Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысаўскай моладзі дапамагае працаўладкавацца “Правінцыя”


Радыё Свабода У Барысаве змагацца з моладзевым беспрацоўем пачало грамадзкае аб’яднаньне “Правінцыя”. Галоўная ўвага скіраваная на выпускнікоў школ і прафэсійна-тэхнічных вучэльняў.

У Барысаве каля трох дзясяткаў сярэдніх школ і прафэсійна-тэхнічных вучэльняў. Апроч іх, ёсьць тут яшчэ й палітэхнічны каледж. Штогод яны выпускаюць больш за тысячу чалавек. Для тых, хто не зьбіраецца далей вучыцца, паўстае праблема працаўладкаваньня. Як зазначыў барысаўскі юнак Вадзім, гэтая праблема мае тут востры характар.

(Вадзім: ) “Я ведаю, што магчыма ўладкавацца нейкім грузчыкам на рынку. Гэта без вышэйшай адукацыі. А каб уладкавацца на завод, патрэбны блізкія знаёмствы зь іх кіраўнікамі альбо можна там таксама ўладкавацца грузчыкам за 120 тысяч рублёў, на якія нельга пражыць. Мой знаёмы, які скончыў ПТВ №202 у нашым горадзе, хадзіў у цэнтар занятасьці, і яму там не змаглі знайсьці працу па спэцыяльнасьці. Праблема гэтая існуе ў нас, людзі ходзяць, і няма ім чым займацца”.

Паводле мясцовай статыстыкі, праблемы з працаўладкаваньнем у першы год пасьля заканчэньня адукацыі маюць у Барысаве каля 70% выпускнікоў школ і вучэльняў. Дапамагчы ім вырашыла грамадзкае аб’яднаньне “Правінцыя” –незалежная арганізацыя, якая дзейнічае на Барысаўшчыне. Старшыня аб’яднаньня Алена Аўтушка так патлумачыла гэтую ініцыятыву.

(Аўтушка: ) “Такая праблема ў Барысаве існуе. Дэ-юрэ іх павінны прымаць на працу дзяржаўныя прадпрыемствы. Але дэ-факта так не адбываецца. Недзе для 60 маладых людзей, якія ня маюць працы ці якія маюць нейкую працу, але хочуць нечага лепшага, мы ладзім трэнінгі па эфэктыўным пошуку працы. Яны ўключаюць навыкі па праходжаньні суразмовы з працадаўцам, усялякія тэхнічныя рэчы, якія неабходна ведаць і выконваць, калі ты шукаеш працу ці знайшоў нейкае месца і ўдзельнічаеш у конкурсе. Ужо ёсьць водгукі ад нашых удзельнікаў, што яны пасьля гэтых трэнінгаў адчуваюць сябе больш упэўнена, калі размаўляюць з працадаўцам. Яны лепш умеюць арыентавацца на рынку працы – ведаюць, куды пайсьці, з чым пайсьці, як размаўляць”.

Паводле Алены Аўтушкі, дапамога “Правінцыі” ў Барысаве ўключае й практычную стажыроўку беспрацоўнай моладзі. Як правіла, такая стажыроўка адбываецца на недзяржаўных прадпрыемствах, у прадпрымальніцкіх структурах. Інга Дуброўская – адна з тых, хто зьвярнулася па дапамогу ў “Правінцыю”.

(Дуброўская: ) “У дадзены момант афіцыйна я – беспрацоўная. Разьвіцьцю маіх асабістых якасьцяў паспрыяла “Правінцыя” – уменьню гаварыць зь людзьмі, аналізаваць. Тут вучаць таму, чаму не навучаюць у школе, пра што не гавораць бацькі”.
XS
SM
MD
LG