Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Служкі народа жывуць лепш за народ"


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за 22-24 ліпеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні па нумары 391-22-24.

(Спадар: ) “У мяне два пытаньні. Чаму Ўкраіна патрабуе вызваліць Казуліна, калі на Ўкраіне суцэльнае бязладзьдзе? Другое пытаньне. Вы заўсёды казалі, што “Вялікая Васьмёрка” падыме “беларускае пытаньне.” Дзе яно? Чаму пра гэта перасталі казаць? І трэцяе пытаньне. Жданко ваш заяўляе, што калі людзі вам тэлефануюць ці пішуць лісты, значыць, яны слухаюць вашую перадачу. Вашу перадачу можна слухаць толькі дзеля таго, каб паглядзець, якую подласьць рыхтуе Мілінкевіч і іншыя разам з Захадам. І другое. Пракамэнтуйце гэта, калі ласка, і прабачце, калі вас мае пытаньні не задаволілі".

(Спадар: ) “Паважаная “Свабода”, адказваю на вашае пытаньне. 12 ліпеня 1994 года адбылася першая інаўгурацыя Лукашэнкі. За больш, чым 12 год, маё жыцьцё значна пагоршылася. На пачатку 90-х я працаваў на розных пасадах у прыватных фірмах, зарабіў на свой першы аўтамабіль, упершыню ў жыцьці я ішоў з радасьцю туды на працу, таму што ведаў, што працую на сябе. Адкрыў з братам сваю фірму, займаліся выдавецкай справай. У 1997 годзе мая фірма пасьля шэрагу праверак была зачынена. Я, самастойны мужчына з дзьвюма вышэйшымі адукацыямі, не магу знайсьці належную працу ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. І такіх людзей у Беларусі шмат. Месца для сябе ў краіне Лукашэнкі я ня бачу, прыйдзецца шукаць заробак у Расеі. Адказваючы на вашае папярэдняе пытаньне, я лічу, што не Казуліна трэба было саджаць, а Лукашэнку. Дзякуй за ўвагу”.

(Віталь са Смаргоні: ) “Дзень добры “Свабода”! Адказваю на пытаньне. 12 гадоў гэта нямала для палітыка, асабліва для таго, хто абяцаў запусьціць прадпрыемствы ў кароткі час. Прыйшла маскоўская акупацыя, бязладзьдзе, свавольства чыноўнікаў, маргінальнасьць і п’янства ў грамадзтве, вяртаньне нквдэшна-кдбэшнага мінулага, карацей кажучы, – вычварэньне. Сацыялістычна-палітычная эпоха. Для мяне асабіста аніякіх зьменаў, толькі горай, так жа, як і ў грамадзтве. А грамадзтва гэта мы. Дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Добры вечар, паважаная “Свабода”! Пры праўленьні Лукашэнкі пагоршыўся стан жыцьця народа. Ну проста розныя спосабы прыдушэньня чалавека! Праў ня маем! Як жа мы можам жыць маральна і матэрыяльна?! Гэта ж усё ўзаемазьвязана! Маладыя людзі бяз працы ў калгасе, п’юць за сабраныя бутэлькі. Проста страшна глядзець – кожную костачку можна палічыць! Лукашыстаў не турбуе, што людзі ня маюць за што хлеба купіць. Адварочваюць галаву ад такіх жабракоў. Прыяжджаючы ў шыкоўных машынах, людзей падманваюць, што ім мала плацяць за працу. Ну проста вечныя рабы! Беларускую тэлевізію не глядзім. Там усе “накормленыя”, ім усім весела, і пракуратура за народ. Праўды не даб’есься анідзе. Так і здарылася з нашым кандыдатам Казуліным, што нідзе праўды не даб’есься. Нідзе! Вось табе ў вочы хлусяць, падманваюць!

(Спадар: ) “За 12 год зьмянілася тое, што людзі нашы пачалі больш піць, і стала больш разводаў. І яшчэ за 12 год ня стала існаваць 50 адсоткаў беларускіх …і няма ўжо паловы сельскай гаспадаркі. Ніхто нічога, пакуль Лукашэнка ва ўладзе. Цэны вырасьлі такія, што пэнсіянэр шмат чаго ня можа купіць свабодна. Жабрацкія пэнсіі. Беларусы едуць у Расею на заробкі. Няма працы. Вось лукашысты, гэтыя бальшавікі, якім пэнсіі вялікія плацяць, хваляць свайго “Бацьку.” А паглядзіце, што на вёсцы робіцца, як людзі па-жабрачы канцы з канцамі ня могуць зьвесьці. А колькі сіротаў стала ў Беларусі?! І кожныя суткі колькі злачынстваў?! Усё хваляць, што ціхі куточак у беларусаў. Дык гэта ж проста дзеля паказухі. А “Дажынкамі” колькі спаіў Лукашэнка людзей?!

