Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Начная аБЛОГа" – 20 ліпеня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту.

Сталічныя сьвятлафоры пераходзяць на новы рэжым працы – такую навіну можна знайсьці на сайце Менгарвыканкаму. Звычайна дазвольны сыгнал для пешахода гарыць прыкладна 20 сэкундаў. Яшчэ тры сэкунды доўжыцца зялёнае мільгаценьне. Паводле новай сыстэмы, працягласьць асноўнага сыгналу – толькі 5 сэкундаў, і 15 сэкундаў сьвятлафор “падміргвае” пешаходу. Такім чынам, пазначана на сайце, будзе значна зьніжаная аварыйнасьць, бо калі зялёнае сьвятло міргае, звычайна ніхто не пачынае пераходзіць дарогу.



У суполцы сайту блогаў “Жывы журнал” minsk_by менчукі змрочна жартуюць – акурат пра сьвятлафор. Адзін з чальцоў суполкі піша: “На скрыжаваньні Валгаградзкай і Кнорына стаіць сьвятлафор для сьляпых кіроўцаў. Гукавы сыгнал у яго ўключаецца, калі пешаходам гарыць чырвонае сьвятло”. “Гэта сьвятлафор для зьмяншэньня колькасьці пешаходаў, напэўна…” – заўважае іншы наведнік.

Наведнікі парталу TUT.by абмяркоўваюць артыкул “Гарбачоўскі “сухі закон” замаячыў у Беларусі”. Яны змрочна жартуюць, але зь іншай нагоды – Міністэрства ўнутраных справаў падрыхтавала праект прэзыдэнцкага ўказу, скіраванага на дэалькагалізацыю насельніцтва. Гэты праект дакумэнту ўжо параўноўваюць са славутым гарбачоўскім указам для пераадоленьня алькагалізму, які быў падпісаны ў 1985 годзе. Вось камэнтары ўдзельнікаў форуму:

“Усе на піва, пакуль ня позна!”

“Дык электарат жа ж працьверазее, і з Рэспублікай Беларусь будзе тое ж самае, што з СССР!”

“Зьнікне цукар. Наагул усё гэта будзе нагадваць стан пэрманэнтнага рамонту аўтадарог”.

“Паціху… уздымаць кошт на алькаголь акцызамі (на гарэлку). І наадварот – на добрыя культурныя напоі здымаць акцызы. Каб народ пераходзіў на малаградусныя напоі. Але гэта трэба рабіць паціху. А ня вось так – забараніць, расстраляць…”

* * * Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG