Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол ЗША Джордж Крол пакінуў Беларусь (фота)


Галіна Абакунчык, Менск Пасол ЗША Джордж Крол завяршыў дыпляматычную місію й сёньня пакінуў Беларусь. Перад тым, як выправіцца ў аэрапорт і вылецець на радзіму, ён наведаў Курапаты, Усходнія могілкі Менску, а таксама даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода.

На разьвітаньне зь Беларусьсю Джордж Крол усклаў кветкі каля мэмарыяльнага знаку ў Курапатах, на плошчы Перамогі, а таксама да магіл Васіля Быкава й Уладзімера Караткевіча. Вось што сказаў спадар Крол Радыё Свабода адразу пасьля ўскладаньня кветак.

(Крол: ) “Гэта мой апошні дзень у Беларусі ў якасьці амбасадара Злучаных Штатаў Амэрыкі, і сёньня я ад’яжджаю. Тут ляжаць слынныя Васіль Быкаў і Ўладзімер Караткевіч. Гэтае месца вельмі значнае для беларусаў і ўсіх сяброў Беларусі. І для мяне асабіста вялікі гонар быць сёньня зь імі й пакласьці кветкі да магіл Быкава й Караткевіча. Лічу, што ў маёй душы Беларусь – як другая радзіма”.

Джордж Крол кажа, што рады вярнуцца на радзіму й сустрэцца з роднымі й сябрамі. Але й тут амбасадар ЗША пакідае шмат сяброў. Таму хоць і далёка цяпер будзе Беларусь, ды застанецца ў ягоным сэрцы назаўжды. У апошнім інтэрвію ў якасьці амбасадара ЗША ў Беларусі спадар Крол заявіў наступнае.

(Крол: ) “Жадаю ўсім беларусам свабоды й мірнага жыцьця. Каб грамадзяне краіны не сядзелі ў турмах за свае палітычныя ці рэлігійныя погляды. І ўсіх беларусаў, якія цяпер сядзяць у турме, трэба вызваліць. Я жадаю ўсім беларусам міру й лепшай будучыні ў дэмакратычнай і свабоднай краіне, як тое й належыць”.



Амбасадар Крол ускладае кветкі да магілы Васіля Быкава



Ля магілы Ўладзімера Караткевіча
XS
SM
MD
LG