(Спадарыня зь Магілеву: ) “За 12 год Лукашэнкавых толькі рэжым стаў добра жыць і ўсе, хто яго падтрымлівае. За 12 год народ Беларусі маральна задушаны дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі. За самую маленькую нязгоду з уладамі любога рангу ідуць арышты, турмы, зьбіцьці, зьнікненьні. За 12 год рэжым Лукашэнка раскалоў грамадзтва на тых, хто за яго, і тых, хто супраць, на багатых і бедных. Рэспубліка стала аднабокай, прарасейскай, ізаляваная ад Эўропы, амаль што ад усяго сьвету. Ва ўладзе ў Рэспубліцы Беларусь знаходзіцца эгаіст у вышэйшай ступені, які думае толькі пра сваё “я.” Як можа з такой уладай жыць народ? Адназначна, дрэнна. І лепшага жыцьця не прадбачыцца, пакуль ва ўладзе дыктатар”.

(Яцкевіч Аляксандр Анатольевіч зь Віцебску: ) “Я сёньня папярэдзіў КДБ аб тым, што вымушаны учыніць такую акцыю: з гармонікам ці з баянам мы, два інваліды, пойдзем па вагонах і будзем сьпяваць песьні, якія будуць ганьбіць не прэзыдэнта, але ўсіх гэтых алігархаў райвыканкамаўскіх, усіх, хто мае адносіны да нашай культуры. Я лічу, што мяне пазбавілі працы па кантракце зусім несправядліва. І я лічу, што гэта злачынства ў руках,хто трымаецца за ўладу. Гэта вялікае злачынства, і гэта вялікая-вялікая памылка прэзыдэнта і яго адміністрацыі, што такі рычаг дадзены ў рукі гэтым злачынцам. Вялікі дзякуй”.

(Віктар зь Менску: ) “Вельмі цікавая размова пра партыі, размова з лідэрамі партый, пра дзейнасьць партый: камуністы, БНФ, коні, зубры, ваўкі, “Згода” і гэтак далей. Я думаю, што КДБ, як думае зьяднаць камуністаў, так і разьяднала БНФ. А ў разьяднаньні БНФ разьяднала ўсю апазыцыю. Памятаеце, як у 88-90-х гадах маленькая група БНФ змагалася з бальшавізмам? Іх выступы па тэлебачаньні, радыё…Гэта быў глыток сьвежага паветра для ўсёй Беларусі. Вось дыктатар і адмяніў трансьляцыю іх выступаў і плакаў, бедалага, ад праўды. Змагайцеся за кожнага чалавека ў мясцовых саветах і на вышэйшых узроўнях. Як бы хаўрусьнікі дыктатара не фальсыфікавалі выбары, але гэта трыбуна для агітацыі народа і зьяднаньня, і атрыманьня праўдзівай інфармацыі. А просты неадукаваны народ цэніць толькі высокія пасады. І, калі ласка, не скарачайце выступы, гэта сорам! Дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я хачу вам паведаміць, што ў нас нічога не зьмянілася. Лукашэнка застаўся, а яго бюракраты ўціскаюць людзей, каб ім не было радасьці, каб мы нічога не гаварылі. Але я не баюся, я гавару, што мы хочам свабоды, што мы хочам культуры. А ў нас гэта ўсё забралі. Праўду жанчына казала па Радыё Свабода, што робяць гэтыя эўрарамонты, жывуць-нажываюцца, усё раскрадаюць, а людзей ўціскаюць. Так не павінна быць! Трэба нешта рабіць, каб Лукашэнку зьняць з пасады. Трэба абраць дэмакратычнага прэзыдэнта. Мы хочам іншага ладу жыцьця, дэмакратычнага, свабоднага. Дзякую за ўвагу”.

