Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пакараньні беларускіх апазыцыянэраў – пародыя на правасудзьдзе"


Радыё Свабода Менавіта так ахарактарызавала апошнія прысуды, затрыманьні і арышты лідэраў беларускай апазыцыі амбасадарка ЗША ў АБСЭ Джулія Фінлі. У сваёй заяве спадарыня Фінлі падкрэсьліла, што беларускія ўлады “прадэманстравалі скандальнае і поўнае ігнараваньне дэмакратычнага працэсу і каштоўнасьцяў АБСЭ”.

Камэнтуючы прысуд былому кандыдату ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандру Казуліну і арышт лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, спадарыня Фінлі адзначыла, што падобныя факты пакараньня "ключавых лідэраў беларускай апазыцыі без усялякіх на тое падставаў" прымушаюць глыбока сумнявацца ў запэўненьнях афіцыйнага Менску ў тым, што выбары ў Беларусі былі справядлівымі.

У выпадку з Казуліным “беларуская юстыцыя чарговым разам даказала, што яна ня ёсьць незалежнай”, падкрэсьлівае ў сваёй заяве кіраўнічка рабочай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па Беларусі, нямецкая сацыял-дэмакратка Ута Цапф. Дэпутатка Бундэстагу назвала Казуліна “палітычным вязьнем” і падкрэсьліла, што "прысуд беларускаму апазыцыянэру перавысіў найгоршыя асьцярогі".

Спадарыня Цапф заявіла пра сваю гатоўнасьць адсочваць лёс іншых палітычных зьняволеных і апазыцыянэраў у Беларусі, у тым ліку Сяргея Скрабца і Міколы Статкевіча.
XS
SM
MD
LG