Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Адзін дзень у сям’і палітвязьня Андрэя Клімава (фота)</B>


Алесь Дашчынскі, Менск 40-гадовага Андрэя Клімава зь вязьніцы чакаюць жонка, дзеці й маці. Дачка спадара Клімава, Алена, з трохгадовага ўзросту, а сын Стас з васьмі гадоў наведвалі яго ў турме. Дзеці Андрэя Клімава пэўныя: іхны бацька пацярпеў за тое, што адстойваў Канстытуцыю Беларусі.

Паўтара гады абмежаваньня волі на гэтак званай “хіміі” Андрэй Клімаў атрымаў за арганізацыю 25 сакавіка 2005 году масавай акцыі пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер ён адбывае пакараньне ў вёсцы Баршчоўка Рэчыцкага раёну. Перад гэтым былы бізнэсовец і вядомы палітык больш за чатыры гады знаходзіўся за кратамі паводле абвінавачаньня ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. У 1996 годзе Андрэй Клімаў быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, актыўна выступаў за імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку.

Адзін дзень у сям’і Андрэя Клімава правёў Алесь Дашчынскі.

Клімавы жывуць у Менску ў звычайнай панэльнай высотцы. Мне пашчасьціла: калі я завітаў да іх у госьці, гаспадар быў дома. Свой трэці кароткі адпачынак палітвязень атрымаў з дапамогай нямецкага амбасадара Марціна Гекера, якому спадар Клімаў даслаў ліст пра парушэньне сваіх правоў.

(Клімаў: ) “У якасьці адказу ён зрабіў запыт у Міністэрства замежных спраў, каб мне далі адпачынак. Я атрымаў адпачынак – дзеля таго, каб сустрэцца тут з амбасадарам Нямеччыны. Сустрэўшыся зь ім у рэзыдэнцыі, я, натуральна, распавёў, што насамрэч адбываецца ў Беларусі, без дыпляматычнага глямуру”.

Дома спадар Клімаў нарэшце мае мажлівасьць засесьці за кампутар у сваім працоўным кабінэце. Ён піша новую кнігу, якая, магчыма, будзе называцца “Баршчоўскі летуценьнік”. У кватэры засталося ўсяго некалькі асобнікаў ужо выдадзеных кніг. Яны з аўтогарафам, і таксама хутка разыдуцца. Дарэчы, на палічцы ў кабінэце Андрэя жонка, Тацяна Леановіч, стварыла юрыдычную бібліятэчку.

(Тацяна: ) “Я пачала займацца правазнаўствам. Цяпер вучуся ў Беларускім інстытуце правазнаўства. І гэта мая вучэбная літаратура. ”Крымінальна-выканаўчы кодэкс” – любімая (сьмяецца) кніжка. Па гэтай кніжцы я магу пісаць заўвагі наконт незаконных дзеяньняў адміністрацыі той установы, дзе ўтрымліваюць Андрэя”.

(Карэспандэнт: ) “І вы мяркуеце зьвязаць жыцьцё з гэтай прафэсіяй?”

(Тацяна: ) “Спадзяюся, што не. Толькі для сямейнага спажываньня. І калі сяброўкі папросяць якой кансультацыі”.

(Карэспандэнт: ) “Тацяна, дзе Вы цяпер працуеце?

(Тацяна: ) “Увогуле не працую. Але ж я працавала – інжэнэрам мікраэлектронікі, потым у фірме эканамістам і выконвала абавязкі дырэктара банку. Затым была на ўліку на біржы беспрацоўных. Там прапаноўвалі нейкія вакансіі, але ж яны мне не падышлі. А цяпер я кінула шукаць працу, і так вось цяляпаюся”.

У вітальні – вялікі фотапартрэт Андрэя Клімава. Тацяна пакінула яго на ўспамін пра сваю паездку ў ЗША ў 2001 годзе разам зь Людмілай Карпенкай, Ірынай Красоўскай і Сьвятланай Завадзкай.

(Тацяна: ) “Мы з гэтымі партрэтамі стаялі ля будынку Кангрэсу й давалі брыфінг журналістам, тэлебачаньню. Распавядалі пра сытуацыю ў Беларусі на той час і пра лёс нашых мужоў – рэпрэсаваных і скрадзеных “эскадронамі сьмерці”.

(Карэспандэнт: ) “А праблемы з правозам партрэтаў узьнікалі?”

(Тацяна: ) “Мы іх скампанавалі ў такі пляншэт і казалі ўсім, што гэта фотамастацкія партрэты. І на мытні нас свабодна прапускалі”.

Тацяна ўдзячна міжнароднай супольнасьці за ўвагу да лёсу ейнага мужа, але…

(Тацяна: ) “Я думаю, што за Лукашэнку яшчэ ніхто ўсур’ёз ня браўся. Ён ніколі не сутракаўся з жорсткім ультыматумам з боку міжнароднай супольнасьці. Калі ж паставіць яго перад выбарам – быць ці ня быць, дык ён, можа, і пайшоў бы на саступкі”.

