Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы — пра дванаццаць гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнкі


Радыё Свабода Споўнілася дваннаццаць гадоў, як А.Лукашэнка стаў прэзыдэнтам Беларусі. Як зьмянілася вашае жыцьцё за гэты час? Гэтае пытаньне наш карэспандэнт задаваў мінакам на гарадзенскіх вуліцах.

(Маладая спадарыня:) “Як зьмянілася маё асабістае жыцьцё? Я ня думаю, што яно пагоршылася. Мабыць, палепшылася. Мы цяпер будуем дом за ільготны крэдыт”.

(Спадар:) “Горш стаў жыць, таму што ўзьняліся цэны. А добра тое, што ёсьць праца, зарабляю тысяч трыста: хапае на аплату кватэры і на прадукты”.

(Сталы спадар:) “Канкрэтна не магу сказаць, але нічога станоўчага я ня бачу. Я скажу толькі адное: у нас як БССР была, так БССР і засталася”.

(Малады спадар:) “Асабіста для мяне ў лепшы бок нічога не зьмянліася. Мне ня трэба ніякай дапамогі ад дзяржавы, мне галоўнае, каб не перашкаджалі зарабіць грошы, вось і ўсё. Я спрабаваў заснаваць фірму, натуральна, што нічога не атрымалася, бо сутыкнуўся з аграмаднай бюракратычнай машынай, давялося плюнуць на гэтую справу, укладаць тут грошы я зараз не зьбіраюцся”.

(Спадар:) “За гэтыя дванаццаць гадоў, што ў нас Лукашэнка, адзін толькі сорам, бо дзе б ні паехаў, бачу, што людзі жывуць лепей. А тут у нас такая старая паказуха: толькі для яго, і які тэлеканал ня ўключыш — паўсюль ён: я рабіў гэта, я рабіў тое… Столькі людзей ён пасадзіў, разумных людзей. Сорамна за краіну, а больш за ўсё сорамна за людзей, бо яны самі вінаватыя, што ў іх такі правіцель, і што яны ня ўмеюць паглядзець навокал, каб убачыць як жывуць іншыя людзі”.

(Сталы спадар:) “У параўнаньні зь іншымі постсавецкімі краінамі, напэўна, жыцьцё ў Беларусі магло б выглядаць і намнога лепей. Калі б мне плацілі так, як павінны плаціць, напэўна мне не давялося б дадаткова да свайго заробку шукаць магчымасьцяў зарабіць яшчэ і ў іншых месцах”.

(Малады спадар:) “Што датычыць асабіста мяне, то я ня бачу зьменаў у лепшы бок. Калі ўвогуле гаварыць аб кіраваньні Лукашэнкі, то як юрыст я магу сказаць, што да палітычных і ўнутрыпалітычных рашэньняў у мяне нэгатыўнае стаўленьне. Я лічу, што правы чалавека і грамадзяніна ўціскаюцца ў Рэспубліцы Беларусь”.

(Спадар:) “Я адзначаю толькі зьмены ў горшы бок. Ад нас трыццаць кілямэтраў у адзін бок да Літвы і столькі ж да Польшчы, але адназначна, што там ніжэйшыя цэны, і людзі жывуць лепей ад нас”.

(Маладзён:) “Якраз сёньня мы з сябрам размаўлялі на гэтую тэму літаральна паўгадзіны таму. Напрыклад, кожны разумее свабоду і дэмакратыю па-свойму: для некаторых гэта права на свой пункт гледжаньня, і мне вядома, што з гэтым у нашай краіне існуюць праблемы. На жаль, пакаленьне, якое выгадавалася ў часы існаваньня СССР, яно ўсім задаволенае, яно прызвычаілася маўчаць, і нічога з гэтым ужо ня зробіш”.
XS
SM
MD
LG