Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Можа, не прэзыдэнт патрэбен, а нейкая іншая сыстэма?"


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за пятніцу, 21 ліпеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні па нумары 391-22-24.

(Валянцін Кавальчук зь вёскі Вялікая Гаць Івацэвіцкага р-ну Берасьцейскай вобл.: ) "Мой хатні тэлефон: ... Справа наступная. 31 сьнежня 2005 года прыкладна ў 10 гадзін вечара ў мяне пачаўся страшэнны гул у хаце, ажно сьцяна вібрыравала. І гэты гул ішоў ад слупа электрычнасьці, там, дзе радыёправады. Нават пад шчытком з двара было чутна. Магчыма, гэта было зьвязана з марозам. Але справа ў тым, што незразумела, калі. Пастаянна ў вечары дзесьці на працягу больш 20 дзён гэта адбывалася. Увечары і часткова ноччу. Але што дзіўна, я тэлефанаваў электрыкам некалькі разоў. Толькі яны прыяжджаюць, няма гулу ніякага. Вось разы тры прыяжджалі, і гулу не было. Мне замянілі правады, дык ужо толькі трошкі гуло, а потым і зусім перастала. Ну, дык і я супакоіўся. Але вось дзесьці ў чэрвені ў 20-х чыслах гул зьявіўся зноў. Не такі моцны, але чутно было толькі ў хаце. Вось я напісаў зноў электрыкам у Менск. Зноў прыяжджаюць электрыкі да мяне, і ніякага гулу таксама. Я ня ведаю, з чым гэта зьвязана. Можа, вы мне дапаможаце. Гэта сувязь ці электрычнасьць, ці нешта іншае? Вось калі прыяжджалі правяраць, у мяне няма ніякага гулу. Звычайна гэты гул адбываецца толькі позна ўвечары ці ноччу. І ўдзень калі-нікалі. Раней я зімой заўважаў, што як толькі я пайду з хаты, а потым вярнуся, няма гулу. А праз хвілін пяць гул пачынаецца зноў. Дзякую за ўвагу".

(Анастас Семяновіч: ) "Шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Чаго родная Беларусь дасягнула за дванаццаць год разумнага кіраўніцтва? Адказ вельмі кароткі: нічога станоўчага няма. Канечне, лукашысты з гэтым не пагодзяцца і пачнуць лепятаць, што вайны няма. Пэнсіі, акрамя ваякаў, жабрацкія, на якія вельмі цяжка пражыць аднаму чалавеку. Я дванаццаць год таму казаў, што наш народ да прэзыдэнта не дарос. Павінна быць вельмі высокая культура, як у Эўропе ці ў прыбалтаў. У нас бліжэйшыя мінімум дваццаць-трыццаць год прэзыдэнта не павінна быць, толькі парлямэнцкая рэспубліка. Парлямэнт выбірае народ, але не такі, як сёньня, калі прызначае прэзыдэнт. Пры ліквідацыі пасады прэзыдэнта вызваляюцца агромістыя сродкі, якія трэба накіраваць на Чарнобыль і на дапамогу галадаючым людзям. За гэтыя гады ліквідаваны незалежны друк – лукашыстам аб’ектыўная інфармацыя не патрэбна. Ім вельмі падабаецца хлусьня. І яшчэ можна прывесьці шэраг адмоўных прыкладаў. Жыве Беларусь!"

(Спадарыня: ) "Пад пытаньнем, як палепшылася ці пагоршылася жыцьцё за апошнія дванаццаць год, вы маеце на ўвазе пэрыяд праўленьня Лукашэнкі. Цікава пачуць адказы. На гэта пытаньне будуць адказваць слухачы “Свабоды”, а яны ў сваіх тэлефанаваньнях і лістах ужо выказваліся. Я хачу падзяліцца сваімі ўражаньнямі, прыглядаючыся да свайго асяродку. Часу вольнага шмат, бо даўно ўжо на пэнсіі. Бачна, што ў матэрыяльным пляне многія людзі задаволеныя. Заходжу ў краму і бачу, што маладзейшыя пакупнікі набіраюць поўныя кошыкі ўсялякіх прадуктаў, нават нягледзячы на цэны. Для мяне ж тыя цэны вельмі кусаюцца. І такіх людзей шмат. У нашым доме ўжо большасьць зрабілі эўрарамонт, таксама жывуць добра, грошы маюць. Машын у дварах з кожным днём прыбаўляецца. Але бачу і іншае, калі сутыкаюся з такімі ж пэнсіянэрамі, як сама. Шукаюць на базары, дзе што дзешавей купіць. Зьбіраюць бутэлькі, і потым гадзінамі прастойваюць каля пункту прыёму шклатары. Слухала ўчора ў начным эфіры Вінцэся Мудрова, і ён распавядаў якраз пра шклатару. Тое ж адбываецца і цяпер. Так што для простага народу нічога не зьмянілася. І я зрабіла такія высновы для сябе, што нічога не залежыць ад кіраўніка дзяржавы. А сыстэма як была, так і застаецца. Можа, не прэзыдэнт патрэбен, а нейкая іншая сыстэма? Разумных людзей шмат. Хай думаюць над гэтым, час ёсьць".

(Спадар: ) "Слухаў я зараз выступ вашай стылісткі. Ну такі наіўны дзіцячы лепет на лужку! Але што цікава, нават тут вы знаходзіце і параўноўваеце нашых чыноўнікаў і апазыцыю. Вось чыноўнікі ня так гальштук, ня так тое, а ў апазыцыі ўсё выдатна. Там такія калгасьнікі ў апазыцыі, яны насіць нічога ня ўмеюць. Страшныя, як сьмерць. А вы іх нахвальваеце і гэтак далей. Вось наколькі ангажаваныя вы і дурныя. Нават і ў сфэры літаратуры. Вось Фолкнэр, калі вы ведаеце, на пытаньне пра тры найлепшыя ў сьвеце творы адказаў: “Ганна Карэніна”, “Ганна Карэніна” і “Ганна Карэніна”. Вось як. А вы нашай рускай літаратуры не паважаеце, яна наша, таму што мы з аднаго гнязда выйшлі, і па крыві і па мове – усё нашае, толькі тут больш на вясковай мове, а не на той, якая раней была, Пушкін яе больш сучаснай зрабіў. Вось і ўсё. А вы нам даяце нейкую замагільную, дзікую літаратуру. Такі ў вас густ, што вы людзям даяце самыя горшыя ўзоры. А лепшае вы недзе на задворках трымаеце. Гэта таму, што вы дзікія, нявыхаваныя людзі і ніколі імі ня будзеце. І проста выконваеце волю Амэрыкі, і таму вы ўсё робіце за грошы Амэрыкі. Якія вы беларусы? І якое вы там беларускае радыё на беларускай мове? Але вы мне прабачце, тут гэтым і ня пахне, таму што беларусы – інтэрнацыяналісты".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG