Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Сьвятлана Длатоўская


Сьвятлана Длатоўская, Менск (эфір23 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”

Свае асабістыя нататкі мінулага тыдня падае Сьвятлана Длатоўская зь Менску – дызайнэр сярэднявечных беларускіх строяў, якімі яна спрабуе ўдасканаліць вобраз сучаснай беларускай жанчыны.

17 ліпеня, панядзелак

Мой новы тыдзень – пад знакам свабоды: дачка-ліцэістка вымушаная ў Польшчы датэрмінова пачынаць чацьверты год партызанскага навучаньня, сын-гімназіст таксама выправіўся ў замежжа прадэманстраваць тату, чым ёсьць дзеці бяз мамы і пабачыць, ува што ператвараецца бяз мамы тата. Ня трэба ні пра што турбавацца, можна нават не зазіраць на кухню, а ўпершыню за 17 гадоў думаць і клапаціцца выключна пра сябе адзіную і непаўторную. Але спачатку ўсё ж варта дамучыць гэты шматпакутны кавалак тканіны, які ўжо некалькі месяцаў імкнецца стаць глямурнай кашуляй. Трэба тэрмінова наведаць адно месцейка і прыцягнуць адтуль у свой схарончык даволі мажнога мужчынку аб адной назе. “Твой любімы памер” – цынічна кпіць сяброўка. “Не, мой любімы кошт. А ўвогуле такія не ў маім гусьце – сутулаваты, хоць і абсалютна стандартны, ды бяз рук. Хіба ж гэта мужчына?”—адказваю назоле і рашуча стаўлю манекен у кут. Адкідаю голкі, ніткі, анучы, бо спазьняюся да лекара. Файна мець прыватнага лекара, асабліва калі гэта валеоляг, касмэтоляг і масажыст у адной абалонцы. Маленькі пакой, карціны на сьценах, незнаёмая музыка: грузінскі шансанье, квартэт амерыканскіх кастратаў, піцерскі панк. Вінавата ўсьміхаецца падкрэсьлена апалітычны, дзяжурна-ветлівы, можа празьмерна саладжавы, але цалкам сымпатычны гаспадар, беручы ў мяне дыск Шалкевіча.

18 ліпеня, аўторак Даю адпачыць стомленым вышыўкай вачам, нагружаю вушы: тэлефаную іншым ліцэйскім матулям. Даўно ня бачыліся. Цэлых два тыдні. Калі разьвітваліся, у кожнай было нешта ня так: у Вэрці развод, у Томы памерла маці…

Цяпер хоць ад Лілі добрыя весткі: малодшы сын-рызыкант, адвучыўшыся ўсяго 10 гадоў, здаў пасьпяхова экстэрнам экзамэны за сярэднюю школу і ўжо паступіў на філёзафа. У Варшаве. Яе старэйшаму – выдатнаму мастаку – далі-ткі адтэрміноўку ад войска.

Вярнулася з Польшчы Сьвета: на свае вочы пабачыла – ліцэістам добра. І мне ня трэба будзе пэўны час займацца аўтатрэнінгам: разгортваць зашмальцаваную брашурку з тэкстам закону РБ і Канвэнцыі ААН “Аб правах дзіцяці” і голасна, выразна цытаваць самой сабе: “Усе дзеці маюць роўныя правы незалежна ад іх паходжаньня, расавай, нацыянальнай і грамадскай прыналежнасьці, сацыяльнага, маёмаснага становішча, полу, мовы, адукацыі, стаўленьня да рэлігіі, месца жыхарства, стану здароўя і іншых абставінаў, што тычацца дзіцяці і яго бацькоў. Кожнае дзіця мае права на атрыманьне адукацыі на роднай мове і выбар навучальнай установы…”

