Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа беларускага Інтэрнэту


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту 24 ліпеня.

Адной з галоўных сёньняшніх тэмаў беларускага Сеціва быў фэст “Басовішча”, матэрыялы аб якім пачалі зьяўляцца на сайтах і блогах.

На галоўнай старонцы сайту “Тузін гітоў” распачалося апытаньне на тэму “Як вам “Басовішча-2006”?” Сёньня па абедзе былі такія вынікі: Цуд! Лепей, чым летась — 7, Добра! — 4, Ну... Нармальна — 4, Горай, чым леташняе — 1, Дрэнна! — 3, Ня ведаю — 6. Далучайцеся да апытаньня, у першую чаргу, вядома, тыя, хто там быў.

Тэму “Басовішча” падтрымаў у сваім Жывым Журнале карыстальнік slaver. Ён разьмясьціў у Сеціве вялікі фотарэпартаж, а таксама гэтак выказаўся аб конкурсе маладых гуртоў: “Лепш за ўсіх, як мне здаецца, выступіў магілёўскі гурт “Nevma”. Але ў выніку галоўныя прызы — запіс альбому на студыі — атрымалі “S.D.M.” і “Parason”. Для зусім маладых сдмаўцаў гэта — цудоўная магчымасьць па-сапраўднаму заявіць аб сабе”.

А вось randooom у сваім ЖЖ-дзёньніку адзначае наступнае: “Басовішча сапраўды было афігенным. Пра вялікую колькасьць людзей (відавочна больш, чым мінулым разам) кажа нават тое, што скончылася ўся прадукцыя з лэйблам “Басовішча”. Проста ніхто не разлічваў на такую колькасьць людзей. У намётавым гарадку не хапала месцаў, таму прыйшлося яго пашыраць. Гэта праблемы не вырашыла, бо вольныя месцы былі занятыя ўмомант”.

Зьвяртаю вашую ўвагу на вельмі цікавы сайт, прысьвечаны тым, хто мае прозьвішча Матусевіч. Сайт аб’ядноўвае людзей са ўсяго сьвету. Сярод іншага вы зможаце пабачыць там разьдзел “Міс Матусевіч”, а таксама даведацца пра гісторыю прозьвішча, паглядзець радаводы і, магчыма, адшукаць сваякоў.

На сайце культавага аўтарскага праэкту “Драўляны зэдлік” аўтар вывесіў цэлую галерэю здымкаў зь Менску: назвы вуліц, прыпынкаў транспарту, інфармацыйных указальнікаў. Усіх іх аб’ядноўвае адно: граматычныя памылкі. Колькасьць фота наводзіць на невясёлы роздум…

Сярод навінаў на сайце belintellectuals.com сёньня можна было вычытаць наступнае: “Сцэнарыі 2020” на “Радиус FM”. Унікальны беларускі аналітычны праект трыумфальна скончыўся без спасылак на матэрыялы радыёстанцыі “Эхо Москвы”, большая частка якіх цягам 6 тыдняў бяз сораму зачытвалася вядучымі “Радиус FM”. У канцы артыкула гаворыцца: “У глябалізаваным сьвеце мадэм і браўзэр аказваюцца добрым інструмэнтам для праверкі таго, хто экспэрт, а хто плагіятар”.

І на заканчэньне — навіна з сайту аховы здароўя і мэдыцынскай навукі www.med.by Сёньня там можна было прачытаць: “Спэцыяльная клініка, якая прапануе хранічным геймерам паслугі па збаўленьню ад прывязанасьці да кампутарных гульняў, адкрылася ў Нідэрляндах”.

Дай Бог вам туды ня трапіць. Лепш дасылайце нам свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітрый Падбярэзскі, шчэ сустэнемся…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG