Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сьвет заняў стрыманую пазыцыю ў ізраільска-лібанскім канфлікце?


Тацяна Поклад, Прага Няглядзечы на заклікі прэм’ер-міністра Лібану, міжнародная супольнасьць працягвае, фактычна, заставацца ўбаку ад ізраільска-лібанскага канфлікту, які ўспыхнуў дзесяць дзён таму і забраў больш за 300 жыцьцяў. Нават генэральны сакратар ААН Кофі Анан прызнаў, што неадкладна спыніць вайсковыя дзеяньні, магчыма, не атрымаецца. Чаму сьвет заняў стрыманую пазыцыю ў ізраільска-лібанскім канфлікце?

Адносна пазыцыі ЗША, аналітыкі адзначаюць, што пры першым жа сігнале канфліктаў на Блізкім Усходзе ранейшыя адміністрацыі ЗША заўсёды накіроўвалі свайго прадстаўніка для пасярэдніцтва ў перамовах. Часам гэта было плённым, часам – не. Але вось гэтым разам Белы Дом ня ўмешваецца. Чаму?

Экспэрт па палітыцы на Блізкім Усходзе з Лонданскага каралеўскага інстытуту міжнародных дачыненьняў Ёсі Мэкэльбэрг (Yossi Mekelberg) сказаў нашаму радыё:

(Мэкэльбэрг:) “ЗША лічаць Сырыю і “Хэзбалу” адказнымі за крызіс і яны хацелі б, каб Ізраіль нарэшце аслабіў “Хэзбалу” такім чынам, каб, у выніку, перад спыненьнем агню і перамовамі адносна перамір’я “Хэзбала” была бы дастаткова аслабленая, што таксама дазволіла б ураду Лібану распаўсюдзіць сваю уладу на большую частку Лібану. Але пакуль “Хэзбала” рашуча працягвае напады на Ізраіль і гэта не з’яўляецца добрым фундамэнтам для такога пагадненьня, якім бы яго хацелі бачыць і ЗША, і Ізраіль”.

Невялікія арабскія краіны, такія як Саудаўская Арабія, Эгіпет і Ярданія таксама ня сьпяшаюцца ўмешвацца, каб спыніць праліцьце крыві. Яны нават скрытыкавалі “Хэзбалу” за правакацыю канфлікту.

Паводле Мэкэльбэрга, для гэтых суніцкіх мусульманскіх рэжымаў шыіцкая экстрэмісцкая групоўка “Хэзбала” нават больш небясьпечная, чым для Ізраілю. Так што гэтыя ўрады былі б ня супраць, калі групоўка “Хэзбала” будзе пераможаная і разбураная ў выніку гэтага канфлікту:

(Мэкэльбэрг:) “Я не кажу, што гэта (параза і разбурэньне “Хэзбалы”) абавязкова адбудзецца. Але параза “Хэзбалы” будзе таксама паразай Ірану. І ні Саудаўская Арабія, ні Эгіпет, ні іншыя рэжымы ў рэгіёне ня будуць шкадаваць, калі нешта падобнае здарыцца”.

Што да пазыцыі Эўропы, то брытанскі экспэрт па Блізкім Усходзе адзначае, што і ў гэтым выпадку Эўропа, як і ў часе кожнага міжнароднага крызісу, ня здольная выступіць з адзінай пазыцыяй ў справе палітыкі бясьпекі.

Напэўна, Эўразьвяз больш за ўсіх хацеў бы хуткага спыненьня ізраільска-лібанскага канфлікту, але некаторыя уплывовыя эўрапейскія лідэры, як да прыкладу, брытанскі прэм’ер Тоні Блэйр, разумеюць, што крызіс справакавала “Хэзбала”, якая ня мае тэрытарыяльнага грунту для сваіх патрабаваньняў.

Паводле аналітыкаў, цяпер цяжка прадказаць, як доўга можа працягнуцца гэты канфлікт на Блізкім Усходзе. Ці можа здарыцца так, што напады могуць працягвацца доўгі час і міжнародная супольнасьць будзе памяркоўна назіраць? Ёсі Мэкэльбэрг сказаў нашаму радыё:

(Мэкэльбэрг:) “Паколькі павялічваецца колькасьць ахвяраў у Лібане, міжнароднай грамадзкасьці будзе цяжка даць карт-блянш Ізраілю на працяг яго вайсковых апэрацыяў”.

Спыненьне агню залежыць ня толькі ад Ізраілю, але і ад “Хэзбалы”. Ні ўрад Лібану, ні яго войска нельга назваць вельмі моцным. Мэкэльбэрг адзначае, што неабходны камбінаваны міжнародны ціск, які б дзейнічаў у кірунку праз Іран і Сырыю, а таксама міжнародныя міратворчыя войскі ўздоўж мяжы паміж Ізраілем і Лібанам, каб выціснуць ваеўнікоў “Хэзбалы” праз раку Літані (за 40 км ад мяжы) і спыніць ракетныя напады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG