае шоў, патрымаў у руках чырвоны сьцяг і зброю часоў другой сусьветнай вайны. Пра жаданьне закупіць сучасную зброю з беларускіх арсэналаў публічна ён не выказваўся. Між тым некаторыя чыноўнікі з Дзяржкамітэту вайскова-прамысловага комплексу ў прыватных гутарках зазначалі, што ім хацелася б наладзіць свае пастаўкі ў Вэнэсуэлу. Аднак гэтаму будзе замінаць канкурэнцыя з Расеяй.

У мінулым СССР ня меў доступу на гэты рынак зброі. Цяпер жа Расея падпісала кантракт на продаж у Вэнэсуэлу найнавейшых самалётаў і аўтаматаў Калашнікава на суму мільярд даляраў ЗША, а неўзабаве прадасьць яшчэ партыю баявых верталётаў. Гаворыць вайсковы экспэрт з Менску Аляксандар Алесін:

( Алесін: ) “Мне падаецца, што мы тут з Расеяй цягацца ня зможам па аб’ёмах закупак. Думаю, што гаворка можа йсьці аб падрыхтоўцы вайсковых кадраў у галіне супрацьпаветранай абароны. Але вайсковая складаючая адносін не галоўная”.

На думку спадара Алесіна, нездарма арганізаваны візыт Уга Чавэса ў Вайсковую акадэмію. Акрамя таго экспэрт мяркуе, што беларускі ВПК мог бы прапанаваць Вэнэсуэле аўтаматызаваныя сыстэмы кіраваньня войскам, вайсковую электроніку, лязэрна-аптычныя сыстэмы. Беларускія прадпрыемствы могуць разьлічваць таксама на ўдзел у буйных расейскіх кантрактах у якасьці вытворцы асобных сыстэм і камплектуючых.

Як мяркуе менскі палітоляг Аляксандар Класкоўскі, імаверныя перамовы наконт паставак зброі з Беларусі ў Венэсуэлу так і застануцца ў таямніцы. Але гэта і не зьяўляецца галоўным зьместам кантактаў Менску і Каракаса, галоўны складнік тут ідэалягічны:

(Класкоўскі: ) “Падобных рэжымаў у сьвеце няшмат, і вось дэманстрацыя такой еднасьці, рашучасьці, тое, што называецца барацьба за шматпалярны сьвет (хаця я думаю, што многія расцэньваюць гэта іначай),– вось я думаю, што гэты ідэалягічны складнік ён таксама мае значэньне для абодвух бакоў, каб так бы мовіць адзін аднаго падбадзёрыць, узьняць баявы дух”.

Што да плянаў эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Вэнэсуэлай, то тут спадар Класкоўскі вельмі скептычны: нейкага прарыву ня будзе, тут больш рыторыкі, чым сапраўдных эканамічных пэрспэктываў.

Даведка:

Прэзыдэнту Венэсуэлы Уга Чавэсу 51 год. Ён паходзіць з індзейцаў, кар’еру пачаў як вайсковец, на пачатку 1990-х гадоў кіраваў няўдалай спробай вайсковага перавароту, за што два гады адбыў у турме. Пасьля амністыі на прэзыдэнцкіх выбарах 1998 года ён атрымаў 56 адсоткаў галасоў. У 2002 годзе няўзброеныя натоўпы грамадзян, незадаволеных ягоным кіраваньнем, адхілілі яго ад улады. Але празь нейкі час яму ўдалося вярнуцца ў прэзыдэнцкі палац. Уга Чавэс праводзіць адкрытую антыамэрыканскую палітыку. Сябруе з Фідэлем Кастра, падтрымлівае рэжымы ў Іране і Паўночнай Карэі. На Захадзе яго ўспрымаюць як папуліста і дыктатара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG