Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Здаваць грошы на “Дажынкі” – праява патрыятызму?


Радыё Свабода Агляд прэсы за 24-га ліпеня

Сёлетняя сьпёка зьнішчыла каля 500 тысячаў тон збожжа, паведамляе сёньняшняя “Белгазета”. У гэтым годзе плянавалася сабраць 6,9 мільёнаў тон. Прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі не называюць дакладнай сумы, у якую абышлося ды яшчэ абыдзецца сёлетняе жніво, але прывялі ў прыклад сяўбу. Цалкам яна каштавала 2,8 трыльёнаў рублёў, зь якіх бюджэтныя сродкі склалі каля 980 мільярдаў. Традыцыйны бюджэт сяўбы і жніва фармуецца наступным чынам: траціну фінансуе дзяржава, яшчэ траціна – за кошт крэдытных рэсурсаў, астатняе зьбіраюць самі гаспадаркі.

Таксама ў “Белгазете” можна прачытаць, як Бабруйск рыхтуецца да “Дажынак” – там сёлета адбудзецца гэты фэст. Звычайны зборнік аўтапакрышак зь “Белшыны” Рыгор Спасюк ацаніў свой унёсак у добраўпарадкаваньне гораду ў адну капейку. Ён абсалютна апраўдвае свой чыста сымбалічны ўдзел у пераўтварэньні гораду, бо пэўным сымбалем лічыць і ўсё, што сёньня адбываецца як у Бабруйску, так і ў краіне. Таму пералічваць грошы ў адмысловы гарадзкі фонд падрыхтоўкі да “Дажынак” спадар Спасюк адмовіўся, ён лічыць, што дзяржава яго такім чынам рабуе. Галоўны архітэктар Бабруйску Ігар Ахметшын між тым мяркуе, што здаваць грошы на “Дажынкі” – гэта праява мясцовага патрыятызму, а людзей, кшталту Рыгора Спасюка, трэба называць ізгоямі.

Урад хоча цэнтралізаваць сыстэму бізнэс-плянаваньня, піша газэта “Белорусы и рынок”. Распрацаваны праект адпаведнай пастановы. У выніку прыняцьця гэтага дакумэнту недзяржаўныя кансальтынгавыя фірмы застануцца “за бортам”. Ёсьць праект рэкамэндаванага сьпісу распрацоўнікаў бізнэс-плянаў, у які ўвайшлі фактычна толькі дзяржаўныя кампаніі.

Адпраўляць дзіця ў загарадны летнік часам бывае небясьпечна – пра гэта паведамляе “Брестская газета”. Так, напрыклад, па выніках чэрвеньскіх праверак факты парушэньня тэхналёгіяў у працэсе прыгатаваньня ежы выявілі ў 23 летніках Берасьцейшчыны. Апрача таго, выяўляліся факты выкарыстаньня харчоў, тэрмін спажываньня якіх скончыўся, а таксама выпадкі парушэньня элемэнтарных санітарных нормаў – несвоечасавая зьмена бялізны, няякасная ўборка памяшканьняў. Гэтым летам ў 720 дзіцячых аздараўляльных установах Берасьцейшчыны толькі за першую зьмену адпачыла амаль 47 тысячаў дзяцей.
XS
SM
MD
LG