Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вялейскі “Антэй” падае сыгнал SOS


Радыё Свабода Станцыя вайсковага сачэньня блізу Вялейкі будзе альбо мадэрнізаваная, альбо зьліквідаваная. Збудаваная больш за сорак гадоў таму, радыёстанцыя “Антэй” марскога флёту Расеі састарэла як тэхнічна, так і маральна, і, калі не зрабіць тэрміновых захадаў, яна ператворыцца ў грувасткі помнік савецкаму вайскова-прамысловаму комплексу. Між тым у Міністэрстве абароны Беларусі гавораць, што прадпрымаць нічога не зьбіраюцца, паколькі ў студзені 1995 году вялейская станцыя разам з 650 гектарамі зямлі на 25 гадоў перададзеная ва ўласнасьць Расеі – без аплаты арэнды і падаткаў.

Калі да сярэдзіны 1980-х на ўдасканаленьне сыстэмы інфармаваньня выдаткоўваліся немалыя сродкі, то апошнія 20 гадоў “Антэй” працуе на старых рэсурсах. У часе вучэньняў “Шчыт Саюзу-2006” са спасылкай на камандзіра часткі Ўладзімера Кузьняцова, які кіруе станцыяй амаль 20 гадоў, дзяржаўныя СМІ напісалі: калі мадэрнізацыя ня будзе праведзеная, станцыю трэба закрываць. Капітан І рангу Кузьняцоў не такі катэгарычны:

(Кузьняцоў: ) “Мы ў мадэрнізацыі маем патрэбу, але ў нас дастаткова сродкаў і запчастак, каб мы маглі некалькі гадоў яшчэ працаваць. Тэхніка пакуль што працуе нармальна, даюць запчасткі, сродкі, каб пакуль што працаваць”.

Прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі Вячаслаў Раменьчык удакладняе, што беларускае ведамства ня мае да радыёстанцыі ўжо ніякага дачыненьня.

(Раменьчык: ) “Гэта аб’ект Узброеных Сілаў Расейскай Фэдэрацыі, разьмешчаны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Таму ўсе пытаньні мадэрнізацыі, удасканаленьня – гэта трэба зьвяртацца ў Міністэрства абароны Расеі. Яны, натуральна, працуюць і ў інтарэсах Расейскай Фэдэрацыі, і Рэспублікі Беларусь, але ўсё, што тычыцца тэхнічнага складніка, дык гэта ўсё прэрагатыва расейскага Міністэрства абароны”.

Высачэнныя вышкі Вялейскай радыёстанцыі “Антэй” відаць на дзясяткі кілямэтраў навокал, ужо 40 гадоў гэта звыклы элемэнт мясцовага пэйзажу. Гэта 15 пэрыфэрыйных мачтаў і тры 270-мэтровыя цэнтральныя, якія трымаюць 900-тоннае антэннае палатно плошчай 400 гектараў. Аднак колісь па самым вялікім рахунку засакрэчаны аб’ект даўно не выконвае перашапачатковых задач. У Міністэрстве абароны Расеі адкрыта не гавораць, ці будуць выдаткаваныя сродкі на рэканструкцыю “Антэя”, спасылаючыся на стратэгічны статус станцыі. Вядома толькі, што расейскае камандаваньне падоўжыла эксплюатацыю аб’екту на пяць гадоў. Вось што сказаў прадстаўнік расейскага абароннага ведамства Юрый Хведчын:

(Хведчын: ) “Самі зразумейце – пытаньне досыць спэцыфічнае, патрабуюцца кансультацыі кампэтэнтных людзей, якія валодаюць сытуацыяй. І мы давайце адразу абгаворым: калі гэтыя пытаньні ня маюць вялікай сакрэтнасьці, мы, натуральна, вам дапаможам”.

Падобны аб’ект падчас існаваньня СССР працаваў у Латвіі, аднак у сярэдзіне 1990-х на патрабаваньне латвійскага ўраду станцыя ў Скрундзе была зьліквідаваная, а расейскі вайсковы пэрсанал працаўладкаваны ў Ганцавічах, дзе высілкамі беларускіх уладаў быў здадзены даўгабуд Міністэрства абароны СССР. Ці не атрымліваецца, што насамрэч радыёлякацыйная станцыя ў Ганцавічах і вялейскі “Антэй” толькі дублююць адно аднаго? Гаворыць Уладзімер Кузьняцоў:

(Кузьняцоў: ) “Яна выконвае свае функцыі, абсалютна іншыя. Таму яны нават у іншых родах войскаў. Мы для флёту працуем, а яны для космасу, касьмічных войскаў. Таму мы, як кажуць, толькі сябруем. Паколькі і яны, і мы знаходзімся на беларускай зямлі”.

Галоўнай задачай Вялейскай радыёстанцыі, збудаванай у 1964 годзе, была перадача падводнаму і надводнаму флётам сыгналу ў выпадку ядзернай атакі.
XS
SM
MD
LG