Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Як зьмянілася вашае жыцьцё за 12 гадоў кіраваньня Лукашэнкі?”


Альгерд Невяроўскі, Менск 20-га ліпеня споўнілася 12 гадоў зь першай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Як зьмянілася Ваша жыцьцё за гэты пэрыяд? Апытаньне ў Менску.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, як зьмянілася ваша жыцьцё за 12 гадоў кіраваньня Беларусьсю Аляксандрам Лукашэнкам?”

(Спадар: ) “Зьявілася ўпэўненасьць у будучыні”.

(Спадар: ) “Ёсьць пазытыў, ёсьць і нэгатыў – павышэньне цэнаў. Калі раней у дзяржаўнай структуры я атрымліваў 350 даляраў, то цяпер у мяне каля 600 даляраў. Але калі ўзяць цэны ранейшыя й цяперашнія, то нічога не зьмянілася. Кажуць, у нас павышаюцца зарплаты, але ж і цэны растуць”.

(Пэнсіянэрка: ) “Зьмянілася ў лепшы бок. Дыхаць стала свабодней. Я вельмі паважаю свайго прэзыдэнта, але мяне хвалюе, што дрэнна працуюць мясцовыя ўлады”.

(Спадарыня: ) “Шмат складанасьцяў”.

(Спадар: ) “Зьмянілася, але не значна, і не ў самы лепшы бок. Я маю на ўвазе грамадзка-палітычнае жыцьцё параўнальна з пачаткам 90-х. Яно спрасьцілася, зьмянілася й цалкам кантраляванае”.

(Спадарыня: ) “Спачатку было цяжка – і нам, і прэзыдэнту. Цяпер лягчэй. Ёсьць надзея на будучыню. Адзінае хацелася б: каб вырашалася жыльлёвае пытаньне”.

(Спадар: ) “Зьмянілася ў лепшы бок. Ідзе добраўпарадкаваньне”.

(Спадар: ) “Лічу, што шмат непатрэбнага будуецца. Ня ў тое ўкладаюцца грошы. Я разумею, што прэзыдэнт займаецца спортам, але лічу, што такое будаўніцтва непатрэбна”.

(Спадар: ) “Асабіста мне з кожным днём усё лепей і лепей”.

(Хлопец: ) “Мне здаецца, што стала нашмат менш свабод. Я не адчуваю сябе свабодным. Мне не даюць разьвіцца, не даюць самарэалізавацца. Іду па вуліцы са значком “За свабоду!” – падыходзіць міліцыя й пытае, што за значок, што такое. Хіба гэта свабода, калі я не магу рабіць, што хачу, і апранацца, як хачу?”

(Пэнсіянэр: ) “Ніяк. Як было жабрацтва, так і засталося”.

(Хлопец: ) “Улічваючы, што цягам гэтага часу я зьмяніў некалькі месцаў працы, дык яно нават палепшылася. Але яно палепшылася не таму, што мной кіраваў гэты прэзыдэнт, а таму, што я працаваў”.
XS
SM
MD
LG