(Спадар: ) “Я вельмі незадаволены вашымі “падыгрываньнямі” рускай мове. Вы вось вялі гутарку пра штаны. Ніякіх штаноў у Беларусі не было! Як я нарадзіўся, на мяне адзелі порткі, а не штаны. Потым шмат рускіх слоў выказваеце! Ня нейкая там “сасна”, а хвойка! І давайце неяк пераходзіць не на гэтыя “Янкі Купалы-Якубы Коласы”, калі мы пад бізуном павінны былі ставіць гэтыя рускія словы, а на старадаўнія дзедаўскія і прадзедаўскія словы! Я проста зьдзіўляюся, колькі вы памылак робіце ў гутарках! Сур’ёзная радыёстанцыя, а пачынаюцца нейкія “трусы сямейныя”…Што да чаго?! Не магу зразумець! Вы хоць растлумачце, што да чаго!”

(Банкевіч зь Менску: ) “Выказваю сваё меркаваньне. Лічу вельмі слабай перадачу спадара Карбалевіча пра продаж “Белтрансгазу.” Нам, слухачам, кажуць, што ідзе гандаль і хаваецца захоп маёмасьці Беларусі – галоўная стратэгія эканамічнай экспансіі Расеі. Ужо “Свабода” ня згадве пра хвалёнае славянства, пра незалежнасьць. А рэальна Лукашэнка прадае Беларусь Расеі. Чаму маўчыце пра тэзісы Лукашэнкі аб шматвэктарнай пазыцыі? Ці адстойвае “Свабода” незалежнасьць Беларусі – вось галоўнае пытаньне. Дзякуй".

(Спадар: ) “Паважаная “Свабода”, адказваю на вашае пытаньне тыдня. Лічу, што 12 год таму адбылася найвялікшая трагедыйная памылка, калі быў абраны Лукашэнка. Гора прыйшло на Беларусь. Аб сабе. Асабіста я не магу зарабіць належны заробак, маючы дзьве вышэйшыя адукацыі. Адчуваю сябе гледачом нейкага тэатру абсурду, увесь час чуючы з дзяржаўныя СМІ цынічную хлусьню. Для сябе і сваёй сям’і я ня бачу будучыні ў гэтай атмасфэры страху, тупасьці і безнадзейнасьці, дзе любое разумнае, адрознае ад пункту гледжаньня ўлады, меркаваньне ўспрымаецца як варожае. На працы дырэктар сказаў мне, што ў мяне ёсьць на ўсё свой пункт гледжаньня, а гэта недарэчы, хоць часам ён і цікавіцца маім меркаваньнем. Падсумоўваючы, скажу, што мяне зноў загналі ў камуністычнае стойла”.

(Пэнсіянэрка зь Менску) "Асабіста для мяне нічога не зьмянілася: зьбіраем бутэлькі, зьбіраем макулатуру і потым стаім у чарзе, каб гэта ўсё здаць. У людзей старэйшага пакаленьня, якія перажылі вайну 41-га году, калі былі бамбёжкі і голад… Такое, як зараз адбываецца ў некаторых краінах, калі людзі пакутуюць, тады яны будуць радыя, калі няма ваенных дзеяньняў. Таму людзі сталага веку адказваюць, што ўсё добра. Так і пражываем век, ня бачым для сябе лепшага становішча. Але, калі зірнуць больш уважліва навокал, дык бачым, што той, хто бліжэй да ўлады, да банкаў, той добра сябе адчувае. Гэта відавочна. У іх добрыя катэджы, добрыя машыны, яны агароджваюцца і знаходзяцца ў іншых умовах. Служкі народа жывуць лепш за народ. Гэтак было раней, і гэта ж застаецца цяпер. Яны адпачываюць у Турцыі, дзеці іх вучацца ў навучальных установах за мяжой. Наогул, людзей падзялілі на тых, хто павінен жыць заможна і на тых, хто абы як. А калі некаторыя хочуць нешта зрабіць, каб павысіць дабрабыт, то іх садзяць за краты. Вось такое становішча ў нашага народу".

(Спадар) "Я наконт 12 год прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Лукашэнка – гэта лідэр для Беларусі, і ў сучасны час знайшоўся такі чалавек, які і павінен быць. Ён вывеў Беларусь зусім на іншы ўзровень. Беларусь стала прыгожай і вельмі добрай дзяржавай. Ёсьць людзям праца, адпачынак…Ёсьць і сацыяльныя праблемы. Але, калі нехта выказвае сваю незадаволенасьць, то гэта лайдакі і авантурысты. А палітычнае становішча поўнасьцю залежыць ад Захаду, ён аказвае ціск на Беларусь і ня хоча такога лідэра, а мы, усе беларусы, хочам. Наша Беларусь квітнее, яна зьмяніла свой воблік карэнным чынам. Але, калі мы яшчэ ня вельмі добра жывем, то ў гэтым вінаваты толькі Захад, толькі ён. Бо ён прымушае трымаць і нашую армію, і нашую міліцыю, бо мы незалежная дзяржава, а вы, амэрыканскія прапагандысты, толькі таго і хочаце, каб нам было дрэнна".

