Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся з роднымі арыштаваных членаў “Партнэрства”


Радыё Свабода. Да жонак і сясьцёр лідэраў грамадзкай арганізацыі “Партнэрства”, якіх ужо шосты месяц трымаюць за кратамі, сёньня прыйшоў былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Мілінкевіч. Разам зь ім была й жонка, Іна Кулей, якая ачольвае грамадзкі Камітэт абароны рэпрэсаваных.

Невялічкі пакой, дзе адбывалася сустрэча, літаральна сьвяціўся ад прыгожых твараў, кветак, цацак ды іншых падарункаў. І кожны, хто нешта тут прамаўляў, найчасьцей ужываў два словы: “Трымайцеся!” й “Дачакайцеся!”. Эла Гарэцкая – актывістка Камітэту ў падтрымку палітычна зьняволеных, чый сын таксама пацярпеў за свае палітычныя погляды, гаварыла:

(Гарэцкая: ) “Дачакайцеся сваіх мужоў. Мы жадаем трошачкі цярпеньня, моцы й добрага здароў’я вашым дзеткам, якія ёсьць і якія маюць нарадзіцца. Мы перадаём ім падарункі”.

Аляксандар Мілінкевіч падкрэсьліў, што ён верыць у мужнасьць арыштаваных і іхных жонак:

(Мілінкевіч: ) “І ў вас моцны дух, і ў іх моцны дух. Яны пакутуюць не за сябе – за людзей, за Беларусь”.

Жонка Міколы Астрэйкі, Паліна, якая чакае дзіця, прызналася, што яна пакідае сустрэчу ў прыўзьнятым настроі:

(Паліна Астрэйка: ) “Заўсёды, калі адчуваеш падтрымку з боку людзей, якія не сваякі й нават не сябры, якія ў такой складанай сытуацыі робяцца надзвычай блізкімі, – гэта дапамагае й маральна падтрымлівае. Дзякуй ім усім, і будзем спадзявацца на лепшае".

Іна Кулей гаворыць, што гэта ўжо ня першая сустрэча. Яна патрэбна ня толькі дзеля падтрымкі, але й каб вырашыць, хто чым канкрэтна зоймецца падчас судовага працэсу:

(Кулей: ) “У кожнага свая задача: хтосьці паклапоціцца, каб амбасадары прыехалі, хтосьці запросіць мэдыі. А наша справа – крэслы паставіць, пра парасон паклапаціцца, каб вада была. Бо, зразумела, гэтыя жанчыны не адыдуцца ад будынка суду. Столькі дзён там давядзецца знаходзіцца! Іх трэба папросту падтрымаць! Фізычна падтрымаць, бо ім будзе тады не да ежы й не да пітва”.

Суд над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” будзе закрытым і пачнецца 28 ліпеня. Цяпер за кратамі чакаюць суду Эніра Браніцкая, Аляксандар Шалайка, Мікола Астрэйка й Цімафей Дранчук. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі й замаху на правы грамадзян.
XS
SM
MD
LG