Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зоркі югаслаўскай эстрады


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Вось жа дзіўная рэч: хто б зь югаслаўскіх пяюноў не завітаў на гастролі ў Менск ці Маскву, іх абавязкова менавалі зоркамі. Мне неаднаразова даводзілася бачыць вулічныя расьцяжкі з надпісам “Зоркі югаслаўскай эстрады” ды пералікам нікому невядомых выканаўцаў. Зрэшты, прыяжджалі зь берагоў Адрыятыкі і праўдзівыя зоркі. І зоркай першай велічыні быў Джорджэ Мар’янавіч.

“Дэвойка мала”, -- хто з маіх аднагодкаў не памятае гэтай песьні, адной з самых папулярных у сярэдзіне шасьцідзясятых. Сьпяваў яе памянёны Джорджэ Мар’янавіч. Песьня займела сваю кружэлку і яе круцілі да поўнай зьнямогі. Шлягер займеў таксама некалькі рымэйкаў з рознымі тэкстамі. Найбольш запомнілася “Дэвойка” ў выкананьні Эміля Гараўца: “Ночным Белградом шли мы молча рядом”.

Неўзабаве зорка Мар’янавіча прытухла і на музычным небасхіле зазьзяла імя Радмілы Караклаіч. Усё замежнае ўваччу савецкіх гледачоў было пазначанае асаблівым флёрам. Ну а калі сьпявак ці сьпявачка зьяўляліся на экране ў авантажных апранахах, гэта выклікала сапраўдны фурор. Выступ Радмілы Караклаіч на “Блакітным агеньчыку”, дзе яна прасьпявала песеньку “Караблік”, стаўся падзеяй у жыцьці савецкіх людзей. Караклаіч была ў сукенцы на тонкіх шлейках, і ўсё былі перакананыя, што гэта ніжняя бялізна.

“Во дае дразда! – захоплена выдыхаў мой бацька, -- у панталёнах выйшла!”

У 1969 годзе талент Джорджэ Мар’янавіча зыркнуў новымі фарбамі. Сьпявак завітаў з гастролямі ў Маскву і ягоны выступ паказалі па тэлевізіі. “Шалёнае сэрца”, “Рамана”, “Мірза” – гэтыя песьні, як ніякія іншыя, убіліся ў памяць маіх аднагодкаў. Іх круцілі перад пачаткам тэлетрансьляцый, і мы, падлеткі, вярнуўшыся з заняткаў, адразу ўключалі тэлевізары. “Шалёнае сэрца” потым выконвалі самадзейныя артысты. Я нават чуў яго ў выкананьні трыа баяністаў. А песеньку “Мірза” жартуны пачалі сьпяваць на свой лад: «Зовут меня Мирза, работать мне нельзя. Работает Иван: он выполняет план».

Ну і, нарэшце, згадаем саліста гурта “Заграб” Івіцу Шэрфэзы. У сярэдзіне сямідзясятых песьні ягоныя круцілі ў рэстаранах правінцыйных гарадоў, і іх адразу замілавалі жанчыны. “Нелюбимая, нелюбимая…”, -- сьпяваў малады харват, і вочы жаночыя вільгатнелі. Так, сярод цыгарэтнага дыму ды кухоннага чаду прасьпявала сваю лебядзіную песьню апошняя зорка югаслаўскай эстрады.
XS
SM
MD
LG