Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адзін самалёт зь Менску паляціць па беларусаў у Сырыю


Радыё Свабода, Менск У “Белавіі” не выключаюць, што яшчэ адзін самалёт паляціць зь Менску ў Сырыю ўжо 25 ліпеня. У Дамаску гэты самалёт мае быць цалкам запоўнены ўцекачамі.

Усяго з пачатку бамбаваньня Ізраілем Лібану зону канфлікту пакінулі 316 беларусаў. Гэтую лічбу Міністэрства замежных спраў Беларусі называла ад пачатку сёньняшняга дня і абяцала да вечара ўдакладніць дадзеныя, бо яны ўвесь час мяняюцца. Паводле прэсавага сакратара МЗС Беларусі Андрэя Папова, беларусы выяжджаюць зь Лібану рознымі шляхамі: некаторыя праз Кіпр, некаторыя праз Маскву. Што да зьвестак, колькі беларусаў яшчэ застаецца ў Лібане й колькі зь іх пажадае выехаць з краіны наступным самалётам “Балавія”, то ў МЗС такіх падрабязнасьцяў не называюць.

(Папоў: ) “Мы гэтыя лічбы ўдакладняем, і пакуль не гатовы іх назваць. Разумееце, вельмі ўплывае тое, як праходзіць канфлікт. Спачатку чалавек думае, што гэта яго не кране, а потым разумее, што й яго зачэпіць. Таму мы не бярэмся вызначыць лічбу, а лепш абагульнім ўсё, зробім якасны аналіз і на гэтай падставе прымем рашэньне. Тады будзем даваць парады “Белавія” адносна дня адлёту новага самалёту й колькасьці людзей”.

Нагадаю: раней паведамлялася, што “Белавія” зробіць новы рэйс па беларусаў у Дамаск 26 ці 30 ліпеня. Між тым, сёньня ў авіякампаніі ўжо не выключалі, што самалёт паляціць да вечара 25 ліпеня, калі будзе атрымана згода з боку Сырыі. Гэта мне пацьвердзіў памочнік генэральнага дырэктара кампаніі Ігар Чаргінец.

(Чаргінец: ) “Будзем спадзявацца, што ўжо заўтра паляціць наш самалёт. Але пакуль яшчэ ў Сырыі не пацьвердзілі магчымасьці пасадкі”.

Паводле супрацоўніка “Белавія”, для палёту ў Сырыю рыхтуецца самалёт ТУ-154 – той жа, які 21 ліпеня вывез з гэтай краіны ўжо 170 беларусаў. Ігар Чаргінец не выключае, што й падчас другога рэйсу самалёт будзе запоўнены ўцекачамі цалкам. Пра ўмовы побыту ў Дамаску тых беларусаў, што зьбіраюцца да вылету дамоў, Ігар Чаргінец ведае мала.

(Чаргінец: ) “У гатэлі аэрапорту Дамаску месцаў вельмі мала, таму людзі нашы там расьселены хто дзе. Але мы пра гэта мала ведаем, бо адмыслова такіх зьвестак не зьбіраем”.

На час падрыхтоўкі гэтага рэпартажу МЗС Беларусі яшчэ ня даў зьвестак пра колькасьць грамадзян Беларусі, якія засталіся ў Лібане.

Раней мы паведамлялі пра ўмовы, у якіх беларускія ўцекачы чакалі ў Сырыі беларускага самалёту. Некаторыя жылі ў кляштары, іншыя спыніліся ў вельмі простым гатэлі, за які мусілі плаціць па 80 даляраў. Людзі спадзяюцца, што МЗС Беларусі кампэнсуе ім страты на эвакуацыю зь Лібану.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG