Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сытуацыя палітычных вязьняў: агляд тыдня


Алег Грузьдзіловіч, Менск Чаму судзьдзя Леанід Ясіновіч адмаўляе актывістам “Партнэрства” ў спатканьнях са сваякамі? Родныя Івана Крука дагэтуль ня ведаюць, куды яго адвезьлі для адбыцьця пакараньня. Ці вызваляць з хіміі датэрмінова Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца?

З таго часу, як да судзьдзі Леаніда Ясіновіча патрапіла справа актывістаў “Партнэрства”, толькі ён вырашаў, ці дазволіць арыштаваным актывістам спатканьні са сваякамі. Некалькі спатканьняў судзьдзя дазволіў, але на гэтым ягоная лагоднасьць скончылася. Гаворыць жонка лідэра “Партнэрства” Мікалая Астрэйкі Паліна:

(Паліна Астрэйка: ) “ Маці апошні раз была на спатканьні з Колем на мінулым тыдні, і тады судзьдзя заявіў, што ён больш спатканьняў не дазволіць, каб яго і не прасілі. Гэта тычыцца ўсіх. Да судзьдзі звычайна разам ходзяць тры маці – Шалайкі, Браніцкай і Астрэйкі. І судзьдзя сказаў, што гэта для ўсіх забарона”.

Нагадаю, актывістаў “Партнэрства” арыштавалі 21 лютага. Разам з маладзёнамі, пра якіх згадала жонка Мікалая Астрэйкі, будуць судзіць і вядомага маладога апазыцыянэра Цімафей Дранчука. У няволі ён стаў бацькам – у траўні ў яго нарадзіўся сын. Цімафей Дранчук бачыў сына толькі на фатаздымках. Гэтая гісторыя можа паўтарыцца ўжо зь Мікалаем і Палінай Астрэйкамі. Паліна не хавае, што яны чакаюць нараджэньня дзіцяці і нават ведаюць, што гэта будзе дачка.

На гэтым тыдні ў Магілёве пачаў працу на “хіміі” актывіст маладзёвага руху Артур Фінькевіч. Ён уладкаваўся ў мясцовую цагельню, у першы працоўны дзень разгружаў цэглу. Нагадаю, Артура Фінькевіча пакаралі двума гадамі абмежаваньня волі за палітычныя графіці.

Больш за 10 дзён таму ў сьледчы ізалятар Смаргоні быў прывезены актывіст дэмакратычнага руху з Астраўца Іван Крук, якому за гвалтоўныя дзеяньні супроць міліцыі далі 6 месяцаў арышту. Але дагэтуль сваякі Івана Крука ня ведаюць, дзе ён адбывае пакараньне, у Смаргоні ці ў іншым месцы. На запыты сваякой смаргонскія міліцыянты раяць дачакацца лістоў ад самога Івана Крука. Тым часам прыйшлі зьвесткі з Астраўца пра тое, што аднавілі крымінальную справу супроць сына Івана Крука.

На ліпень прыпадае сярэдзіна тэрміну пакараньня абмежаваньнем волі, якое атрымалі вядомыя апазыцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч і Павал Севярынец. Нагадаю, лідэр сацыял-дэмакратаў адбывае пакараньне ў Баранавічах, а былы лідэр “Маладога фронту” Павал Севярынец знаходзіцца на хіміі ў Полацкім раёне. Абодва могуць разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, але ці атрымаюць яго? Павал Севярынец, які атрымаў пяцідзённы адпачынак і цяпер знаходзіцца ў Віцебску, не асабліва спадзяецца на лагоднасьць ўладаў.

(Севярынец: ) “Лёгікі ў тым, каб мяне адпускаць, няма, а ў тым, каб далей трымаць – пакуль ёсьць. Ці мала што можа адбыцца: рэфэрэндум, мясцовыя выбары і гэтак далей. Але я маральна гатовы як да выхаду на волю, гэтак і быць тут далей”.

У такім жа становішчы апынуўся Мікалай Статкевіч. Яму на выходныя забаранілі прыехаць на адпачынак у Менск і абавязалі кожныя дзьве гадзіны тэлефанаваць ў міліцыю, каб засьведчыць, што ён ня зьехаў з Баранавіч. Прычынаў не назвалі. У палітыка зьявілася асабістая вэрсія што да мэтаў надзвычайнага кантролю:

(Статкевіч: ) “Мяркую, гэтыя захады зьвязаныя зь візытам прэзыдэнта Венэсуэлы Уга Чавэса, які плянуе ў Менску наведаць раён Уручча, дзе я жыву, і дзе знаходзіцца вайсковая Акадэмія. Цяпер я з-за гэтага мушу кожныя дзьве гадзіны адзначацца, што я тут”.

Цяпер пра справу Аляксандра Казуліна. Пры канцы тыдня адвакаты падрыхтавалі і накіравалі ў Менскі гарадзкі суд скаргу на прысуд, які быў вынесены экс-кандыдату на прэзыдэнта. Нагадаю, яго пакаралі 5 з паловай гадамі зьняволеньня. Вінаватым сябе спадар Казулін па-ранейшаму не прызнае і заяўляе, што яму адпомсьцілі за крытыку на адрас Лукашэнкі падчас выбараў.
XS
SM
MD
LG