Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Клімаў праводзіць кароткачасовы адпачынак у Менску


Алесь Дашчынскі, Менск Шасьцідзённы адпачынак праводзіць у Менску былы бізнэсовец і вядомы палітык, палітзьняволены Андрэй Клімаў. Нагадаем, ён адбывае “хімію” ў вёсцы Баршчоўка Рэчыцкага раёну. Паўтары гады абмежаваньня свабоды Андрэй Клімаў атрымаў за арганізацыю 25 сакавіка 2005 году масавай акцыі пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.

Андрэй Клімаў распавёў, што атрымаў свой адпачынак выключна дзякуючы амбасадару Нямеччыны ў Беларусі Марціну Гэкеру. Менавіта гэтая амбасада выконвае цяпер абавязкі прадстаўніцтва Эўразьвязу. Спадар Гэкер пажадаў сустрэцца з палітвязьнем Андрэем Клімавым, каб абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі.

(Клімаў: ) “Улічваючы тое, што амбасадару Нямеччыны было адмоўлена ў сустрэчы са мной непасрэдна на “хіміі”, ён даслаў ноту ў міністэрства замежных спраў, каб яму далі магчымасьць сустрэцца з Клімавым у Менску. З міністэрства ўнутраных спраў паступіла інфармацыя пра тое, што Клімаву можа быць прадастаўлены адпачынак у законным парадку”.

Спэцкамэндатура вызначыла шасьцідзённы адпачынак для Андрэя Клімава і ён мусіў завершыцца менавіта сёньня. Аднак па стане здароўя спадар Клімаў мяркуе застацца ў Менску яшчэ на выходныя.

(Клімаў: ) “Я адчуў сябе няважна, цукар падняўся, у мяне дыябэт. Папрасіў, каб працягнулі мне да панядзелка. Калі ня выклічуць да панядзелка, то буду да панядзелка дома”.

Апроч сустрэчы з амбасадарам Нямеччыны, свой адпачынак Андрэй Клімаў праводзіць дома, сярод сям’і.

(Клімаў: ) “Прыводзіў нэрвы ў парадак, таму што процістаяньне з Коўчурам і Навумавым знаходзячыся на “хіміі” далося мне вельмі цяжка. Псыхалягічна было цяжка перажыць.Супакойваў нэрвовую сістэму сярод сям’і”.

Маці Андрэя Ала Клімава апавяла, як сустрэла 11-гадовая дачка Алена, свайго бацьку з “хіміі”.

(Клімава: ) “Не адпускала, на шыі як павісла, абдымае і не адыходзіць ад бацькі. Ну, можна так дзяцей разлучаць?! Гэта ж дзіця і каб так доўга ня бачыла бацькі. І невядома як дзеці гэта будуць потым успамінаць адносна нашай улады, канешне. Як яны будуць узгадваць вось гэтае расстаньне?”
XS
SM
MD
LG