Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваецца фэстываль народнага гумару "Аўцюкі-2006"


Радыё Свабода Сёньня ў Калінкавіцкім раёне другі дзень працягваўся Пяты Ўсебеларускі фэстываль народнага гумару “Аўцюкі-2006”. Але ў адрозьненьне ад папярэдніх гадоў, ладзіўся ён не на ўзьлесьсі паміж Вялікімі і Малымі Аўцюкамі, а ў райцэнтры Калінкавічы.

Ініцыятар фэстывалю і нязьменны старшыня журы, пісьменьнік Уладзімер Ліпскі кажа на гэта:

(Ліпскі: ) “Вырашылі экспэрымэнт зрабіць, мо больш людзей прыйдзе. Трэба разварушыць і горад – і Калінкавічы, і Мазыр. І пасьля мы задумалі па сцэнару: Каласок – у вёсцы, Калінка – у горадзе. Ідзе сватаўство па сцэнару. Гэта здорава”.

Між тым самі жыхары Аўцюкоў лічаць, што іх пакрыўдзілі. Учора ў вёсках правялі агляд-конкурс на лепшую гаспадыню, сядзібу, самага вернага сабаку – і паехалі сьвяткаваць у райцэнтр.

Гаворыць спадарыня Натальля з вёскі Малыя Аўцюкі:

(Натальля: ) “Раней было ля дубоў, весялей было, больш людзей зьбіралася. Растлумачылі гэта тым, што там новыя гатункі бульбы ці чаго пасадзілі, дык не пусьцілі нас туды. Гэта такія чуткі хадзілі, што нас не пусьцілі пад дубы і з фэстывалем”.

Некаторыя госьці зьвярталі увагу, што на пляцоўках фэстывалю ў Калінкавічах адсутнічае палітычны гумар. Чаму? Меркаваньне Пятра Гуда, намесьніка старшыні журы, прафэсара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў:

(Гуд: ) “Палітычны гумар выключаны, пакуль што, таму што ў нас усё добра. Няма такіх гумарыстаў з такою тэмай. На расейскую тэму ёсьць, на беларускую пакуль што няма”, – кажа прафэсар Гуд.

А што думаюць пра адсутнасьць на фэстывалі палітычнага гумару калінкавіцкія каласкі:

(Мужчына сталых галоў:) “Ёсьць! Дастаткова! Толькі такі гумар тэлебачаньнем не фіксуецца, а паміж намі”.

(Аўцюк сярэдніх гадоў: ) “Аўцюкі на ўсё здатныя”.
XS
SM
MD
LG