(Спадар) На пытаньне, ці стала нам лепш жыць за гэтыя 12 год, я ясна адкажу, што ў параўнаньні з тым часам, калі разваліўся Савецкі Саюз і парад гэтым, наша жыцьцё было проста раем. Хоць заробкі былі невялікія, але прадукты літаральна ўсе даступныя. Ну, самі ведаеце: хлеб 14 капеек і гэтак далей. Ня трэба гэта паўтараць, гэта ўсім вядома. Адукацыя была бясплатнай, а галоўнае, бясплатнай была мэдыцына. Цяпер усё гэта закабалена. Адразу пасьля развалу было дрэнна, бязладзьдзе нейкае было, чэргі нейкія былі, страшна проста! Дык калі параўнаць з тым, што пасьля развалу года два-тры было, то ў параўнаньні з гэтым палепшылася безумоўна, як неба і зямля! А што датычыць часу да развалу, дык таксама, як неба і зямля. Прынесьлі ў наша жыцьцё нейкія праблемы гандлярскія, дзікасьці…Напрыклад, у паліклініцы да акуліста я зьвярнуўся, у першую паліклініку, да Івановай. Яна кажа: “Я гэта не лячу. ” Але лечыць, а ты зьбірай грошы і едзь за мяжу. Там лячы. Вось дух які! І наш, вельмі паважаны Аляксандр Рыгоравіч , залатымі літарамі трэба напісаць тую бязглузьдзіцу, што яму там сказалі пра тое, што людзі ня хочуць лячыцца і гэтак далей. Гэта я толькі 2-3 прыклады прывёў. У параўнаньні з тым, што было ў СССР – гэта жах! Ёсьць факты, што жыць стала значна горш. Што гэта за факты? Напрыклад, медыцынскае абслугоўваньне. Гэта ўсё адтуль ідзе, з адміністрацыі прэзыдэнта. Гэта ён там зь міністрамі сваімі ўсталёўвае. Літаральна толькі грошы важныя. Толькі грошы, усе пераводзіцца на платнае. Гэта першае. Вазьміце вы ЖЭС. Тут наогул такі бардак, якога сьвет ня бачыў. Раней ЖЭС усё бясплатна рабіў, але нядрэнна. А цяпер заплаціш, а зробяць так, што проста жах! Вазьміце адукацыю Навыдумвалі нечага! І ўсё на платнае. Шмат платнага. У чым рэч? Чаму? У мэдыцыне нават паліцэйскія мэтоды. Вазьміце звароты куды-небудзь, навядзеньне парадку…Фармальна ўспрымаюць правільна, а па сутнасьці…

Я наконт артыкулу ў “Советской Белоруссии” некага Гусева, які вясёлкавымі колерамі распісаў усяму беларускаму народу пра тое, што яны там наверсе адмянілі пакараньне за маленькія праступкі. І ўсё там гаворыцца пра закон. Усё паводле закону. Які там закон?! Вычварэнства гэта! Закон аб’ектыўны. Дзе там аб’ектыўнасьць?! Гэта суб’ектывізм! Чыноўнікі, скнары, у якіх асьліныя вушы тырчаць за кожным такім “законам.” Я прыводзіў прыклады. Жанчыну пасадзілі на 1,5 года за некалькі літраў малака. Адарвалі ад сям’і, адарвалі ад працы (яна даярка)…Гэта ж праступак…Ну, аштрафавалі б яе. І сама па сабе гэта падзея для чалавека нармальнага ўжо вельмі вялікая кара. І дастаткова гэтага. І нарэшце, гэтыя нюхалі-нюхалі і бачаць, што гэтых праступкаў не становіцца менш, а ўсё больш і больш. І гледзячы на гэтыя дзікія, барбарскія законы…Што гэта за законы? Вось так і ў многіх іншых сфэрах. Хай людзі жывуць, хай зарабляюць. Я б на кожным вуглу паставіў шапікі…"

(Спадар) "Слухайце, “Свабода”, вы ўжо даканалі людзей гэтымі сваімі раскладкамі. Усё мусоліце і мусоліце ўвесь час! Вы ўжо горш за гэтую лукашэнкаўскую прэсу!

