Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эвакуаваныя беларусы скардзяцца на сваіх і расейскіх дыпляматаў (фота)


Валер Каліноўскі, Менск 170 уцекачоў, грамадзян Беларусі і грамадзян Лібану, якія маюць від на жыхарства ў Беларусі, сёньня былі эвакуаваныя з зоны канфлікту на Блізкім Усходзе. Раніцай яны прыляцелі ў Беларусь чартэрным рэйсам “Белавія” з Дамаску. У Менску іх сустракалі родныя і машыны “хуткай дапамогі”, але дапамога нікому не спатрэбілася, хаця, са словаў уцекачоў, пераезд у Сырыю і знаходжаньне ў Дамаску былі вельмі цяжкімі. Сярод эвакуаваных пераважалі жанчыны, было таксама 38 дзяцей, зь іх 9 – немаўляты.

Рэйс з Дамаску суправаджаў прадстаўнік “Лібанскіх авіяліній” у Менску Кандагджы Басэм. Ён паведаміў, што аэрапорт у Дамаску цяпер перагружаны, колькасьць рэйсаў там павялічылася ў 10 разоў, бо адтуль цяпер накіроўваецца шмат самалётаў зь лібанскімі ўцекачамі, таму беларускі рэйс і затрымаўся на тры гадзіны.

(Басэм: ) “Усе здаровыя, дзякаваць Богу, я не пакінуў ніводнага пасажыра там, грамадзяне Беларусі ўсе прыляцелі з Дамаску – 170 пасажыраў”.

Бясплатна прыляцелі толькі 8 пасажыраў, астатнія павінны былі заплаціць і за пералёт, і за праезд аўтобусным канвоем, арганізаваны ганаровым консульствам Беларусі, з Бэйруту да Дамаску. Гаворыць Вікторыя Немцава, адна з эвакуаваных зь Лібана беларускіх турыстак:

(Немцава: ) “Квіток на самалёт каштаваў 300 даляраў, а аўтобус – 85 даляраў. Кармілі нас бясплатна, начавалі мы ў кляштары”.

Вера Бандарук прыехала ў Беларусь зь сям’ёй, яна кажа, што зь цяжкасьцю здолела сабраць грошы на эвакуацыю сярод лібанскіх родзічаў мужа. Самым цяжкім яны лічыць пэрыяд няпэўнасьці, калі цэлы тыдзень ані беларускія, ані расейскія дыпляматы ў Бэйруце й Дамаску на ўсе звароты да іх нічога пэўнага адказаць не маглі.

(Бандарук: ) “Вельмі доўгі час мы сядзелі, як у аблозе, ня ведалі, што прадпрыняць, гэта было самае страшнае для нас, ці то рухацца зь сям’ёй адтуль, ці то заставацца на месцы. Першымі патэлефанавалі з амбасады Ўкраіны, прапанавалі эвакуацыю ў Севастопаль. Але гэта нас не задавальняла, бо ў нас у сям’і малое дзіця і цяжарная”.

Вера Бандарук кажа, што да Дамаску яе сям’я дабіралася самастойна, сырыйскія таксісты патрабавалі шмат грошай, за просьценькі гатэль давялося плаціць 80 даляраў. Яна чула, што МЗС Беларусі прапанаваў кампэнсаваць расходы на эвакуацыю сваіх грамадзянаў з Блізкага Ўсходу, і зазначыла, што вельмі разьлічвае на гэта.

Іншая грамадзянка Беларусі таксама мае прэтэнзіі да сырыйскіх таксістаў і беларускіх дыпляматаў:

(Уцякачка: ) “Каб узяць таксі, мы 500 даляраў плацілі, хаця ў звычайны час гэтая паездка на 40 кілямэтраў да Дамаску каштуе 10 даляраў. Людзі нажываліся на чужым горы, прычым свае… Рэспубліка Беларусь недастаткова праявіла ўвагу да сваіх грамадзян. Няма ніякай арганізацыі менавіта ў самім Лібане”.

Але большасьць эвакуаваных перш за ўсё выказвала радасьць, што ўдалося вырвацца з зоны канфлікту.

У Лібане застаецца яшчэ каля 80 беларускіх грамадзян. Для іх будзе арганізаваны яшчэ адзін рэйс з Дамаску – 26 ці 30 ліпеня.







Гл.таксама: Беларускія ўцекачы зь Лібану: “Усе, хто можа, адтуль зьяжджаюць…” Самалёт зь беларускімі ўцекачамі прыбыў з Дамаску ў Менск
XS
SM
MD
LG