Андрэй пазнаёміўся з Тацянай на тэнісным корце, і захапленьне тэнісам неўзабаве стала сямейным. Потым разам працавалі на фірме Андрэя.

Ці цяжка быць жонкай палітвязьня? – пытаюся ў Тацяны.

(Тацяна: ) “Натуральна, вельмі цяжка. Вельмі цяжка ня побач з Андрэем жыць, але ж вельмі цяжка жыць побач з гэтым рэжымам. Тут адна рэпрэсія за другой і трэцяй паганяе. Адабралі фірму, загналі ў зьняволеньне, цяпер некуды ў ссылку саслалі. Ну, хто ж гэта вытрымае?”

Андрэю адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні з “хіміі”. І Тацяна, як і раней, у выходныя выпраўляецца ў вёску Баршчоўка на спатканьне з мужам.

(Тацяна: ) “Я туды вазіла дазімэтр, і паказаньні такія былі – тут ёсьць павышаны фон, тут няма. Такімі нейкімі плямамі. Хваіна фаніць, пясок – не. Дык што – хадзіць там і ўвесь час азірацца? Мы возім туды ў Баршчоўку ваду ў вялікіх бутлях і ежу”.

У Тацяны – старэйшая 22-я гадовая дачка, якая жыве асобна, Андрэеў 16-гадовы сын Стас вучыцца ў машынабудаўнічым ліцэі. А іхная 11-гадовая дачка Алена цяпер бавіць час на лецішчы, вучыцца граць на віялянчэлі. Алену й Стаса прашу расказаць пра свайго бацьку:

(Алена: ) “Ён мяне вельмі любіць, і я ганаруся ім. Мне яго вельмі не хапае. Ну, але ж я ўжо звыклася. Я яму часта тэлефаную. Вельмі сумую па ім”.

(Стас: ) “Мой бацька вельмі моцны, мэтанакіраваны чалавек. Ён даб’ецца таго, чаго хоча. Ён вельмі добры й чулы, заўсёды дапаможа. Бацька для мяне аўтарытэт. Я некалькі разоў наведваў яго ў турме й на “хіміі” ў Крупках і Баршчоўцы. Мой бацька, я ведаю, сумленны чалавек, і яму ня вельмі проста там”.

(Карэспандэнт: ) “Канечне, сын ваш больш дарослы, а дачка, відаць, яшчэ не зусім разумее, што адбываецца?

(Клімаў: ) “Усё яны разумеюць: і сын, і дачка з трох гадоў наведвалі мяне ў турме. Усё яны выдатна ведаюць: Лукашэнка – вораг, тата – апазыцыянэр, і ідзе барацьба. Яны ў курсе, што я адстойваў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь”.

З мэтай бясьпекі дзеці ня сталі фатаграфацца. А маці Андрэя Ала Пятроўна, якая прыйшла ў госьці, дала мне свой фотаздымак, зроблены яшчэ да першага суду над сынам. Сама яна з Украіны, з дваранскага роду. Родныя кажуць, што яна выдатна расказвае показкі. Але перад нашым інтэрвію кабета вельмі хвалявалася.

(Маці: ) “Жыцьцё ў мяне было вельмі цяжкае. Я расла круглай сіратой зь дзяцінства. Акрамя Андрэя, у мяне нікога няма. Я зьдзіўляюся з нашай улады. Я сама таксама калісьці працавала ў органах. Трэба глядзець, як гэта адаб’ецца, калі караюць чалавека нават за палітычную дзейнасьць, на старой хворай маці. Як дзеці малалетнія будуць расьці бяз бацькі? Я зрабіла выснову, што ня толькі караюць сына, а караюць маці, напэўна, найперш. Я лічу, што ў кожнага чалавека вінны быць перакананьні, і за перакананьні наагул чалавека нельга перасьледаваць. Рана ці позна гэтым людзям адальюцца сьлёзы людзкія”.

Я пакідаю кватэру Клімавых. Андрэй зьбіраецца на “хімію”, у Баршчоўку…






Тацяна Леановіч каля сваёй юрыдычнай бібліятэчкі



Андрэй Клімаў піша новую кнігу. У ягоным працоўным кабінэце кампутар прыстасаваны толькі для набору тэкстаў



Тацяна Леановіч ля партрэта мужа, які вазіла з сабой у ЗША



Гл.таксама: Адзін дзень у сям’і палітвязьня Анатоля Лябедзькі (фота) Адзін дзень у сям’і палітзьняволенай Эніры Браніцкай (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Аляксандра Шалайкі (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Міколы Статкевіча (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Паўла Севярынца (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Аляксандра Казуліна (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Сяргея Скрабца (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Міколы Астрэйкі (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Сяргея Ляшкевіча (фота)
XS
SM
MD
LG