(Спадарыня) "Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Сёньня нядзелька і я вам хачу вам пажадаць самага найлепшага дня, радасьці. Дзякуй за ўвагу".

(Прафэсар Мікола Савіцкі) Адказ на пытаньне, як зьмянілася наша жыцьцё за 12 год. Зьмянілася істотна, зьмянілася грунтоўна, зьменшылася сьвятло ў тунэлі надзеі жыць, як жывуць усе людзі ў сьвеце, у роднамоўным беларускім асяродзьдзі. Хто з нас сустракаў рускага чалавека, які нарадзіўся ў Беларусі і гаварыць па-руску ня ўмее? Такіх няма. Гэта ж дзікунства! Дык куды ж нас прывяла і працягвае весьці наша ўлада? У нікуды. Да зьнікненьня магутнага старажытнага этнасу. Некалькі фактаў. Першы і галоўны. Закон аб мовах, прыняты камуністамі ў 1990 годзе, цяперашнімі ўладамі быў сілавымі мэтадамі адменены, прыпынена выкананьне дзяржаўнай праграмы разьвіцьця беларускай мовы. Нагадаю, самы доўгі тэрмін выкананьня закона аб мовах быў устаноўлены 10 год. Каб гэты закон і дзяржаўная праграма былі выкананы, то Беларусь сёньня была б сапраўды эўрапейскай дзяржавай. Другі факт. Зьніклі ўсе школы, якім быў заканадаўча нададзены статус беларускамоўных школ. Трэці факт. Зьніклі беларускамоўныя дашкольныя ўстановы: садкі, ясьлі і гэтак далей. Чацьверты факт. Так і не з’явіўся ні адзін беларускамоўны ўнівэрсытэт, а ў існуючых сфэра ўжытку беларускай мовы ў навучальным працэсе загнана пад лаўку рэктара. Пяты факт. Так, Менск стаў прыгажэйшы, чысьцейшы, але не беларускі як па форме, так і па зьмесьце. Няўтульна сэрцу беларуса ў рускамоўным асяродзьдзі сталіцы Беларусі. Шосты факт. Дэградацыя і выміраньне беларускай вёскі дасягнулі крытычна небясьпечнай мяжы, расьцвіў алкагалізм. Сёмы факт. За 12 год мой прэзыдэнт і прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка так і не асэнсаваў ролі і месца беларускай мовы, мовы карэннага этнасу для адраджэньня сапраўды незалежнай і вольнай Беларусі, так і не навучыўся гаварыць зь беларусамі, са сваёй паствай па-беларуску. Ну, хопіць. Такім чынам, маем тое, што маем. А маглі ж мець, маглі жыць, як усе людзі жывуць у сваёй мове, сваёй культуры, сваёй гісторыі. З надзеяй і верай у гэты час".

(Спадар) "Дык вось я думаю, той правіцель дзяржавы, які піша законы і іх выконвае, называецца самадзержцам, а той, які законы піша, а потым іх мяняе, як у нашай дзяржаве, ужо не самадзержац, а дэспат. Дзякую".

(Спадар) "Я наконт таго, ці палепшылася жыцьцё за 12 год працы Лукашэнкі. Я лічу, што ў многім зьмянілася жыцьцё людзей у лепшы бок. Калі Лукашэнка стаў кіраўніком, не было грошай ні ў людзей, ні ў дзяржаве. У крамах не было нават мыла. А цяпер у крамах, чаго толькі душа жадае. Я калгасьнік, пэнсіянэр, атрымліваю 220 тыс. І ня сяду есьці без каўбасы. Калі гэта такое было?! А дэмакраты, паводле вашага радыё, усё плачуць, што дрэнна і дрэнна. Ня ведаю, калі ім было лепш жыць. Ні адзін дэмакрат нідзе не працуе. А ў любой дзяржаве, як і дома, чым больш працуеш, тым лепш жывеш. Якую карысьць прыносяць дэмакраты дзяржаве? Іх трэба ўсіх сабраць і на прымусовую працу, на “хімію” завезьці. Вось тады яны зразумеюць. Таго, хто за Лукашэнку, яны называюць “лукашыстамі”, лукашысты – гэта працавіты народ. Вось фашысты, якія ходзяць пад бела-чырвона-белым сьцягам, у іх рукі ў крыві яшчэ ад нямецкай эпохі. Не працавалі ні пры немцах, ні пры саветах, ні цяпер працаваць ня хочуць.
XS
SM
MD
LG