Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыднёвы агляд міжнародных рэакцыяў на беларускія падзеі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Урады, палітыкі, праваабарончыя арганізацыі многіх краінаў сьвету на гэтым тыдні працягвалі выказваць пратэсты супраць прысуду былому кандыдату на прэзыдэнта Беларусі Аляксандру Казуліну – пяць з паловай гадоў турэмнага зьняволеньня.

Міністэрства замежных справаў Нямеччыны ў адмысловай заяве запатрабавала тэрміновага вызваленьня і Аляксандра Казуліна, і іншых палітычных зьняволеных. Нямецкі ўрад зноў заклікаў беларускія ўлады “захоўваць міжнародныя стандарты прававой дзяржавы, да выкананьня якіх іх абавязвае і ўласная канстытуцыя, і сяброўства ў АБСЭ”.

У тым, што вырак Аляксандру Казуліну зьяўляецца палітычна матываваным, пераканананы і кіраўнік зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Эўрапейскага Зьвязу Хавіер Саляна. У ягонай заяве падкрэсьліваецца, што “Казулін быў арыштаваны ў часе мірнай дэманстрацыі пры ажыцьцяўленьні сваіх дэмакратычных правоў”. Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу заклікаў беларускія ўлады адмяніць вырак, а таксама вызваліць усіх палітычных вязьняў. Хавіер Саляна яшчэ раз падкрэсьліў, што Эўразьвяз адчынены дзеля разьвіцьця стасункаў зь Беларусьсю, але гэта патрабуе ад яе канкрэтных крокаў у бок дэмакратызацыі і захаваньня правоў чалавека.

Нямецкі дыплямат і палітык Ганс-Георг Вік у інтэрвію нашаму радыё адзначыў, што вырак Казуліну – гэта прысуд колішняму апаратчыку, які з часам стаў дысыдэнтам. Былы кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску выказаў меркаваньне, што зроблена гэта, каб застрашыць магчымых дысыдэнтаў з Лукашэнкавай намэнклятуры. Што тычыцца палітыкі, якую праводзіць Захад у дачыненьні да афіцыйнага Менску, дык паводле Ганса-Георга Віка, Захад пакуль ня мае нейкіх эфэктыўных мераў супраць беларускіх уладаў, усё абмяжоўваецца заявамі ды пагрозамі санкцыяў.

(Вік: ) “У Захаду, акрамя санкцыяў, па сутнасьці, няма нейкіх магчымасьцяў. Заявы Эўразьвязу й ЗША — гэта нязгода й непрыманьне рэжыму, але ж ня ўплыў на ўнутраную палітыку, дзе ўсё сканцэнтравана ў руках аднаго чалавека, — судовая сыстэма, кантроль за СМІ, эканамічная залежнасьць ад Расеі, мэханізм запалохваньня насельніцтва… Расею цалкам задавальняе гэтая сытуацыя. Масква, вядома, будзе сама ціснуць на Менск цэнамі на сыравіну. Аднак Лукашэнка і так у моцных руках Масквы. Зразумела, тут сваё слова павінна сказаць насельніцтва краіны. Калі насельніцтва спадзяецца, што далейшы лёс краіны зьвязаны з Расеяй, то гэта тыя пэрспэктывы, якія не абяцаюць нічога добрага. Аднак цяперашняя сытуацыя з гэтак званымі прывілеяванымі коштамі на газ і нафту — яна не застанецца надоўга, яна абавязкова зьменіцца”. Такое меркаваньне выказаў у інтэрвію нашаму радыё нямецкі дыплямат і палітык Ганс-Георг Вік.

***

Старшыня Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн вітаў пазыцыю старшыні Эўрапейскага Зьвязу ў пытаньні аб ізаляцыі Беларусі, выказаную на мінулым тыдні міністрам замежных справаў Фінляндыі. Тады было заяўлена пра безвыніковасьць палітыкі ізаляцыі. Рэнэ ван дэр Ліндэр падкрэсьліў, што “хоць і існуюць глыбокія разыходжаньні зь Беларусьсю – адзінай эўрапейскай краінай, якая не заслужыла прыёму ў Раду Эўропы, – адзіным спосабам паляпшэньня сытуацыі, на ягоную думку, зьяўляецца дыялёг”. Старшыня ПАРЭ таксама сказаў, што “Фінляндыя як старшыня Эўрапейскага Зьвязу, у складзе якога 25 краінаў, і Расея як старшыня Рады Эўропы, якая аб’ядноўвае 46 эўрапейскіх дзяржаваў, могуць разам разьвіваць гэты дыялёг”. Ван дэр Ліндэн выказаў гатовасьць паехаць у Беларусь, калі гэта дапаможа ёй прасунуцца на шляху да дэмакратыі”.

У Літве пачаў працу новы міністар міністар замежных справаў Пятрас Вайцякунас, які да гэтага амаль год зьяўляўся амбасадарам у Менску. У першы ж дзень на пасадзе новы кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства адказаў на пытаньне нашага радыё, якое месца зойме Беларусь у зьнешняй палітыцы Літоўскай Рэспублікі:

(Вайцякунас: ) “Беларусь — гістарычная суседка Літвы. І таму, безумоўна, Беларусі будзе нададзеная асаблівая ўвага”.
XS
SM
MD
LG