Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Менская паштова-тэлеграфная кантора за чэрвень месяц адшукала больш як 50 радыё-зайцаў. Радыё-зайцы прыцягнутыя да адказнасьці” (1926)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі ў мінулыя гады беларускія газэты 21 ліпеня.

“Звезда”, 1926 год. Пра радыё ў Менску:

“Цяпер у Менску і акрузе налічваецца да 2000 радыёаматараў. У мінулым паўгодзьдзі колькасьць радыёаматараў не перавышала 600—700 чалавек. Беларускае т-ва “Сяброў Радыё” плянуе ў найбліжэйшы час абсталяваць у Менску сваю станцыю адпраўкі для сувязі з акруговымі арганізацыямі. Станцыя будзе працаваць на кароткіх хвалях. Менская паштова-тэлеграфная кантора за чэрвень месяц адшукала больш як 50 радыё-зайцаў. Радыё-зайцы прыцягнутыя да адказнасьці”.

“Рабочий”, 1936 год:

“Радыёслухачам гэты аркестар вельмі добра вядомы па грамафонных кружэлках з маршамі, песьнямі, якія выконвае джаз “Вайнтраўб-Сінкопатарс”. Цяпер гэты амэрыканскі джаз, які гастралюе ў Савецкім Саюзе, прыяжджае да нас у Менск. 25 ліпеня джаз выступіць у дзяржцырку… Ансамбль выступае без дырыгента. Кожны выканаўца грае на некалькіх інструмэнтах. Гэта дае магчымасьць ансамблю з 7 чалавек іграць больш чым на 35 інструмэнтах”.

“Народная Воля”, 1996 год. Артыкул “Ці схопяць Пазьняка на граніцы?” А.Драбчука:

“У 60-м нумары нашай газеты была змешчана карэспандэнцыя на такую тэму. Пазваніў адзін чытач, які расказаў, што яго добры знаёмы служыць на граніцы каля Брэста. Дык вось, азнаёміўшыся з публікацыяй ў “Народнай волі”, ён пацвердзіў, што бачыў спіс з трыма прозвішчамі, якіх трэба затрымаць пры перасячэнні граніцы. Другім у спісе Навумчык, трэцім — Пазьняк, а хто першы — не помніць”.
XS
SM
MD
LG