Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэканструкцыя Агінскага каналу ставіць пад пагрозу археалягічныя помнікі


Вячаслаў Кулік, Менск У Беларусі пачаўся першы этап рэканструкцыі Агінскага каналу. У адпаведнасьці з праектам, сёлета на яе выдаткоўваецца больш за пяць мільярдаў рублёў. Перадусім гэтыя сродкі выкарыстоўваюцца на аднаўленьне воднага ўчастку ад ракі Шчара да возера Выганашчанскае. Менавіта тут узьнікла канфліктная сытуацыя: ў выніку земляных працаў могуць быць зьнішчаныя археалягічныя помнікі каменнага веку.

Супрацоўнік інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі археоляг Міхась Чарняўскі паведаміў Радыё Свабода, што яго тэрміновы выклікалі на Берасьцейшчыну для правядзеньня раскопак, якія папярэднічаюць земляным працам. Паводле спадара Чарняўскага, на рэканструкцыю Агінскага канала патрабуецца пясок, і кар''ер для яго здабычы вырашана ўскрыць ля вёскі Сьвяціца. А якраз там, кажа вучоны, унікальныя курганы:

(Чарняўскі: ) “Вельмі добрыя помнікі, сярэдні каменны век – мэзаліт, недзе 8-7 тысяч гадоў таму. Гэта ля вёскі Сьвяціца над Шчараю. Помнікі чыстыя ды багатыя. Надзвычай багатыя стаянкі. Мажліва, што адзіныя ў Беларусі”.

Паводле Міхася Чарняўскага, археолягі мусілі неадкладна пачаць раскопкі і запатрабавалі спыніць земляныя працы:

(Чарняўскі: ) “Мы ўжо ўскрылі 300 квадратных мэтраў. Багацейшыя знаходкі. Шкада, што гэтыя стаянкі зьнішчаюцца літаральна на вачох”.

На гэтым участку працуе Бярозаўская ПМК-54. Дыспэтчар прадпрыемства Галіна Шпак нагадала пра дэкрэт прэзыдэнта, згодна зь якім пачынаецца рэканструкцыя Агінскага каналу ў мэтах разьвіцьця экалягічнага турызму. Суразмоўца была засмучаная, што археолягі патрабуюць спыніць працу:

(Шпак: ) “Прыпынілі. Майстар паехала на іншых аб''ект. Пакуль спынілі”.

Сьвяціца – найбольш аддаленая вёска ў Ляхавіцкім раёне. Мясцовы жыхар Іван Кухта даводзіць, што яна магла б завабіць турыстаў менавіта сваім архаічным выглядам ды існуючымі сярод балота курганамі. Адносна прэзыдэнцкай праграмы мае сумневы:

(Кухта: ) “Сродкі выдаткаваныя прэзыдэнтам для разьвіцьця замежнага турызму. Сьвяціцу гэта праект наўрад ці абудзіць. СПК (былы калгас) ужо скарацілі. Працы людзям няма. Ды гэта ж ня ў нас, а на возеры турызм будзе”.

Далей праблемную сытуацыю абмяркоўваем зь намесьнікам старшыні Ляхавіцкага райвыканкаму Ўладзімерам Гурскім:

(Гурскі: ) “Я выяжджаў, бо мяне таксама зацікавіла. Таму перапыненая пакуль уся праца. Нават калі выконваць праграму вясковага турызму, то трэба прадугледзяць, каб у таго ж самага турыста была магчымасьць паглядзець і на гэтыя стаянкі”.

Але ці ўдасца новаму будаўніцтву абмінуць сівыя курганы? Пытаньне застаецца адкрытым. Уладзімер Гурскі зусім нядаўна далучаны да “вэртыкалі”. Гаворыць, што ня мае досьведу не выконваць рашэньні вышэйшага кіраўніцтва.

(Гурскі: ) “Я тут новы чалавек, толькі адзін месяц працую на гэтай пасадзе. Праўду ўсю сказаць не магу. Усё адбываецца на ўзроўні вышэйшых органаў й арганізацыяў”.

Паводле супрацоўнікаў інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, больш за тысячу курганоў й старажытных стойбішчаў былі зьнішчаныя ў выніку мэліярацыі і будаўнічых працаў у Беларусі.
XS
SM
MD
LG