19 ліпеня Серада абяцала быць напоўненай ціхай радасьцю: забіраем нашу Кацю з радзільні. Шчасьлівыя бацькі, здаровенькая, доўгачаканая дачушка і сястрычка. Што можа папсаваць настрой замілаваным родзічам і героям дня? Калі ў вас раптоўна адключаюць як халодную, так і гарачую ваду – вы жывяце ў цэнтры нашай сталіцы. А невыносны грукат і пыл з-за вокнаў – уздоўж праспэкту выкладаюць пліткай ходнікі. Я такі гармідар перажыла гады два таму: ад вібрацыі са спарахнелых сьценаў пазьляталі карнізы і немагчыма было ўседзець нават на мяккай канапе – ляскалі сківіцы ў такт трамбавальнікам. Але ж у мяне не было тады, як сёньня ў сястры, на руках 5-дзённага немаўляткі. Настрой ужо нічым не палепшыць, значыць трэба дарабіць яшчэ што-небудзь непрыемнае, што даўно адкладалася на потым. Напрыклад, зьездзіць у N-скі сельсавет заплаціць падаткі. Тыдні са тры таму, нягледзячы на сьпёку, ужо спрабавала выканаць сьвяты абавязак, але кранальна-інфарматыўная абвестка – “пайшла ў банк” – не дазволіла атрымаць душэўнай палёгкі. Сёньня ўсё зладзілася, цяпер не дае спакою пытаньне: навошта я гэта раблю? Някепскі кавалак зямлі, пад дах выведзеныя будыніны і аніякай пэрспэктывы нешта зрушыць далей. Раблю кола гонару вакол дому і лазьні, зважаю, што падсох каштанчык і добра падрос дубок, і разумею, што гэта ўжо – не маё. Адной ня здужаць, а ініцыятар, што так заўзята ўсё пачынаў, пераляцеў туды, дзе дамы выскокваюць як грыбы і іншы народ дзеля гэтага ўсё зрабіў.

20 ліпеня, чацьвер Тэлефаную Аксане, паэтцы-жабцы, цікаўлюся справамі з нумарам “Паміжу”, што ўжо год чакае свайго выхаду ў сьвет. Перажываю за састарэлыя пытаньні, што складала для гутаркі са спадаром Анціпенкам і за безнадзейна страціўшую актуальнасьць вокладку. Руплівая Аксана ні пры якіх абставінах не пакідае плёхаць лапкамі, каб нешта адбылося, але ўсё ж сумна выдыхае ў слухаўку: пакуль нічога суцяшальнага. Так, мы дакладна трапілі не ў малако. І я пакуль старанна вучуся, як раяць стваральнікі жаночых цэлюлітных комплексаў, быць на факстроце і ў шакалядзе. Сёньня апошні сеанс масажу. Мой мілы лекар таксама неўзабаве выпраўляецца працаваць у краіну з больш спрыяльным кліматам, бо, па ягоных словах, толькі за мінулы год з Менску зьехала каля 80 яго самых плацёжаздольных кліентаў. І я скарыстоўваю ўсе магчымасьці, каб расьцягнуцца, бы тая шклавокая корні, на старым масажным стале. Ухопліваю, як пачынаюць сваю варажбу моцныя, спрытныя рукі, абвітыя мудрагелістай вязьзю белых тату, і некуды адлятаю. Ну і што, што крыніцу маіх найвялікшых за апошнія гады расчараваньняў на вачох у сына зноў разьвялі як хлапчыску, на гэты раз на навюткае аўто; а гэтых дзіўных танцаў з няісным думаньнікам, чые невідушчыя вочы здольныя ўгледзець тое, што плоймам і плоймам відушчых не расчытаць ніколі, зусім і не было. І мне ня варта камплексаваць і пакутаваць з тае прычыны, што ганебна ня спраўджваю пакуль самых каштоўных у маім жыцьці спадзеваў і авансаў. Сёньня я дакладна не працаголік. Прынамсі, яшчэ хвілінаў 45.
XS
SM
MD
LG