Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом: шклатара


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

За савецкім часам практычна ўсе напоі прадаваліся ў шкляным посудзе, і здаць яго потым было вялікай праблемай. Звычайна, перад тым як несьці шклатару на пункт прыёму, бегалі спраўджваць, ці прымаюць бутэлькі. Потым таропка клалі посуд у сеткі і подбегам, з гучным бразгатам, выбягалі з кватэры. Сьпяшацца было з чаго: пакуль падбяжыш да пункту прыёму, там можа зьявіцца абвестка: “Бутэлькі не прымаем. Няма тары”. Пісаліся абвесткі на абрыўку абгортачнай паперы і падпісваліся гучным словам “Адміністрацыя”.

Наагул, бутэлькі прымалі далёка ня ўсе. З-пад імпартнага віна ня бралі зусім, з-пад шампану і аб’ёмам 0,7 літра калі й бралі, дык вельмі рэдка. Самымі хадавымі былі паўлітровыя бутэлькі. За іх давалі 12 капеек.

Прыёмшчыца ўважліва правярала кожную бутэльку, тыцкаючы пальцам у бутэлечнае рыльца. Калі рыльца хоць крыху вышчарблена – адстаўляла бутэльку ўбок. Падазроныя пляшкі нюхала. Калі якая пахла самагонкай – таксама адстаўляла. Да сярэдзіны шасьцідзясятых самую папулярную тады “Маскоўскую гарэлку” закаркоўвалі з дапамогаю белага сургучу. Яго трэба было шчыгульна абабіць. Ну а ў сярэдзіне сямідзясятых загадалі зьдзіраць з посуду налепкі. Дзеля гэтага поўнілі ванну і запускалі туды бутэлькі. Налепкі адклейваліся і падалі на дно. У каго не было ваннай, тым даводзілася, з мацюкамі на вуснах, скрэбці шклапосуд нажом.

Пунктамі прыёму шклатары былі нягеглыя, сто гадоў не рамантаваныя летнія павільёны, якія стаялі на задніх дварах. Людзі, а зьбіраліся звычайна вялізныя чэргі, стаялі на дварэ і выстаўлялі бутэлькі ў невялічкае акенца. Пункты прыёму былі з трох бакоў застаўленыя паламанымі скрынямі. Я быў сьведкам, як нейкія хлопцы, прачытаўшы аб’яву, што тары няма, прынесьлі з дому цьвікі з малаткамі і давялі да ладу некалькі скрыняў. За гэта прыёмшчыца ўзяла іхны посуд.

Вялікай праблемай было й здаць слоікі. Асабліва малой ёмістасьці. Аднойчы, у чарзе ля пункту прыёму, я стаў сьведкам размовы, якая кардынальна зьмяніла мае кулінарныя густы. Адна зь цётак прынесла здаваць слоікі з-пад маянэзу, і яе знаёмая, скасіўшы на іх вока, паведаміла:

– А я маянэзу ніколі не бяру. – Чаму? – запыталася ўладальніца слоікаў. – У іх мачу здаюць. А потым мэдсёстры мыюць ды сюды прыносяць.

Пасьля той размовы я таксама не ўжываю маянэзу.

Праблема здачы бутэлек падымалася ў друку. Пра тое пісала нават “Литературная газета”. На той час гэта цягнула на палітычнае вальнадумства. Відаць, развал Саюзу і пачаўся з праблемных артыкулаў пад назваю “Дзе здаць шклатару?”.
XS
SM
MD
LG